Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры сталіцы адбылася масавая акцыя аўтамабілістаў «Стоп-бэнзін»



22:00 На Кастрычніцкай плошчы ўздоўж праспэкту стаяць людзі і вітаюць воклічамі машыны, у адказ аўтамабілісты сыгналяць. Машыны, што заварочваюць у бок рэзыдэнцыі, суправаджаюць сьвістам. У раёне працягваюць дзяжурыць некалькі аўтазакаў.

21:00 Затрыманы ўдзельнік акцыі «Стоп- бэнзін»

Рух на праспэкце Незалежнасьці ў Менску паволі пераходзіць у звычайны рэжым, а ўдзельнікі акцыі «Стоп-бэнзін» разьяжджаюцца. Паводле папярэдняй інфармацыі, на найбольш актыўных пратэстоўцаў складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне правілаў дарожнага руху. У пераважнай бальшыні за налепкі «Мы супраць падвышэньня цэнаў на паліва». А таксама за тое, што кіроўцы спыняліся ў розных палосах руху, адчынялі капоты і багажнікі і даставалі пустыя каністры, каб паказаць, што ў іх скончыўся бэнзін. Таксама, паводле «Інтэрфаксу», затрыманы адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту.

Многія актывісты, якія арганізавалі акцыю, асьцерагаючыся прэвэнтыўных затрыманьняў, мусілі хавацца яшчэ з раніцы, адключыўшы свае мабільныя тэлефоны. Дзьве папярэднія акцыі скончыліся затрыманьнем аднаго зь лідэраў грамадзкага аб’яднаньня «За аўто» Арцёма Шаркова.

20:20 Рух на праспэкце Незалежнасьці ў Менску то спыняецца, то аднаўляецца наноў. Аўтамабілі рухаюцца з малой хуткасьцю, спыняюцца. Аўтаўладальнікі выходзяць і адчыняюць капоты. Машыны сыгналяць, да іх далучыліся матацыклісты, якія паволі рухаюцца ў калёне і сыгналяць. Шмат людзей сочаць за падзеяй, здымаюць на мабільныя тэлефоны.

Акцыю «Стоп-бэнзін» арганізаваў аргкамітэт руху «За аўто» ў зьвязку з павышэннем цэнаў на паліва.

Відэа — «Наша ніва»

20:00 На праспэкце Незалежнасьці ў Менску ў гэтыя хвіліны праходзіць акцыя пратэсту кіроўцаў аўтамабіляў супраць падвышэньня цэнаў на паліва. Як паведамляюць карэспандэнты Свабоды, паралізаваны рух у абодвух кірунках праспэкту ад плошчы Якуба Коласа да Галоўпаштамту. Некторыя аўтаўладальнікі-пратэстоўцы спынілі машыны, уключылі сыгналізацыю, паднялі капоты, многія сыгналяць. Іх вітаюць мінакі, якія зьбіраюцца ўздоўж праспэкту.

Супрацоўнікі ДАІ спрабуюць аднавіць рух, але не даюць рады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG