Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ГОРАЧА, НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ І ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ – ДАЖДЖЫ...


Уначы 13 – 19 °С, удзень 26 – 32°С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Музычна-гумарыстычны канцэрт фальклёрнай групы “Купалінка” (Менск, вялікая заля Белдзяржфільгармоніі, 19.00).

Паказ швэдзкіх фільмаў апошняга дзесяцігодзьдзя; фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу зь беларускімі субтытрамі (Менск, кінатэатар “Цэнтральны”, 19.00).

Матч кваліфікацыйнага турніру да чэмпіянату Эўропы па гандболе паміж зборнымі Беларусі і Даніі (Менск-арэна, 21.15).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Вене пачнецца Сусьветны эканамічны форум, прысьвечаны Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

У Брусэлі на сустрэчу зьбяруцца міністры абароны 28 краінаў НАТО.

У турэцкім Кайсэры прадстаўнікі міністэрстваў энэргетыкі Аўстрыі, Баўгарыі, Вугоршчыны, Румыніі і Турэччыны падпішуць пагадненьне аб падтрымцы праекту газаправоду “Набука”.

У аўстралійскім Сыднэі стартуе штогадовы кінафэстываль.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Сусьветны дзень акіянаў.

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1656 годзе беларускі асьветнік Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч страчвае сваё сьвецкае імя і ператвараецца ў манаха Сімяона, якога кожны беларускі школьнік ведае як Сімяона Полацкага. Асьветнік прыняў манаства, пастанавіўшы цалкам прысьвяціць сябе навуцы, і пасьля ня раз разважаў над тым, ці правільна зрабіў, пазбавіўшы сябе магчымасьці мець сям’ю.

У 1749 годзе Вільня была зьнішчаная пажарам. Сотні дамоў месьцічаў, палацы і бажніцы – усё ператварылася ў вугольле. Гэта быў найбольшы пажар у віленскай гісторыі. Спатрэбіцца 30 гадоў, каб горад адбудаваўся нанова, а яго насельніцтва дасягнула 60-ці тысяч чалавек.

У 1934 годзе ў Савецкім Саюзе быў прыняты закон “Аб здрадзе радзіме”. Дакумэнт прадугледжваў калектыўную адказнасьць усёй сям’і і адчыняў браму ГУЛАГу ня толькі для так званых ворагаў народу, але й для іхных сваякоў, для якіх нават была прыдуманая афіцыйная абрэвіятура – ЧСИР – “член семьи изменника родины”.

У 1949 годзе выйшаў у сьвет знакаміты раман Джорджа Оруэла “1984”, беларускі пераклад якога зьявіцца ў 90-я гады мінулага стагодзьдзя. А ў 1958 годзе ў Беластоку было створана беларускае літаратурнае аб’яднаньне “Белавежа”.

У 1996 годзе ў Барсэлёне прынялі Сусьветную дэклярацыю лінгвістычных правоў. Сучасная афіцыйная практыка ў дачыненьні да беларускае мовы ў Беларусі шматкроць гэтую дэклярацыю парушае ўва ўсіх сфэрах жыцьця – у адукацыі, сродках масавай інфармацыі, у найноўшых тэхналёгіях і сувязі.

Сярод знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 8 чэрвеня ў розныя гады, – вэнэцыянскі кампазытар і скрыпач Тамаз Альбіноні, нямецкі кампазытар Робэрт Шуман і беларускі літаратар і палітык Ігнат Дварчанін.

МІНУС 365:


Ці зьявіцца ў Беларусі калі-небудзь першая лэдзі?

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


У пару агульнага падману гаварыць праўду – гэта рэвалюцыйны акт.
Джордж Оруэл
XS
SM
MD
LG