Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму, нягледзячы на зьніжэньне курсу і падвышэньне цэнаў, крызіс усё ніяк не спыняецца? Калі будзе дасягнуты стан хай і кепскай, але раўнавагі? Наколькі ўнікальная беларуская эканамічная мадэль і наколькі ўнікальны крызіс, які яна перажывае?

Над гэтымі пытаньнямі ў «Экспэртызе Свабоды» разважаюць эканамісты Барыс Жаліба і Сяргей Чалы.

Дракахруст: У Беларусі правялі дэвальвацыю, цэны падвышаныя, вось сёньня -- чарговы раз на паліва. Атрыманы крэдыт ад ЭўрАзЭС, што павінна было б быць успрынята рынкам, як добры сыгнал. А ў эканоміцы адбываецца немаведама што. Я ў дадзеным выпадку маю на ўвазе ня столькі высокія макраэканамічныя матэрыі, колькі простыя, будзённыя рэчы -- даляраў у "абменьніках" як не было, так і няма, цэны працягваюць расьці. Ня тое, каб скокнулі і спыніліся.

Усім зразумела, што немагчыма вярнуцца ў дакрызісны пэрыяд. Але чаму сытуацыя не стабілізуецца на больш кепскім, але раўнаважным узроўні? Чаму яна працягвае пагаршацца, нягледзячы на ўсе меры, якія робіць урад?

Жаліба: Падзеі апошніх дзён паказваюць, што дна крызісу мы яшчэ не дасягнулі, мы яшчэ падаем. Карэнная прычына крызісу ўсім вядомая -- гэта адмоўнае сальда гандлёвага балянсу. Мы неяк спраўляліся з гэтым сальда за кошт зьнешніх пазыкаў. Калі іх па вялікім рахунку ня стала, то мы і перасталі спраўляцца з гэтай сытуацыяй. І гэта трэба было прадбачыць. Урад сёньня пашырыў кола сацыяльна-значных тавараў, на якія абмежаваныя цэны, зрабіў запыт у МВФ па чарговы крэдыт, атрымаў пазыку ад антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС на 800 мільёнаў даляраў, яшчэ адзін транш увосень будзе. Магчыма, гэта сытуацыю трохі закансэрвуе. Але гэтых грошай відавочна недастаткова. Калі будзе дно -- цяжка сказаць.

Трэба як мага хутчэй даць нармальна працаваць пазабіржаваму валютнаму рынку.
Што яшчэ ўрад не зрабіў, і што трэба зрабіць, і аб гэтым гавораць шмат незалежных эканамістаў -- трэба як мага хутчэй даць нармальна працаваць пазабіржаваму валютнаму рынку. Каб там усталяваўся раўнаважны валютны курс. Хай гэты курс будзе нават 10 тысяч рублёў за даляр, хай нават больш, каб за валютай не ганяліся. Ужо пра насельніцтва размова не ідзе, а каб набыць валюту маглі імпартэры. А таксама буйныя экспартэры, якім патрэбная валюта, каб купляць за мяжой камплектуючыя і матэрыялы. Гэта трэба, каб эканоміка пачала нармальна працаваць і гэта стабілізавала б сытуацыю.

Дракахруст: Сяргей, а на ваш погляд чаму, нягледзячы на падвышэньне цэнаў і зьніжэньне курсу, не дасягаецца кропка раўнавагі? Так здаецца, што крызіс дзейнічае, як варонка, і гэтую раўнавагу знайсьці цяжка. Былі абнародаваныя зьвесткі, што ў першай палове году валютныя паступленьні ад беларускага экспарту нават павялічыліся, валюты стала больш. Але яе няма, бо попыт перавышае любую прапанову. Як адзначалі дасьледчыкі савецкай эканомікі, што калі дэфіцыт складае 5%, то тавары зьнікаюць не ў 5% крамаў, яны зьнікаюць паўсюль. Дык калі спыніць круціцца гэты вір?

Чалы: Адмоўнае сальда бягучага рахунку -- гэта таксама сьледзтва, а не прычына. Гэта зьвязана з тым, што ў нас працяглы час быў штучна завышаны курс рубля. За кошт гэтага імпарт быў больш прывабны, чым экспарт. З гэтай жа прычыны атрымалася, што ўзровень дэвальвацыі да 5 тысяч рублёў за даляр аказаўся па-ранейшаму ніжэй за рынкавы, хаця ўжо ня так і далёка. Менавіта таму, што мы не дасягнулі гэтага ўзроўню, мы атрымалі ўсе нэгатыўныя наступствы дэвальвацыі -- рост цэн на імпарт, у прыватнасьці, не атрымаўшы яе перавагі. У эканоміцы гэта як страляніна па мішэні, якая рухаецца, каб у яе патрапіць, нельга страляць з недалётам -- тады яна працягвае бегчы далей.

Дракахруст: Сяргей, у мяне такое дзіцячае пытаньне. Вы кажаце, што курс быў завышаны. Але тады ён быў завышаны і ў леташнім сьнежні, і ў верасьні, і ў чэрвені. Але жылі, бяды ня ведалі. Не было чэргаў па даляры пры курсе 2 тысячы зь нечым. А зараз 5 тысяч -- і няма. Чаму?

Чалы: Яе няма, бо яе забаранілі прадаваць камэрцыйным банкам. А забаранілі таму, што яе зараз спрабуюць разьмяркоўваць сярод вузкага кола спэцімпартэраў. У выніку дэвальвацыйныя чаканьні ня зьнятыя, попыт аказваецца ажыятажным і ён перавышае той, які быў бы ў нармальнай сытуацыі. Там і па цэнах атрымліваецца дзіўная рэч. Усе разумеюць, што раўнаважны ўзровень курсу не дасягнуты, і баючыся таго, што курс скокне далей, імпартэры аўтаматычна закладаюць у цэны той курс, які насамрэч вышэй, чым быў бы курс раўнавагі.

Нацбанк баіцца здымаць абмежаваньні на валютным рынку.
З 2006 году ўвесь наш рост фінансаваўся за кошт зьнешняга сэктару -- гэта ці рост зьнешняй запазычанасьці, ці прамыя замежныя інвэстыцыі (але гэта кропля ў моры), ці страта нашых рэзэрваў, што мы і назіралі. Калі Нацбанк у сакавіку-красавіку змагаўся зь непазьбежным, ён страціў столькі рэзэрваў, што зараз баіцца здымаць абмежаваньні на валютным рынку, бо зразумела, што надта вялікі адкладзены попыт на валюту як з боку насельніцтва, гэтак і з боку фірмаў.

Дракахруст: Калі стваралася беларуская эканамічная мадэль, то падкрэсьлівалася яе ўнікальнасьць, адрозьненьне ад суседзяў, дзе пад дудку Вашынгтону і МВФ праводзіліся "антынародныя рэформы". А Беларусь захавала заваяваньні сацыялізму, захавалі нашу буйную прамысловасьць і ўсё ў нас было выдатна. Наколькі ўнікальнай была беларуская мадэль і наколькі ўнікальны крызіс, які зараз перажывае гэтая мадэль?

Унікальнасьць беларускай мадэлі ў тым, што яна будавалася на танных расейскіх энэрганосьбітах.
Жаліба: У чым унікальнасьць беларускай эканамічнай мадэлі? Перш за ўсё ў тым, што яна будавалася на танных расейскіх энэрганосьбітах.

Дракахруст: Але апалягеты беларускай мадэлі заўважаюць, што для беларускай эканомікі расейскія энэрганосьбіты былі не таньней, чым для расейскай. Але самой Расеі гэтыя танныя энэрганосьбіты вялікага шчасьця не прынесьлі, Расею трэсла, у Расеі былі цяжкія рэформы і крызісы. Ёсьць разьлікі: расейскі энэргетычны "грант" Беларусі склаў прыкладна 15-20% беларускага ВУП. Гэта шмат, але гэта ня 80% і нават не 50%. Так што магчыма і ня варта ўсё сьпісваць на гэты грант.

Жаліба: Усё ня варта, але я лічу, што гэта адзін з важных чыньнікаў. Бо і сёньня мы плацім за газ дзесьці 250 даляраў за тысячу кубамэтраў, Украіна -- 270 даляраў, краіны Балтыі -- яшчэ больш, Польшча наагул 400. Бяда і расейскай эканомікі, што яна карыстаецца цэнамі на энэрганосьбіты больш нізкімі, чым сусьветныя.

Яшчэ адна прычына -- што ў нас экспарт аднабокі. Каля траціны валютных паступленьняў мы атрымліваем ад экспарту нафтапрадуктаў, і працэнтаў 10-12% -- ад экспарту хлоркалія. Мы адстаем у тэхнічнай і тэхналягічнай базе.

Дракахруст: Сяргей, а якія вашы адказы на пытаньні -- ці ўнікальная беларуская мадэль і ці ўнікальны крызіс яе напаткаў? Крызіс перажываюць розныя краіны. Але рэакцыя іх эканомік на крызіс -- спад. А паводле апошніх лічбаў Беларусь і сёлета -- лідэр сярод краін СНД паводле тэмпаў росту прамысловай вытворчасьці. Крызіс, валюты няма, а вытворчасьць расьце неймавернымі тэмпамі.

Гэта -- клясычная лацінаамэрыканская мадэль.
Чалы: Гэта клясычная лацінаамэрыканская мадэль, якая апісаная ў кнізе Рудыгера Дорнбуша і Себаст'яна Эдвардса "Макраэканоміка папулізму ў Лацінскай Амэрыцы". Да ўлады прыходзіць умоўны Альендэ, сацыяліст, які пачынае займацца масавым пераразьмеркаваньнем у межах бюджэту і дзяржпраграмаў валютнай выручкі высокадаходных прадпрыемстваў. Па меры таго, як гэтыя інвэстыцыі растуць, расьце дабрабыт. Праўда, пачынаюць нарастаць дысбалянсы, але іх да часу не заўважаюць. У нейкі момант гэтыя дысбалянсы робяцца няўстойлівымі. Стандартны сацыялістычны адказ -- гэта ўжываньне мер дзяржрэгуляваньня, напрыклад, абмежаваньне росту цэнаў. Гэта вядзе да дэфіцыту, а ўрэшце -- да эканамічнага краху. У Лацінскай Амэрыцы гэты цыкль завяршаецца, калі ўмоўны Піначэт вельмі хутка вырашае пытаньне з умоўным Альендэ, і стабілізацыя эканомікі адбываецца паводле вельмі правалібэральных рэцэптаў пры дапамозе ваеннай хунты.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG