Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ аднаму асуджанаму за падзеі 19 сьнежня, Дзьмітрыю Буланаву, вызначылі месца адбыцьця пакараньня. У якіх калёніях будуць адбываць свае тэрміны ўдзельнікі Плошчы, чым адметныя гэтыя калёніі і што ў іх агульнага?

Надзея — сяброўка Дзьмітрыя Буланава, асуджанага на 3 гады калёніі за некалькі ўдараў па дзьвярах Дому ўраду 19 сьнежня. У апошнім слове Дзьмітры Буланаў назваў яе сваёй будучай жонкай, але судзьдзя Людміла Грачова гэтаму, відаць, не паверыла. Калі 6 чэрвеня Надзея зьвярнулася да судзьдзі з просьбай дазволіць спатканьне зь Дзьмітрыем, тая сказала, што яна асуджанаму – "ніхто". 7 чэрвеня Надзя паведаміла "Свабодзе", што заўтра Дзьмітрыя маюць этапаваць у адну з калёній, але яна ня ведае, у якую. У якія калёніі ўжо трапілі ці трапяць асуджаныя за Плошчу?

Пакуль у гэтым сьпісе 8 калёніяў. У шклоўскай знаходзіцца Дзьмітры Новік і туды ж плянуюць накіраваць Міколу Статкевіча, у Воршы адбывае пакараньне Васіль Парфянкоў, у "Віцьбе-3" пад Віцебскам — Алесь Атрошчанкаў, у наваполацкай калёніі ўжо сядзіць Мікіта Ліхавід, туды ж зьбіраюцца накіраваць Андрэя Саньнікава. Зьмітра Бандарэнку, паводле зьвестак, заплянавалі этапаваць у "Магілёў-15", Арцёма Грыбкова — у бабруйскую калёнію, Зьмітра Дашкевіча — у Горкі.

Пад Івацэвічамі ёсьць 22-я калёнія, якая ўжо прыняла двух палітвязьняў: Эдуарда Лобава і Паўла Вінаградава. 5 гадоў таму прадпрымальнік Валер Леванеўскі адбываў там тэрмін за зьнявагу Лукашэнкі. Былы вязень "Воўчых нор" згадвае, што тады ў калёніі ня быў добра наладжаны побыт, не было бібліятэкі і мэдычнай часткі, якія, магчыма, ужо зьявіліся. Яшчэ зь мінусаў Леванеўскі адзначаў пітную ваду:

Валер Леванеўскі
"Вада там дрэнная, бо ідзе мясцовая, балотная. Але не выключаю, што гэтую праблему яны разьвязалі. Мэдычнае абслугоўваньне, як я чуў, стала лепшым. Нібыта пабудавалі мэдчастку. У мой час там было шмат праблемаў з забесьпячэньнем вязьняў рэчамі: вопраткай, прадметамі быту. І яшчэ зь мінусаў — там вельмі дрэнна сыходзяць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Калі ў 15-й і 19-й калёніях у Магілёве гэта было пастаўлена добра, то ў 22-й было складана. Ня ведаю, як зараз будзе, а тады людзі пераседжвалі вельмі шмат".

Паводле Валера Леванеўскага, ахоўнікі ў "Воўчых норах" -- у асноўным мясцовыя палешукі, адзначаюцца досыць лагодным характарам. Але і сярод іх хапала "начальнікаў", якія свае комплексы і праблемы рэгулярна зрывалі на вязьнях. У выніку — пакараньні за незашпілены гузік ці яшчэ якую драбязу, з-за якіх датэрміновае вызваленьне робіцца немагчымым. Але гэткае можа здарыцца ў любой калёніі, зазначыў Валер Леванеўскі.

Пра 15-ю магілёўскую калёнію, у якой будзе сядзець Зьміцер Бандарэнка, Валер Леванеўскі чуў шмат станоўчых водгукаў. Адна з асаблівасьцяў гэтай калёніі — там шмат працы для асуджаных.

Сяргей Парсюкевіч
Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч гэта ж сказаў пра Шклоўскую калёнію, дзе ён сядзеў. Туды нібыта накіруюць Мікалая Статкевіча. "Там ёсьць чым заняцца вязьням, папрацаваць амаль за бясплатна", — згадаў Сяргей Парсюкевіч. Зь мінусаў ён назваў дрэннае харчаваньне ў Шклове:

"Дрэнна, мне вельмі не спадабалася. Там быў такі варыянт, як зварыць кільку, зьмяшаць яе з кашай, і ў выніку немагчыма есьці ні тое, ні гэта".

Андрэй Клімаў
Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў сядзеў на "хіміі" і ў дзьвюх калёніях. Паводле Андрэя Клімава, галоўнае — ня трапіць у Мазырскую калёнію, дзе надзвычай дрэннае паветра спалучаецца з жорсткім рэжымам і спэцыфічным кантынгентам вязьняў. Палітык ня змог згадаць нешта асабліва дрэннае пра калёніі ў Горках і ў Наваполацку. Увогуле, паводле Клімава, ня варта занадта драматызаваць сытуацыю ў беларускіх турмах:

"Наваполацкая калёнія? Так, там на строгім рэжыме складана. І ўсё роўна ў параўнаньні з Мазыром яна лепшая. Але збольшага ў нашых калёніях жыць магчыма — ня Турцыя і не Кітай".
XS
SM
MD
LG