Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Канцэрн "Белнафтахім" на працягу двух тыдняў падвысіў кошты паліва агулам больш як на 50%. Апошняе (30-працэнтнае) падаражэньне тлумачыцца абаронай унутранага рынку ад несанкцыянаванага вывазу нафтапрадуктаў і неабходнасьцю ліквідаваць дыспарытэт коштаў паліва з суседнімі краінамі. Між тым многія экспэрты перакананыя: ва ўмовах рэзкага зьніжэньня даходаў насельніцтва ў выніку дэвальвацыі і імклівых інфляцыйных працэсаў прывязваць кошт бэнзіну да курсу даляра амаральна.

У канцэрне "Белнафтахім" адмаўляюцца ад камэнтароў наконт неабходнасьці ўжо чацьвёртага ад пачатку году падвышэньня цэнаў на бэнзін і дызэльнае паліва. Раней прадстаўнікі канцэрну спасылаліся на тое, што так склалася гістарычна: літар самага запатрабаванага бэнзіну АІ-92 прывязаны да паказьніка ў 1 даляр, таму дзеля эфэктыўнай працы нафтаперапрацоўчых заводаў адпаведныя суадносіны павінны захоўвацца.

Між тым аналітыкі нагадваюць: ледзь не 99% беларусаў атрымліваюць заробкі не ў далярах, а ў рублях. Да таго ж пасьля 56-працэнтнай дэвальвацыі беларускага рубля прыбыткі людзей скараціліся напалову, а цэны на тавары і харчаваньне тым часам імкліва папаўзьлі ўгару. Як кажа экспэрт у аўтамабільнай галіне Анатоль Шаўчэнка, істотнае падвышэньне цэнаў на паліва выкліча лягічную ланцуговую рэакцыю — у цэньнік будуць закладацца транспартныя выдаткі:

Анатоль Шаўчэнка
"Адразу на столькі ўзьняць цэны — самі ж разумееце, што выйдзе. Па ланцужку ўжо заўтра літаральна ўсё будзе дорага каштаваць. Крызіс яшчэ не сышоў, наадварот, ён толькі набірае абароты. І калі паралельна так уздымаць цэны — натуральна ж, будзе цяжка ўсім. Будзе складана перадусім таму, што тут жа, умомант, усё адаб'ецца на аўтаперавозках, а значыць — на прадуктах, на іншых таварах і паслугах. Яшчэ раз паўтару: ланцуговая рэакцыя не прымусіць сябе доўга чакаць, бо рэзка падняліся ў цане энэргарэсурсы, у дадзеным выпадку — паліва".

Істотна падаражэла салярка — з 3900 да 5100 рублёў за літар, то бок амаль на 31%. У выніку яна зраўнялася ў цане з 92-м бэнзінам, які цяпер каштуе гэтулькі ж (рост на 29%, з 3950 рублёў). Стаўка на папулярны некалі "эканом-кляс" дызэльных аўтамабіляў, якія з-за таннасьці саляркі намагалася набыць бальшыня беларусаў, робіцца неактуальнай. Бэнзін маркі "Нармаль-80" падаражэў на 28% — да 4950 рублёў, АІ-95 — на 33%, да 5800 рублёў.

Эканаміст Аляксандар Сасноў канстатуе: апынуўшыся ва ўмовах рынкавай эканомікі, улады расьпісаліся ў няздатнасьці кіраваць сытуацыяй. Па яго словах, калі ад сярэдзіны 1990-х з палітычных прычынаў Расея аплачвала дабрабыт Беларусі таннымі энэргарэсурсамі, то цяпер часы зьмяніліся. І толькі вышэйшае кіраўніцтва па-ранейшаму ня хоча ў гэта верыць:

Аляксандар Сасноў
"І справа нават не ў "халяве", бо пры разумным падыходзе яе таксама можна паставіць на прыбытковыя рэйкі. Проста Лукашэнка некалі вельмі добра прысмактаўся да расейскіх нетраў, прыроднай рэнты. То бок прысмактаўся і нічога больш не рабіў, каб хоць крыху задумацца — а што будзе, калі гэтая "халява" скончыцца? Бо я ж кажу: і дурань так можа, браць задарма. А ты ж эканоміку адбудуй! Але ён гэтага зрабіць ня здолеў. Ён ня мог здолець, ня той чалавек. Таму яго зараз так і трасе, кідае з боку ў бок".

Кіроўцы не хаваюць абурэньня беспрэцэдэнтным падвышэньнем коштаў паліва. Асабліва людзей абурае, што зроблена гэта ў разгар адпачынкаў, калі многія выяжджаюць на лецішчы, на вёску ці зьбіраліся ўласным транспартам у адпачынак. На сёньня ў шмат якіх гарадах Беларусі заплянаваныя акцыі пратэсту супраць росту цэнаў на паліва.

Засьцерагаючыся ад прэвэнтыўных затрыманьняў, актывісты кампаніі "Стоп-бэнзін" мусяць хавацца, на сувязь не выходзяць. Нагадаем, што дзьве папярэднія акцыі скончыліся затрыманьнем аднаго зь лідэраў грамадзкага аб'яднаньня "За аўто" Арцёма Шаркова, на шэраг удзельнікаў паскладалі пратаколы за нібыта парушэньне правілаў дарожнага руху — у прыватнасьці, за налепкі "Я супраць падвышэньня цэнаў на паліва", рух аўтамабільнай калёнаю ды несанкцыянаваны збор у недазволеным месцы. Між тым, як кажа адзін з ініцыятараў сёньняшняй акцыі, незадавальненьне ў грамадзтве нарастае:

"Будзем з гэтай праблемай неяк змагацца, будзем нешта абавязкова думаць. Якімі мэтадамі гэта зрабіць найбольш эфэктыўна — я пакуль ня ведаю. Але факт, што грамадзянская ініцыятыва "За аўто" будзе займаць усё больш актыўную пазыцыю ў грамадзтве, тым больш, глеба для гэтага ёсьць. Нават нягледзячы на тое, што мы дагэтуль не зарэгістраваныя, і, як я лічу, гэтая адмова цалкам беспадстаўная. Таму мы спадзяемся на судовыя рашэньні ў справе нашай легалізацыі".

Сёлета цэны на паліва падвышаліся 3 і 31 сакавіка, а таксама 24 траўня. Разам зь сёньняшнім падаражэньнем цана бэнзінаў АІ-92 і АІ-95 вырасла ў 1,8 раза, дызпаліва — у 2 разы, "Нармаль-80" — у 2,2 раза.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG