Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакумэнты аб куплі «Газпромам» другой паловы акцыяў «Белтрансгаза» «знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасьці». Аднак зьдзелка зацягваецца, таму што беларускі бок увязвае яе з падпісаньнем кантракту на пастаўкі газу Беларусі ад 1 студзеня 2012 году. Паводле старшыні праўленьня «Газпрома» Аляксея Мілера, продаж акцыяў «Белтрансгазу» і падпісаньне кантракту на пастаўку газу — гэта розныя дакумэнты. розныя пытаньні, і іх нельга блытаць. Ці ўдасца Беларусі вытаргаваць танны газ на бліжэйшыя гады? Ці магчымы чарговы газавы канфлікт паміж Менскам і Масквой? Адказвае эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Тацяна Манёнак.


— Чаму афіцыйны Менск «блытае» продаж акцый «Белтрансгазу» з падпісаньнем кантракту на пастаўку газу ад 2012 году? За што ідзе змаганьне?

— Для беларускага боку самае галоўнае — гэта вытаргаваць больш-менш танны газ. Бо кошт гэтага пытаньня вельмі вялікі для беларускай эканомікі. Толькі ў гэтым годзе Беларусь будзе вымушана заплаціць за прыродны газ на 1,6 мільярда даляраў больш, чым у мінулым. Кошт газу робіцца досыць крытычным у сытуацыі эканамічнага і фінансавага крызісу ў Беларусі. Да таго ж з наступнага году даецца старт адзінай эканамічнай прасторы ў рамках Мытнага саюзу. Відавочна, што кошт газу для Беларусі сёньня ўжо прыкладна ўдвая вышэй, чым для расейскіх кампаній, канкураваць на расейскім рынку для Беларусі будзе даволі складана. Беларускі бок будзе імкнуцца вытаргаваць для сябе кошт газу, які больш-менш будзе адпавядаць узроўню расейскіх кампаній.

«Газпрому», здавалася б, зусім непатрэбная гэта беларуская труба сёньня. Не гарыць гэтае пытаньне. Тым ня менш «Газпром» хоча ўсё ж такі прыдбаць гэтую трубу. Невядома, праўда, якія пры гэтым умовы ставіць. Бо любая кампанія, якая прыходзіць на рынак, хоча кантраляваць яшчэ і ўнутраны спажывецкі рынак. Пытаньне прыватызацыі «Белтрансгазу» можа быць зацягнута, калі беларускі бок будзе настойліва трымацца сваёй пазыцыі. Для Расеі гэта не крытычна. Проста такі момант добры, калі Беларусі патрэбныя грошы.

Таксама расейскі бок ня хоча адыходзіць ад той формулы коштаўтварэньня на прыродны газ, якой так доўга дамагаўся. І таму ён хоча падзяліць гэтыя пытаньні.

— Ужо ёсьць сыгналы з Расеі, што сярэдняя цана на газ для Беларусі ў бліжэйшыя тры гады можа скласьці 250 даляраў за тысячу кубамэтраў. Але расейскі бок разьлічвае на пэўныя ўмовы. Ці могуць цяперашнія непаразуменьні прывесьці да чарговага газавага канфлікту паміж Менскам і Масквой?

— У Расеі наперадзе палітычны год, выбарчая кампанія, і расейскаму боку такія праблемы зусім не патрэбныя. Як не патрэбныя праблемы напярэдадні старту інтэграцыйнага праекту — адзінай эканамічнай прасторы. У любым выпадку беларускі бок сёньня вельмі завязаны на Расею, і козыраў для таго, каб нешта вытаргаваць, таксама амаль што няма. Бо Расея ўжо ўвяла ў эксплюатацыю альтэрнатыўны газаправод «Паўночная плынь». І калі Беларусь пачне ствараць праблемы для партнэра, то ў Расеі ўжо ёсьць магчымасьць перанакіраваць гэтыя плыні.

Зь іншага боку, Расея таксама зьвязаная тым, што праз тэрыторыю Беларусі праходзіць яе ўласны газаправод «Ямал-Эўропа». Таму абодва бакі будуць шукаць нейкае выйсьце. Але гэта будзе складана. Расея таксама ня хоча ісьці на вельмі істотныя саступкі. Бакі будуць таргавацца да апошняга

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG