Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнім часам шмат кажуць пра крытычную сытуацыю, у якой апынуліся беларускія ўлады ў зьвязку з крызісам, пра небясьпеку для цяперашняга палітычнага рэжыму ад грамадзкага незадаволеньня. Але, як ужо пра гэта пісаў мой калега Юрый Дракахруст, сам па сабе эканамічны крызіс не нясе небясьпекі да той пары, пакуль ён не трансфармуецца ў публічныя пратэсты.

А гэтага пакуль няма. Ужо амаль тры месяцы цягнецца крызіс, але грамадзтва маўчыць. Вось пісалі пра тое, што ў чэргах каля абменьнікаў фармуецца сапраўдная грамадзянская супольнасьць, людзі самаарганізуюцца дзеля падтрыманьня парадку ў чарзе. Гэта так. Але зьвярніце ўвагу вось на што. Людзі суткамі, тыднямі стаяць, дзяжураць ноччу, ладзяць пераклічку, пакутуюць. Але нікому ў галаву ня прыйдзе простая думка прад’явіць нейкія прэтэнзіі, патрабаваньні ўладзе, якая іх загнала ў такі нялюдзкі для цывілізаванага грамадзтва стан. Напрыклад, патрабаваць хоць бы адстаўкі няшчаснага Пятра Пракаповіча. Калі ўзгадаць вядомы анэкдот пра беларуса, то гэта самаарганізацыя для пошуку вяроўкі. Па прынцыпе: "Можа, так і трэба".

Паводле афіцыйнай інфармацыі, ужо каля 600 тыс. чалавек у выніку крызісу страцілі працу. Незалежныя экспэрты лічаць, што такіх ужо 1,5 млн. Рост цэнаў, дэфіцыт некаторых тавараў, праблемы з банкаўскімі карткамі, чэргі каля банкаматаў — нішто не падштурхнула грамадзян да публічнага незадаволеньня. Хіба што можна ўзгадаць толькі малалюдную акцыю супраць падаражэньня бэнзіну.

Можа, гэтым і тлумачыцца той факт, што толькі праз два з паловай месяцы з пачатку крызісу Лукашэнка паспрабаваў растлумачыць грамадзтву, што адбываецца ў краіне і якія пэрспэктывы. Маю на ўвазе нараду ў прэзыдэнта 27 траўня. А чаго сьпяшацца, нічога ж не падціскае. А сам па сабе крызіс ня страшны. Вось у Паўночнай Карэі людзі з голаду елі траву, але пры гэтым славілі "любімага кіраўніка".

Дарэчы, выступ Лукашэнкі на згаданай нарадзе дае падставу меркаваць, што падчас крызісу кіраўнік дзяржавы робіць важную карэктыроўку, пераарыентацыю на сваю традыцыйную электаральную базу. Нагадаю, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады як прадстаўнік сацыяльных нізоў, бедных і слабых, якія баяліся рынкавай эканомікі і ўсіх перамен, якія распачаліся ў выніку краху СССР. Потым сытуацыя памянялася. У "тлустыя" 2000-я гады, калі Беларусь была нафтавым афшорам расейскіх кампаній, у краіне пачаўся спажывецкі бум, сацыяльная база рэжыму Лукашэнкі пашырылася. У краіне пачала фармавацца сярэдняя кляса ў беларускім фармаце (прадпрымальнікі, чынавенства, бюджэтнікі, рабочыя буйных прадпрыемстваў). Для яе прадстаўнікоў зьнікла праблема выжываньня, замест яе яны вырашалі праблему якасьці жыцьця. Іх беларуская мадэль задавальняла, бо дабрабыт іх рос.

Крызіс ударыў па ўсіх слаях насельніцтва, але найбольш па гэтай беларускай сярэдняй клясе. Яшчэ некалькі месяцаў такога эканамічнага стану, і яны зноў вернуцца да праблемы выжываньня.

Ствараецца ўражаньне, што Лукашэнка ў новай сытуацыі эканамічнага крызісу вырашыў ахвяраваць гэтай новай сацыяльнай стратай (сярэдняй клясай) дзеля ўтрыманьня свайго надзейнага і стабільнага электарату з сацыяльных назоў. Ён лічыць, што грамадзяне, якія стаяць у чарзе па валюту, — не яго электарат. Паводле таго нібыта сацыялягічнага апытаньня, вынікі якога прэзыдэнт абнародаваў на нарадзе, людзей, для якіх дэфіцыт валюты — праблема, — каля 20%. Зьвяртаючыся да гэтай катэгорыі грамадзян, Лукашэнка з абурэньнем казаў: "Чаго вы да мяне зьвяртаецеся па валюту, каб паехаць у Эгіпет? Гэта ўжо вышэй за дах, вышэй за нахабства".

Даўно Лукашэнка не патрабаваў пасадзіць у турму прадпрымальнікаў. Гэта таксама ўжо не яго электарат.

Калісьці ў 2001 годзе прэзыдэнт патрабаваў ад міністра ўнутраных спраў Навумава спыняць дарагія іншамаркі і патрабаваць у іх гаспадароў бэнзін на пасяўную кампанію. Цяпер да гэтага яшчэ не дайшло. Але на нарадзе 27 траўня кіраўнік дзяржавы зь ледзь заўважным незадавальненьнем казаў: "На якім бы скрыжаваньні ні паварочваў — 5 кілямэтраў чарга аўтамабіляў, і не прабіцца. Усё дорага, бэнзін — дорага, і ўсе крычаць, што жабракі. А машыны якія!".

Багаты народ Лукашэнку не патрэбны. Ад яго падтрымкі ня варта чакаць. Лукашэнка — прэзыдэнт бедных. І ён вяртаецца да свайго вобразу 1990-х гадоў і да свайго электарату. І, дарэчы, вяртаньне да андропаўшчыны, кампанія барацьбы за дысцыпліну і парадак, таксама арыентавана на гэтых людзей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG