Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ацэньваюць антыкрызісны плян беларускага ўраду экспэрты? Многія прагназуюць, што беларусаў чакаюць цяжкія часы — скарачэньні, няпоўны працоўны дзень ды іншае. Як у новай сытуацыі будуць абараняцца правы насельніцтва?

Кандыдат эканамічных навук Уладзімер Ганчарык, які ў свой час кіраваў афіцыйнымі прафсаюзамі, упэўнены: жыцьцёвы ровень людзей будзе зьніжацца:

Уладзімер Ганчарык
«Гэта і даводзіць няма патрэбы. Бо вынікае гэта ж з праграмы ўраду. З аднаго боку, гэта ня комплексныя захады. А з другога, яны не разьлічаныя на рэальную абарону працоўных. І гэта — факт».

На пытаньне, ці можна ў такім выпадку чакаць выступаў працоўных, спадар Ганчарык адказвае, што тут існуюць два важныя чыньнікі:

«Шмат што залежыць ад працоўных буйных прадпрыемстваў, кшталту трактарнага, аўтамабільнага. Іх задобрываюць улады. І існуе яшчэ попыт на іх прадукцыю, таму яны маюць нейкія рэзэрвы для падвышэньня аплаты працы.

Усё будзе залежаць ад таго, як урад стрымае цэны. Бо патугі ўраду падвысіць кошты паслуг ЖКГ ды іншага прывядуць да таго, што жыцьцёвы ровень панізіцца. Пакуль ёсьць дзесьці месяц-два, каб людзі асэнсавалі, што адбылося».

Амаль пра такія ж тэрміны — месяц-два — цярплівасьці народу, калі ўлады ня зробяць радыкальных крокаў, каб палепшыць сытуацыю, кажа і старшыня Менскага гарадзкога аб’яднаньня афіцыйных прафсаюзаў Мікалай Беланоўскі. У мінулую пятніцу на паседжаньні Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаньнях ён выказаў меркаваньне, што «давер насельніцтва да ўраду захаваецца да сярэдзіны жніўня, то бок да значнага росту выдаткаў, зьвязаных з пачаткам ацяпляльнага сэзону і падрыхтоўкай дзяцей да школы».

Сёньня ў размове са «Свабодай» ён сказаў, што пасьля прыняцьця праграмы ў яго зьявіліся пэўныя спадзяваньні. І таму трэба паглядзець, як будуць далей канкрэтна дзейнічаць улады:

«З аднаго боку, мы максымальна зацікаўленыя ў абароне вытворчасьці рэальнага сэктару як асновы выпраўленьня сытуацыі. А з другога боку, і пра гэта мы гаварылі з наймальнікамі, абарона малазабясьпечаных (студэнтаў, пэнсіянэраў, маці зь дзецьмі) павінна абавязкова быць. І ўрад нашы прапановы ў прынцыпе прыняў. І яшчэ мы будзем рухацца ў бок выроўніваньня прыбыткаў насельніцтва. Бо страты — яны ж відавочныя.

Так, мы крытыкуем урад. Але мы разумеем, што цяпер трэба кансалідаваць намаганьні, а не супрацьстаяньні ладзіць».

Афіцыйныя прафсаюзы ня пойдуць далей за заявы, лічыць Уладзімер Ганчарык:

«Я ня веру ў афіцыйныя прафсаюзы, на жаль. Тое, што яны нібыта даюць нейкі час ураду, — гэта ўсё словы. У іх няма патрэбных дзеяньняў. Яне нерашучыя і пужлівыя.

Як мяне ні крытыкавалі, але мы былі ня вельмі спагадлівыя да ўраду, да прэзыдэнцкай адміністрацыі, да прэзыдэнта. Нешта ж спрабавалі рабіць. А цяпер — цішыня».

Кастусь Скуратовіч
Экспэрт у галіне сацыяльнай праблематыкі, кандыдат філязофскіх навук Кастусь Скуратовіч згадвае, што падобная праграма ўжо была падрыхтаваная ў 1993 годзе:

«І там усё было расьпісана па тэрмінах — гэта пераводзім з камунальнай уласнасьці ў прыватную, гэта — акцыянуем і г.д. І працэс пайшоў, а ў выніку сотні тысяч людзей апынуліся на вуліцы. Найперш з навукова-дасьледчых устаноў, з прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу.

Калі гэта будзе і цяпер, то зьмены ўласьнікаў, безумоўна, будуць мець сваім вынікам тое, што стан многіх людзей пагоршыцца, а сацыяльны іх статус зьнізіцца».
XS
SM
MD
LG