Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэдыт з ЭўрАзЭС выплацяць шасьцю траншамі


Крэдыт Беларусі з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС (АКФ) будзе выплачвацца шасьцю траншамі, паведамляе БелаПАН, спасылаючыся на прэс-службу фонду.

Як паведамлялася раней, рада Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС 4 чэрвеня ў Кіеве ўхваліла выдзяленьне Беларусі на працягу трох гадоў крэдыту на 3 мільярды даляраў тэрмінам на 10 гадоў.

Прэс-служба АКФ паведамляе, што першы транш крэдыту ў 800 мільёнаў даляраў будзе пералічаны ў бліжэйшыя два тыдні.

Другі і наступныя траншы, кожны памерам 440 мільёнаў даляраў, будуць пералічвацца Беларусі па меры выкананьня ўзгодненых мераў праграмы стабілізацыі аплатнага балянсу і павышэньня канкурэнтаздольнасьці эканомікі, распрацаванай урадам краіны. Праграма ўключае меры па скарачэньні эмісійнага крэдытаваньня эканомікі, узмацненьні бюджэтнай дысцыпліны і папаўненьні міжнародных рэзэрваў да эканамічна бясьпечнага ўзроўню.

Як адзначылі ў фондзе, фінансавыя ўмовы крэдыту адпавядаюць стандартным ўмовам выдзяленьня фінансавых крэдытаў, якія ўхвалены радай АКФ для сваіх краін-удзельніц зь сярэднім узроўнем даходаў. Працэнтная стаўка адлюстроўвае цану фандаваньня Расіі на міжнародных рынках (на сёньня - каля 4,1% гадавых) і будзе пераглядацца кожныя тры месяцы. Дзесяцігадовы тэрмін крэдыту ўключае трохгадовы льготны пэрыяд, на працягу якога ажыцьцяўляецца толькі аплата працэнтаў па крэдыце. Пагашэньне асноўнай сумы крэдыту пачнецца з другой паловы 2014 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG