Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Бандарэнка: "У некаторых камэрах Валадаркі – сьпёка вышэй за плюс 40"


Адвакаты Дзьмітрыя Вуса і Мікалая Статкевіча падалі касацыйныя скаргі ў Менгарсуд. Палітвязьні "Валадаркі" пішуць заявы, каб іх хутчэй пераводзілі ў калёніі. Жонцы Дзьмітрыя Бандарэнкі дазволілі перадаць мужу ў камэру вэнтылятар. Арцёма Грыбкова зьбіраюцца этапаваць у бабруйскую калёнію.

6 чэрвеня адвакаты Ўладзімер Сазанчук і Тацяна Станкевіч, якія абараняюць экс-кандыдатаў на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса і Мікалая Статкевіча, падалі ў Менгарсуд скаргі на прысуд. Уладзімер Сазанчук патлумачыў пазыцыю абароны:

"Прысуд, як мы лічым, незаконны. Вы самі былі ў працэсе і бачылі, што ніякіх доказаў няма таго, што мой падабаронны Вус арганізоўваў гэтыя дзеяньні. І што да гэтых дзеяньняў, — мяркую, яны не дацягваюць да масавых беспарадкаў".

Калі будзе прызначаны разгляд касацыі, Уладзімер Сазанчук сказаць не бярэцца. Паводле адваката, можа мінуць яшчэ больш як месяц.

Адвакат Вуса пацьвердзіў, што ў камэры, дзе трымаюць Вуса, усяго 6 чалавек і што цяпер там вельмі сьпякотна.

Як мяркуе Марына Адамовіч, жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, той менавіта з-за нясьцерпных умоваў на "Валадарцы" зьбіраецца напісаць заяву аб тым, каб яго хутчэй, не чакаючы разгляду касацыі, перавялі ў калёнію:

"Хутчэй за ўсё, напісаў заяву з-за ўмоваў. Там вельмі сьпякотна. І ўвогуле, відаць, хочацца ўсё ж, каб была магчымасьць удыхнуць вольнае паветра".

6 чэрвеня Вольга Бандарэнка, жонка каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітра Бандарэнкі, прыйшла да "Валадаркі" з вэнтылятарам для мужа. "На шчасьце", як кажа Вольга, вэнтылятар прынялі. У чарзе сваякоў вязьняў, якія прынесьлі перадачы, Вольга Бандарэнка пачула, што ў сьпякотныя дні ў некаторых камэрах сьледчага ізалятара тэмпэратура даходзіць да 40 градусаў.

Праваабаронца Наста Лойка даўно сочыць за ўмовамі ў беларускіх вязьніцах. Тое, што шмат хто зь вязьняў "Валадаркі" згодзен на цяжкія этапы ў калёнію, хоць іх скаргі яшчэ не разгледжаныя, Наста Лойка тлумачыць надзвычай дрэннымі ўмовамі ў гэтай турме менавіта ў часы сьпякоты:

Наста Лойка
"Таму што там вельмі вялікая перанаселенасьць, а калі сьпякота, то знаходзіцца там увогуле немагчыма. Таму людзі і згаджаюцца яшчэ да касацыі ехаць у месцы адбыцьця пакараньня, дзе ўмовы ўсё ж такі трошкі лепшыя".

Асуджаны на 4 гады за Плошчу Арцём Грыбкоў напісаў заяву, і, магчыма, сёньня-заўтра яго этапуюць з "Валадаркі" ў бабруйскую калёнію ІК-2. Пра гэта Арцём напісаў сваёй дзяўчыне, Сьвятлане Юронак. Напярэдадні Сьвятлана дамагалася спатканьня з Арцёмам у ізалятары, але судзьдзя Людміла Грачова зь Ленінскага суду ёй адмовіла:

"Хадзіла я ў суд, але судзьдзя не дала мне спатканьня. Сказала, што да Грыбкова ёсьць каму хадзіць. Я прашу, дайце сустрэцца на разьвітаньне, а яна мне — што мы бачыліся ў судзе і гэтага дастаткова".

Паводле Сьвятланы Юронак, яе хлопец Арцём Грыбкоў яшчэ да чэрвеньскай сьпякоты пісаў, што ў камэры вельмі горача, і прасіў перадаць яму вэнтылятар, але ў Сьвятланы вэнтылятар для Арцёма не прынялі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG