Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адрэагаваў валютны рынак на рашэньне Рады Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС выдзеліць Беларусі крэдыт у памеры 3 мільярды даляраў цягам трох бліжэйшых гадоў? Маніторынг абменных пунктаў і банкаў паказвае, што рэакцыі практычна няма.

Ужо амаль тры месяцы карціна ля пунктаў абмену валют мяняецца мала. Праўда, на працягу апошніх дзён ахвотных набыць даляры, эўра, расейскія рублі па банкаўскім курсе нібыта меней, але, як кажуць самі "чаргавікі", гэта візуальны падман. Працэс самаарганізаваны, сьпіс кантралююць "людзі-лічыльнікі". Тым часам уладальнікі канвэрсаваных ашчаджэньняў разьвітвацца з валютай не сьпяшаюцца, бо ня хочуць зноў апынуцца ў чарзе. Як кажа адзін з пакупнікоў, калі яшчэ на пачатку траўня вызначаны ліміт дазваляў за адзін раз набыць 1000 даляраў на чалавека, то потым ён быў скарочаны ўдвая:

"Калі ў сярэднім за дзень праходзяць па тры-чатыры чалавекі, то гэта
Адзначацца трэба а 9-й раніцы і а 9-й вечара ...

прыкладна на два месяцы чарга. Гэта як мінімум. Адзначацца трэба а 9-й раніцы і а 9-й вечара. Уявіце сабе: людзям трэба прыяжджаць, у тым ліку і з-за гораду, адзначацца, каб праз два месяцы, пры ўдалым раскладзе, можа, нешта набыць. То бок — без аніякай гарантыі. Таму ніякім абяцаньням уладаў ужо ніхто ня верыць, кожны толькі на сябе разьлічвае".

Урадавыя чыноўнікі абяцаюць, што атрыманы з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС крэдыт дапаможа стабілізаваць сытуацыю на валютным рынку ўжо цягам двух тыдняў — да сярэдзіны чэрвеня першая транша ў памеры 800 мільёнаў даляраў будзе пераведзеная на рахункі Нацбанку. Між тым экспэрты лічаць, што плён ад крэдыту будзе толькі ў тым выпадку, калі Нацбанк нарэшце зробіць валютную інтэрвэнцыю — то бок уліваньні ў падпарадкаваныя яму банкі, якія ня маюць валюты на продаж альбо наўмысна трымаюць яе у запасьніках.

Супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак перакананы: калі ўлады зноў "замуруюць" атрыманыя сродкі ў золатавалютным рэзэрве, то ні на які эфэкт ад дапамогі разьлічваць не даводзіцца. Па яго словах, спадзяваньні чыноўнікаў выйсьці з тупіковай сытуацыі "сваім шляхам" -- беспадстаўныя:

"Усе цэнтральныя банкі ў сучасным сьвеце — апроч хіба што Банку Англіі,
Рэзэрвы пахаваліся і няма даляра — вось у чым падтэкст ...

апроч Эўрапейскага банку, апроч Швайцарскага банку — пэрыфэрыйныя банкі Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы. Гэта павінна быць зразумела, прынамсі спэцыялістам. І калі прыходзіць крызіс, то гэтыя пэрыфэрыйныя банкі праглынаюць усе гэтыя інфляцыі даляра і за іх плаціць народ, грамадзтва, якое знаходзіцца ў сфэры дзейнасьці вось гэтых цэнтрабанкаў, кшталту Расеі, кшталту Беларусі. У Расеі як праявіўся крызіс? У тым, што ў іх стабілізацыйны фонд зьменшыўся. А ў Беларусі куды пайшоў крызіс? Рэзэрвы пахаваліся і няма даляра — вось у чым падтэкст".

Аналітыкі нагадваюць: апынуўшыся практычна ў безвыходнай сытуацыі, улады Беларусі ўзамен на крэдыт паабяцалі структурныя пераўтварэньні, уключна з прыватызацыяй дзяржмаёмасьці. Але каб прыватызацыйныя працэсы пачаліся раней, магчыма, распродаж можна было б адтэрмінаваць? Навуковы дырэктар Беларускага эканамічнага дасьледчага адукацыйнага цэнтру Міхайла Сальнікаў лічыць, што ўрад баяўся аддаць маёмасьць занадта танна:

"Тут трэба ўсьведамляць, што прыватызацыя заўсёды — пэўная рызыка, і
раней недаацэненыя, — гэта, хутчэй за ўсё, праўда ...

гэтая рызыка — боязь прадзешавіць. То бок ня выключана, што ўрад перад гэтым лічыў, што прадпрыемствы на дадзены момант недаацэненыя, і таму не хацеў увязвацца ў прыватызацыю. Пытаньне ў тым, ці будуць адэкватна ацэненыя дадзеныя прадпрыемствы ў бягучых умовах — гэта ўжо абсалютна іншае пытаньне. Але тое, што яны былі раней недаацэненыя, — гэта, хутчэй за ўсё, праўда".

Сёньня Нацыянальны банк паспрабаваў абвергнуць зьвесткі пра тое, што адміністрацыйнае ўмяшаньне ў зьдзелкі паміж суб'ектамі гаспадараньня на міжбанкаўскай біржы прывяло да поўнага паралічу безнаяўнага валютнага рынку. Спэцыялісты пры гэтым сьцьвярджаюць: забарона на адхіленьне ў апэрацыях больш чым на 2% ад афіцыйнага курсу насамрэч прывяла да таго, што ўдзельнікі рынку выкарыстоўваюць біржу толькі як прыкрыцьцё, дамаўляючыся пра нюансы зьдзелкі паміж сабой.

Што тычыцца ўсталяванага Нацбанкам афіцыйнага курсу, то, як канстатуюць аналітыкі, курс амаль у 5000 рублёў за даляр так і застаецца для ўнутранага карыстаньня гэтай установы. Тым часам на чорным рынку даляр каштуе ў сярэднім 6000 рублёў, безнаяўны — ня меней за 7500. Такім чынам, на слоўныя абяцаньні чыноўнікаў скарыстаць крэдыт як інструмэнт стабілізацыі на валютным рынку яго ўдзельнікі не адрэагавалі ніяк.
XS
SM
MD
LG