Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Svenska Dagbladet: “TeliaSonera” пайшла далей за беларускі рэжым”


Уплывовае швэдзкае выданьне Svenska Dagbladet зьмясьціла камэнтар кіраўніка швэдзкай праваабарончай ініцыятывы Östgruppens Марціна Углы, у якім вядучая тэлекамунікацыйная кампанія на рынках сотавай сувязі Швэцыі і Фінляндыі “TeliaSonera” крытыкуецца за тое, што яе даччыная фірма ў Беларусі, GSM апэратар мабільнай сувязі Life:) – ЗАТ "БеСТ" блякуе сваім абанэнтам доступ да апазыцыйных сайтаў charter97.org, belaruspartisan.org і prokopovi.ch.

Як гаворыцца ў камэнтары, "TeliaSonera", чыімі асноўнымі акцыянэрамі ёсьць швэдзкая дзяржава (37,3% акцый і галасоў) і фінская дзяржава (13,7%), стала “сапраўдным цэнзарам” свабоды слова ў Беларусі” і ў сваіх дзеяньнях “пайшла яшчэ далей, чым беларускі рэжым”.

Паводзіны вядучай паўдзяржанай скандынаўскай тэлекамунікацыйнай кампаніі зьяўляюцца “дзіўнымі”, бо менавіта швэдзкі ўрад на высокім міжнародным узроўні робіць шматлікія заявы адносна “большай свабоды ў Інтэрнэце.

“Так, на мінулым тыдні міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт у сваёй заяве пра Беларусь згадаў пра праблемы краіны, у тым ліку пра блякаваньне або фільтрацыю онлайн-кантэнту і назваў гэта непрымальным”, - адзначае швэдзкі праввабаронца.

“Крытыка на адрас бізнэсу "TeliaSonera" ў Беларусі гучала і ў мінулым, напрыклад, у кантэксьце таго, што беларускія апэратары мабільнай сувязі дапамагалі ўладам краіны праслухоўваць размовы апанэнтаў рэжыму. На гэтую крытыку кампанія адказала, што яна толькі прытрымлівацца мясцовых законаў.

Цяперашнія паводзіны выглядаюць яшчэ больш адметнымі – “TeliaSonera” блякуе сваім абанэнтам доступ да крытычна неабходнай інфармацыі без законных на тое падстаў. Такім чынам, кампанія актыўна і сьвядома дапамагае рэжыму Лукашэнкі ў рэпрэсіях супраць дысыдэнтаў. Гэта ідзе яшчэ далей, чым рэпрэсіўнае заканадаўства рэжыму, якое мае на мэце спыніць крытыку ў Інтэрнэце”.

Марцін Угла
Як лічыць кіраўнік швэдзкай праваабарончай ініцыятывы Östgruppens Марцін Угла,
“калі зьнешняя палітыка дзяржавы накіраваная на павышэньне ўласнага аўтарытэту, урад мусіць забясьпечыць, каб дзяржаўныя прадпрыемствы вялі сябе прыстойна і ў адпаведнасьці з гэтай палітыкай”.

“Цяпер урад Швэцыі мусіць скарыстацца сваім правам уласьніка кампаніі і спыніць дзейнасьць "TeliaSonera" як цэнзуры ў Беларусі ", - гаворыцца ў камэнтары Марціна Углы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG