Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Еменскаму прэзыдэнту вынялі асколак


Праціўнікі Салеха сьвяткуюць яго ад'езд з краіны
Праціўнікі Салеха сьвяткуюць яго ад'езд з краіны
У Емэне прыхільнікі апазыцыі заяўляюць, што зробяць усё магчымае, каб не дапусьціць вяртаньня ў краіну прэзыдэнта Алі Абдулы Салеха, які стаіць на чале дзяржавы больш як 30 гадоў.

Тысячы людзей выйшлі сёньня на вуліцы сталіцы краіны Саны, каб адсьвяткаваць ад’езд Салеха на лекаваньне ў Саудаўскую Арабію – пасьля раненьня, атрыманага падчас абстрэлу прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ў пятніцу.

У Емэне ўжо некалькі месяцаў працягваюцца маштабныя акцыі пратэсту з патрабаваньнямі адстаўкі Салеха.

Паводле агенцтва Ройтэр, у нядзелю Алі Абдула Салех перанёс апэрацыю на грудной клетцы – хірургі вымалі заселы там асколак снарада.

Прадстаўнікі кіроўчай у Емэне партыі цьвердзяць, што Салех вернецца ў краіну найбліжэйшымі днямі. Дзяржаўныя мэдыі зьняпраўдзілі дапушчэньні, што прэзыдэнт назаўсёды пакінуў Емэн разам зь сям’ёю.

У нядзелю працягвалі паступаць зьвесткі пра сутычкі дэманстрантаў зь сіламі бясьпекі – як у сталіцы, так і на поўдні краіны, у гарадох Таізе і Адэне.
XS
SM
MD
LG