Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чыгір: Карысьць ад крэдыту будзе толькі ў сукупнасьці з рэформамі


Сёньня ў Кіеве Рада Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, якая складаецца зь міністраў фінансаў краінаў СНД, разглядала заяўку Беларусі на атрыманьне стабілізацыйнага крэдыту памерам больш за 3 мільярды даляраў на працягу трох гадоў, пачынаючы ўжо ад 2011-га.

Падчас пасяджэньня абмяркоўвалася выдзяленьне стабілізацыйных крэдытаў шэрагу постсавецкіх краінаў, уключна зь Беларусьсю, якая папрасіла найбольшую суму — 3 мільярды даляраў. Удакладняліся парамэтры крэдытаваньня: ільготны пэрыяд, разьмеркаваньне крэдыту па гадах і г.д. Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын яшчэ да пачатку нарады сказаў, што няма падставаў, каб адмовіць заяўцы Беларусі, а гэта значыць, цягам 2011, 2012 і 2013 гадоў Менск атрымае агулам больш за 3 мільярды даляраў. Першы транш у памеры 800 мільёнаў даляраў паступіць да сярэдзіны чэрвеня, яшчэ 440 мільёнаў плянуецца перавесьці на рахункі Нацбанку ў верасьні.

У апараце ЭўрАзЭС удакладнілі, што ўмовы выдзяленьня матэрыяльнай дапамогі Беларусі — рынкавыя, але з працяглым беспрацэнтным тэрмінам і пагашэньнем цягам 15 гадоў. У сваю чаргу, праграма беларускага боку, пад якую выдаткоўваюцца грошы, прадугледжвае прыняцьце захадаў дзеля забесьпячэньня збалянсаванай працы эканомікі і валютнага рынку, а таксама ўключае крокі па «прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў».

МіхаілЧыгір
Былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір згодны з тым, што крэдыт будзе эфэктыўны толькі ў тым выпадку, калі беларускія ўлады на справе распачнуць маштабныя эканамічныя рэформы:

«Калі атрымаюць пару мільярдаў даляраў дапамогі і будуць зробленыя нейкія рэальныя крокі, то, ня выключана, лепей стане, чым ёсьць сёньня. Я таксама на гэта спадзяюся. Але ж дагэтуль не вядома, якія крокі будуць. Магчыма, штосьці ёсьць у плянах ураду, можа, на самой справе будуць радыкальныя рашэньні ў справе пераходу да рынкавай эканомікі, аднак цяжка штосьці казаць наперад, ня ведаючы, якія захады ўлада мае ажыцьцявіць. Хоць у радыкальнасьць, шчыра кажучы, верыцца зь цяжкасьцю».
Калі атрымаюць пару мільярдаў даляраў дапамогі і будуць зробленыя нейкія рэальныя крокі, то, ня выключана, лепей стане.

Карэспандэнт: «Калі б улады распачалі захады на стабілізацыю месяцы два таму, магчыма, не давялося б улазіць у чарговую крэдытную кабалу?».

«Вядома ж, трэба было штосьці рабіць значна раней. Бо было відавочна, што сытуацыя павінна гэтым скончыцца. Але ж нічога не рабілі, дык што цяпер кусаць локці? Позна на гэтую тэму нават пра нешта разважаць. Па-першае, павінна быць рэальная дэвальвацыя нацыянальнай валюты, а ня тое, што мы маем — нейкі штучна навязаны курс. Па-другое, павінна адбыцца значнае скарачэньне бюджэтных расходаў. Па-трэцяе, павінна быць не на словах, а рэальная лібэралізацыя рынка наогул. І вельмі шмат яшчэ што».

Беларускія ўрадоўцы запэўніваюць: меры ў справе стабілізацыі сытуацыі на валютным рынку неўзабаве прынясуць плён. Па словах віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса, ёсьць матрыца, узгодненая з антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС, дзе прапісаныя канкрэтныя крокі беларускага боку.

Паводле Румаса, мерапрыемствы ўраду і Нацыянальнага банку расьпісаныя літаральна па днях, і ўжо цягам двух тыдняў сытуацыя кардынальным чынам вырашыцца. Зрэшты, абяцаньні вывесьці фінансавы сэктар са ступару рабіліся ўжо неаднаразова — як з боку Аляксандра Лукашэнкі, так і ад імя чыноўнікаў ніжэйшага рангу. Але цягам амаль трох месяцаў агульнае становішча толькі пагаршаецца: валюты ў вольным доступе няма, міжбанкаўскі рынак спаралізаваны, Нацбанк адміністрацыйна абмяжоўвае дзейнасьць падначаленых установаў. Як кажа эканаміст, колішні кіраўнік банку «Эўрапейскі» Валеры Кругавы, улады мусяць даказаць, што насамрэч хочуць выправіць амаль тупіковую сытуацыю:

«Вось крэдыт будзе — пачнуцца інтэрвэнцыі Нацыянальнага банка. Канечне, невялікія, зусім малыя, бо яны будуць вымушаныя прамацваць вось гэтае дно. Пакуль жа яны нават не спрабуюць яго прамацваць, разумееце? А калі будзе крэдыт, яны, хутчэй за ўсё, распачнуць невялікія інтэрвэнцыі, каб, як я ўжо сказаў, прамацаць дно і такім чынам выйсьці на рэальны курс. І ўжо калі выйдуць на рэальны курс, то, натуральна, эканоміка пачне сама сябе рэгуляваць. А пакуль усё будзе стаяць.
Ажыве, як зьявіцца крэдыт, альбо пакуль у людзей не забяруць усё.

Ажыве, як зьявіцца крэдыт, альбо пакуль у людзей не забяруць усё. А вы ж разумееце: краіна досыць вялікая, за адзін, два, тры тыдні, нават за месяц усё не забярэш. Таму нейкі люфт тэарэтычна яшчэ застаецца».

А вось эканаміст Віктар Цярэшчанка добраахвотнае пагружэньне Беларусі ў крэдытную багну не ўхваляе. Ён нагадвае, што днямі ўрад зьвярнуўся па крэдыт да Міжнароднага валютнага фонду, запытаўшы беспрэцэдэнтную дапамогу ў памеры да 8,5 мільярда даляраў. На думку экспэрта, ні да чаго, апроч павелічэньня аб’ёму зьнешняга доўгу, такая палітыка не вядзе:

Віктар Цярэшчанка
«На ўсіх мовах разносіцца: „Give me credit“, „дай мне крэдыт“. І больш нічога яны ня ўмеюць. А хто будзе вяртаць, у якіх памерах і таму падобнае — нікога гэта папросту не цікавіць. Але пры такім падыходзе абавязкова наступіць кропка невяртаньня. Мы ўжо маем немалыя даўгі і не вяртаем іх, нават працэнты па крэдытах. Па сутнасьці, мы ўжо залезьлі ў гэтую кропку. Ну што ж мы можам узяць, калі сёньня зьнешнія інвэстары нават эўрабонды разьмяшчаючы ў іншых краінах — а вы ж ведаеце, ужо пад якія працэнты — і тое адмаўляюцца, не бяруць гэтыя эўрабонды. Хоць практычна гэта звычайны крэдыт, які трэба вяртаць, тыя ж 8,5-9% гадавых. Але ж гэта сур’ёзна, іх жа трэба таксама вярнуць!».

Аналітыкі прагназуюць: нягледзячы на нядаўнія заявы Аляксандра Лукашэнкі — маўляў, ніякага «бандыцкага распродажу краіны ня будзе» — атрыманьне крэдыту ЭўраАзЭС абстаўленае жорсткімі ўмовамі з боку Расеі. І перадусім гэта тычыцца якраз прыватызацыі стратэгічных прадпрыемстваў і галінаў эканомікі. Хоць антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС фармальна існуе на ўнёскі зь бюджэтаў краін-удзельніц, прапорцыя мае яскрава расейскі ўхіл. Так, доля Расеі ў статутным капітале фонду — 7,5 мільярда даляраў, Казахстана — 1 мільярд даляраў. А доля Беларусі — усяго 10 мільёнаў даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG