Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамічны крызіс, праблемы з набыцьцём наяўнай валюты, высокая арэндная плата й падаткі вымушаюць індывідуальных прадпрымальнікаў Гомеля зачыняць свае шапікі, распрадаваць рэшту тавараў. Асабліва гэта бачна ў новым паркінгу ля Цэнтральнага рынку.

Ад пачатку чэрвеня ў паркінгу спынілі працу дзясяткі прадпрымальнікаў.

Прадпрымальніца спадарыня Сьвятлана, якая з напарніцай да нядаўняга часу гандлявала тут абуткам, а цяпер вымушана спыніць працу: «Скаціліся на мяжу банкруцтва: плаціць арэнду, падаткі няма чым, закупляць тавар няма за што. Ну, і пакупніцкая здольнасьць людзей упала да такой ступені, што невыносна ўсё гэта плаціць. Пакуль напісалі заявы на адпачынак да восені. Калі нічога ня зьменіцца, то наагул — назаўсёды. Пэрспэктывы нулявыя, сыходзім у нікуды. Проста ў нікуды».

Канец гандлю — зачыняемся.

Прадпрымальніца кажа, што падымаць цэны на абутак няма сэнсу. Людзі й без таго купляюць надзвычай рэдка:

«Цэны ўсе вырасьлі. Адпаведна й нам трэба было б падняць іх, бо мы за валюту купляем тавар, і пералічваць яго трэба паводле новага курсу. А людзі заробкі атрымліваюць ранейшыя, многім іх нават зьніжаюць. Купляць няма за што. Абутак жа скураны. Людзі часьцей купляюць абутак з замяняльнікаў скуры, іншыя наагул адмаўляюцца — масава нясуць стары абутак у рамонт».

Некаторыя прадпрымальнікі пачалі масава распрадаваць свае тавары, каб спыніць гандаль з пачаткам наступнага месяца, бо ўлады ніяк не вырашаюць праблемы дробных гандляроў — ні з набыцьцём валюты, ні, напрыклад, са зьніжкамі арэнднай платы, якая сягае цяпер да 50 эўра за квадратны мэтар.

Прадпрымальніца Кацярына: «Прадаём тавар па цэнах закупкі, каб хоць якія-кольвечы грошы былі ў кішэні. Прыбытку ніякага! Але ж хлеб за штосьці купіць трэба, за кватэру заплаціць трэба. Во куртка вісіць — гэта нашы грошы. Хоць бы крыху вярнуць. Калі нічога ня зьменіцца, мы — банкруты».
Калі нічога ня зьменіцца, мы — банкруты.

Пакупнікі, у сваю чаргу, жаляцца, што ні на рынак, ні ў дзяржаўныя крамы цяпер без валяр’янкі хадзіць не выпадае. Цэны шакуюць, кажа гараджанка ў гадах. Ніякіх зьніжак, абяцаных уладамі, не заўважна:

«Ня бачыла, ня бачыла. Толькі па тэлебачаньні й дзяржаўным радыё кажуць, а каб зьніжалі цэны — ня бачыла. Усё шакуе! Загляні ў краму — і без валяр’янкі не заходзь туды».

Такой жа думкі трымаецца й пэнсіянэр спадар Аляксей: «Каго яны могуць задаволіць, такія цэны? Прынамсі, ня нас, пэнсіянэраў. На прамысловыя вырабы ўжо й не глядзіш, а глядзіш найбольш на харчы. Цэны там не на якіясьці працэнты вырасьлі, а ў разы падскочылі — на алей, каўбасы, мяса, цукар. Учора жонка брала буракі сталовыя — 16 тысяч за кілё. Гэта ж здурнець можна! Раней імі сьвіней кармілі, а зараз самі купляем буракі за 16 тысячаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG