Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы атрыманьня Беларусьсю крэдытаў МВФ?


Беларусь зьвярнулася па крэдытную падтрымку да Міжнароднага валютнага фонду. Ці будзе Захад выстаўляць палітычныя ўмовы? Якое значэньне пры вырашэньні гэтага пытаньня будзе мець геапалітычны чыньнік? Якія эканамічныя патрабаваньні можа выставіць МВФ?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы.

Андрэй Фёдараў
Каміль Клысінскі
Валер Карбалевіч


Наколькі сур’ёзны гэты крок?


Валер Карбалевіч: «Беларусь афіцыйна зьвяртаецца да МВФ з просьбай выдзеліць крэдыт. Як адзначыў прэм’ер-міністар Мясьніковіч, Менск просіць пазыку ў памеры 3–8 млрд. даляраў. Наколькі сур’ёзны гэты крок? Некаторыя экспэрты кажуць, што гаворка ідзе толькі пра шантаж Расеі і больш нічога».

Андрэй Фёдараў: «Тут няма супярэчнасьцяў. Адно другога не выключае. Хіба што можна весьці гаворку, дзе кіраўніцтва Беларусі больш выйграе. Ці то справакуе Расею на пазытыўныя крокі адносна крэдытаваньня Беларусі, ці рэальна атрымае грошы ад МВФ. Беларускі бок тут нічога ня страчвае. Узгадаем, што міністар фінансаў Расеі Кудрын ці то з іроніяй, ці то сур’ёзна раіў Беларусі зрабіць гэты крок».

Каміль Клысінскі: «Сапраўды, беларускі бок тут нічога ня страчвае. Можна адначасова паспрабаваць і Расею напужаць, і атрымаць грошы ад МВФ.

Але сытуацыя такая, што як страчваць няма чаго, так і атрымаць няма чаго. Ня думаю, што існуе шанец атрымаць гэты крэдыт — зь дзьвюх прычын. Найперш пра эканамічную плашчыню. МВФ вельмі крытычна ацэньвае эканамічную палітыку беларускіх уладаў у апошнія паўгода. Менск не прыслухоўваецца да ніводнай рэкамэндацыі экспэртаў фонду. І гэта выклікае недавер МВФ да кіраўніцтва Беларусі. Але гэтыя праблемы вырашальныя.

Самае галоўнае — гэта палітычная плашчыня. І тут у афіцыйнага Менску няма прасторы для манэўру. Найперш, гэта праблема палітзьняволеных. Вельмі дрэнныя дачыненьні у Беларусі з ЗША і ЭЗ.

Зь іншага боку, Расея таксама ня будзе ўспрымаць усур’ёз гэты крок. Масква добра разумее, ў якім стане знаходзіцца Беларусь. Пазыцыя Менску вельмі слабая, каб ціснуць на РФ».

Ці будзе Захад выстаўляць палітычныя ўмовы?


Карбалевіч: «МВФ — эканамічная арганізацыя, і пры абмеркаваньні праграмаў з рознымі краінамі фонд палітычных умоваў не выстаўляе. Але іх можа выставіць Захад на перамовах па-за рамкамі МВФ. Як вы думаеце?».

Фёдараў: «Найбольшую колькасьць галасоў у МВФ маюць ЗША — больш за 17%. ЭЗ мае 30%. Калі прыплюсаваць галасы Канады і Японіі, то атрымаецца больш за палову. Пры абмеркаваньні пытаньня па Беларусі дастаткова простай большасьці.

ЗША і ЭЗ ня могуць ігнараваць палітычную сытуацыю ў Беларусі, праблему правоў чалавека. Палітычныя ўмовы будуць выстаўленыя не на паседжаньні Рады МВФ, а падчас кулюарных дыпляматычных перамоваў.
Палітычныя ўмовы будуць выстаўленыя не на паседжаньні Рады МВФ, а падчас кулюарных дыпляматычных перамоваў.

Нават фармальна фонд мае шмат падставаў, каб адмовіць Беларусі. Акрамя таго, што Беларусь не выконвае рэкамэндацыі МВФ, Менск ня выканаў выстаўленыя фондам умовы падчас рэалізацыі папярэдняй праграмы МВФ. Грошы ўзяў (3,5 млрд. даляраў), а патрабаваньні ня выканаў».

Карбалевіч: «Ці магчымы такі разьмен: вызваленьне палітвязьняў у абмен на крэдыт МВФ?».

Клысінскі: «Гэта будзе азначаць гандаль палітвязьнямі, а Захад гэта адмаўляе. Вызваленьне вязьняў — гэта толькі першапачатковая ўмова, гэта нулявы варыянт. Толькі пасьля гэтага магчымыя сур’ёзныя перамовы. Нават калі ў ЭЗ ня будзе згоды, жорсткай пазыцыі, то пазыцыя ЗША будзе жорсткай і вырашальнай. А ў Канады яшчэ больш жорсткая пазыцыя.

Магчыма, калі да верасьня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні і, што вельмі важна, будзе зьнятая судзімасьць з усіх, хто пакараны ўмоўна, патрэбны будуць яшчэ новыя крокі беларускіх уладаў у бок дэмакратызацыі. Хоць бы стварыць той клімат, які існаваў перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Тады, магчыма, нешта ўдасца.

Але пакуль такіх рухаў з боку кіраўніцтва Беларусі я ня бачу. Лукашэнка, здаецца, не разумее да канца, што адбываецца, ён робіць стаўку на захаваньне статус-кво. Зь іншага боку, часу няма, грошы патрэбныя хутка. А Расея ставіць свае ўмовы. Таму пазыцыя Менску вельмі ўразьлівая».

Роля геапалітычнага чыньніку


Карбалевіч: «Ці можа вырашальную ролю ў гэтым пытаньні адыграць геапалітычны чыньнік? Маўляў, цяпер Беларусь апынулася сам-насам з Расеяй, Масква чыніць моцны ціск на Менск, пад пытаньнем сувэрэнітэт Беларусі. І дзеля таго, каб зьменшыць залежнасьць Беларусі ад Расеі, можна і даць крэдыт МВФ, заплюшчыўшы вочы на палітвязьняў. Наколькі рэальны такі сцэнар?».

Фёдараў: «Цалкам выключаць такі варыянт я б ня стаў. Захад будзе пільна ўзважваць, наколькі вялікая небясьпека для Беларусі апынуцца ў абдымках Масквы.

Ня думаю, што гэты чыньнік будзе галоўным, калі захад будзе прымаць рашэньне. Бо папярэдні досьвед паказвае, што Менск толькі выкарыстоўвае падтрымку Захаду ў сваіх інтарэсах. І ў выніку беларускае кіраўніцтва можа апынуцца ў ролі таго хлопчыка зь вядомай казкі, які шмат разоў без рэальных падстаў крычаў „Ваўкі“, клікаў на дапамогу, а потым, калі насамрэч прыбеглі ваўкі, ніхто ня стаў яго абараняць.
Захад будзе пільна ўзважваць, наколькі вялікая небясьпека для Беларусі апынуцца ў абдымках Масквы.

Усё ж галоўным пры прыняцьці рашэньня аб крэдыце будзе, па-першае, выкананьне Менскам палітычных умоваў, пра якія добра распавёў сп. Клысінскі, па-другое, выкананьне эканамічных умоваў.

Думаю, калі і будзе прынятае рашэньне аб крэдыце, то, па-першае, аб’ём яго будзе не 8 млрд., а хоць бы 3 млрд. даляраў. Па-другое, крэдыт будзе выдзяляцца малымі траншамі па меры выкананьня Менскам усіх выстаўленых умоваў».

Клысінскі: «Вядома, у аналітыцы нельга выключаць розныя варыянты. Але ёсьць варыянты больш верагодныя і менш верагодныя. Дык вось гэты варыянт малаверагодны.

Захад мае дрэнны досьвед ранейшага супрацоўніцтва з кіраўніцтвам Беларусі. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі Захад падтрымаў Менск ва ўмовах жорсткага ціску з боку Расеі. А Лукашэнка, выкарыстоўваючы гэтую падтрымку, дамовіўся з Расеяй 9 сьнежня (як цяпер высьвятляецца, вельмі няпэўна), і потым павярнуўся сьпінаю да Захаду. Гэты ўрок застаўся ў памяці палітыкаў ЗША і ЭЗ, таму цяпер яны будуць вельмі асьцярожныя».

Якія эканамічныя патрабаваньні можа выставіць МВФ?


Карбалевіч: «Якія эканамічныя ўмовы можа выставіць МВФ? Ці гатова будзе беларускае кіраўніцтва пайсьці на трансфармацыю беларускай сацыяльнай мадэлі дзеля атрыманьня грошай МВФ?».

Фёдараў: «Усё залежыць ад таго, якое будзе эканамічнае, сацыяльнае становішча ў Беларусі. Калі ўлады сутыкнуцца з акцыямі пратэсту насельніцтва, то, магчыма, яны выканаюць патрабаваньні МВФ. Але ўлады маюць рэзэрвы ў выглядзе дзяржпрадпрыемстваў, якія можна прадаваць».

Клысінскі: «З 1 па 12 чэрвеня ў Менску працуе місія МВФ. Экспэрты фонду ўжо даўно раілі беларускім уладам правесьці дэвальвацыю. Калі б гэта было зроблена ў лютым-сакавіку, то яна была б значна меншая, чым тая, якая адбылася ў траўні.

Таксама МВФ патрабуе скарачэньня дзяржаўных выдаткаў і іншага. Усё залежыць ад рашэньня Лукашэнкі. Але нарада ў прэзыдэнта 27 траўня не абнадзейвае».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG