Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмяніць парад? Навошта, калі грошай хапае


Марыяна Шчоткіна
Марыяна Шчоткіна
Улады заяўляюць, што ў краіне няма недахопу сродкаў для аказаньня дзяржаўнай дапамогі малазабясьпечаным грамадзянам. Пра гэта паведаміла сёньня журналістам у Палаце прадстаўнікоў міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Тым часам рэальныя заробкі і пэнсіі ў выніку апошняй дэвальвацыі зьнізіліся напалову, а абяцанае падвышэньне на 14 працэнтаў пэнсіянэры дачакаюцца толькі ў наступным месяцы.

Заяве міністра Шчоткінай папярэднічала пытаньне журналістаў: ці гатова яе міністэрства выступіць з ініцыятывай аб адмене вайсковага параду 3 ліпеня? Маўляў, гэта дазволіла б зэканоміць грошы для тых людзей, якім яны асабліва патрэбныя.

Міністар Шчоткіна адказала, што ў гэтым няма неабходнасьці:

«У нас няма сёньня недахопу сродкаў. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога для малазабясьпечаных грамадзянаў даецца з рэспубліканскага бюджэту. Бюджэт пражытачнага мінімуму павялічваецца штоквартальна. Сродкі для аказаньня дапамогі гэтым людзям (колькі б іх ні зьвярнулася і калі яны падпадаюць пад гэтую катэгорыю) будуць знойдзены, ды яны і ёсьць. І таму сёньня адмяняць нешта няма неабходнасьці».

Яна дадала, што ў рэгіёнах ёсьць сьпісы грамадзян, якім неабходна дапамагчы. І гэта не абавязкова толькі грошы. Існуе дапамога і ў натуральным выглядзе, калі тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня перадаюць людзям прадукты харчаваньня з гуманітарнай дапамогі.

Пэнсіянэр, інвалід па зроку з Капыльскага раёну Віктар Дашкевіч сёньня сказаў «Свабодзе», што ён, наадварот, чуе толькі пра недахоп грошай у сацыяльных структурах:

«Па нашай акрузе — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Лаўрукевіч. Яна вяла ў нас у Капылі прыём выбарцаў. І я ёй задаю пытаньне: паводле дзяржаўнай праграмы для інвалідаў усе верхнія і ніжнія прыступкі ганкаў дзяржустановаў павінны фарбавацца яркай фарбай. У Капылі гэтага зусім няма.

Лаўрукевіч мне кажа, што гэта ж не такая цяжкая праца. Я ёй адказваю: так, тут няма пра што спрачацца. Але прайшло ўжо 5 гадоў, а нічога ня зроблена. Тады яна мне кажа: зробім».

Аднак дагэтуль нічога па-ранейшаму ня зроблена, працягвае пэнсіянэр:
Справа не ў цане, а ў тым, што плявалі яны на гэтых інвалідаў, пэнсіянэраў ды ўсіх астатніх.

«Я пасьля даведаўся ў дарожнікаў, якія разьметкі на дарогах фарбай робяць, што гэта ніякая ня імпартная, а наша, беларуская фарба, якая вырабляецца ў Фаніпалі. Справа не ў цане, а ў тым, што плявалі яны на гэтых інвалідаў, пэнсіянэраў ды ўсіх астатніх. Я ня вытрымаў, пайшоў да нашай раённай чыноўніцы — галоўнай за сацыяльныя пытаньні. Дык яна пачала выкручвацца: маўляў, гэта ня простая фарба, ды грошай колькі трэба. Вось вам і дэпутата адказ, і раённых чыноўнікаў».

Аляксандар Сасноў ва ўрадзе Міхаіла Чыгіра займаў тую ж пасаду, што і Марыяна Шчоткіна цяпер. Выказваньне дзейнага міністра былога кіраўніка галіны ня дзівяць:

«Цяперашні міністар — гэта палітычная фігура, якую прызначыў Лукашэнка. І дзеля таго прызначыў, каб гэты міністар менавіта ягоную палітыку даводзіў да людзей. Яна і даводзіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG