Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майкл Скэнлан: ЗША ня будуць весьці торг вакол палітычных зьняволеных


Майкал Скэнлан

Майкал Скэнлан

Урад Злучаных Штатаў Амэрыкі ня будзе весьці торг вакол палітычных зьняволеных, заявіў у інтэрвію Белапан часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

Ён падкрэсьліў, што ў гэтым пытаньні пазыцыя ЗША "вельмі дакладная і ясная — вызваленьне усіх палітзьняволеных, зьняцьце з іх усіх абвінавачаньняў і адмена усіх прыгавораў".

Камэнтуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі аб магчымасьці вызваленьня тых, каго судзяць у сувязі з падзеямі 19 сьнежня, Скэнлан сказаў: "Перш за усё, наколькі я зразумеў з гэтай заявы, кажучы пра "гэтак званых палітзьняволеных", Лукашэнка падразумяваў толькі экс-кандыдатаў у прэзыдэнты. Калі мы кажам пра палітзьняволеных у Беларусі, мы маем на увазе прыблізна 50 чалавек, якім прад'явілі абвінавачаньні ў сувязі з падзеямі 19 сьнежня і большасьць з якіх ужо асуджаны".

Скэнлан нагадаў пра зробленую 27 траўня заяву Барака Абамы. Прэзыдэнт ЗША, у прыватнасьці, заявіў: "Прытрымліваючыся нашых каштоўнасьцяў і прынцыпаў, урад Злучаных Штатаў будзе ўводзіць новыя санкцыі ў дачыненьні да асобных беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў у дапаўненьне да санкцый, візавых абмежаваньняў і замарожваньня актываў, абвешчаных 31 студзеня. Гэтыя меры скіраваны супраць асоб, адказных за рэпрэсіі..."

"Наша палітыка была, ёсьць і будзе заставацца такой", — падкрэсьліў Скэнлан.

Нагадаем, Аляксандар Лукашэнка не выключыў магчымасьці вызваленьня арганізатараў масавых беспарадкаў. "Ужо усіх вызвалілі, апрача двух, якія ў авангардзе ішлі. Вызвалім і тых, напэўна. Няма чаго дзяржаўныя грошы транжырыць у турме, праядаць хлеб", — заявіў ён 25 мая падчас свайго афіцыйнага візыту ў Казахстан.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG