Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Баршчэўскі: "25 жніўня будзе адным з галоўных сьвятаў"


Лявон Баршчэўскі з дочкамі Веранікай і Аленай

Лявон Баршчэўскі з дочкамі Веранікай і Аленай

20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме "Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці" штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Лявона Баршчэўскага, як дэпутата Апазыцыі БНФ, з поўным правам можна называць адным са стваральнікаў беларускай незалежнасьці. У 1990 годзе ён стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету, а ў жніўні 91-га браў самы непасрэдны ўдзел наданьні Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы. З 19 жніўня 1991 году адлічваецца і ягоны працоўны стаж у Беларускім гуманітарным ліцэі, дзе ён цяпер намесьнік галоўнага дырэктара. За дваццаць гадоў у Лявона Баршчэўскага ўжо 800 гадаванцаў. Сярод іх і тры дочкі самога Лявона Баршэўскага — Алена, Вераніка і Алеся.

Старэйшая, Алена, згадвае жыцьцё сваёй сям’і ў другой палове 80-х:

Алена Баршчэўская: "Уласна, было цяжкавата ў той час. Інтэрнэты, інтэрнаты. Але ўвогуле было цікава, калі да бацькі прыходзілі сябры, размаўлялі па-беларуску. Колькі сябе памятаю, па-беларуску размаўляла ў дзяцінстве. Што ж да Баршчэўскіх — добры род, разумны, можна толькі ганарыцца, што мы да яго належым. У інтэрнаце доўга пражылі — да 1991-га. Але быў дух свабоды. Магчыма, гэта толькі маё нейкае меркаваньне, але ў апошні час нібыта нешта цісьне. Ня тое што гэта нейкія законы, а сама атмасфэра. А вось тады быў дух свабоды".

Лявон Баршчэўскі: "Гэта быў гістарычны час. Цяпер, можа, час больш хуткаплынны, і адно пакаленьне здольнае і два разы такі час перажыць. Але раней перажыць тое, што было ў 1990—91 годзе, даводзілася людзям, як правіла, аднаго пакаленьня. Так, як гэта было з Другой усясьветнай вайной, напрыклад. З другога боку, гэта быў час надзеі, бо абрыналіся горы хлусьні, і гэта адчувалася. Двайныя-трайныя стандарты — "гавару адно, думаю другое, раблю трэцяе" — гэта была тыповая мадэль паводзінаў у савецкі час. Яна пачынала абрынацца. І як для мяне — гэта быў час, калі зьяўляліся шансы беларускага адраджэньня. Як бы людзі адчувалі, што занядбаная мова, гісторыя. На курсы гісторыі дарослыя людзі хадзілі проста натоўпамі, і ім было гэта ўсё цікава. Гэты час незабыўны і вельмі цікавы.

Футбольная каманда дэпутатаў ВС 12 скліканьня. Лявон Баршчэўскі — сядзіць у цэнтры.

Такія грандыёзныя крокі заўсёды робіць усё ж такі меншасьць, эліта, у якім бы сэнсе мы ні ўжывалі гэтае слова. Іншае пытаньне, ці гатовая большасьць да нейкіх перамен. У той час большасьць была гатовая. Позьняя перабудова дала нечаканую свабоду думак — пра самыя вострыя праблемы гаварылі ў адкрытую, чаго нашыя пакаленьні і папярэднія даўно ня чулі. Грамадзкая думка гэта ўспрыняла. Я ўвесь час прыводжу такую лічбу: калі ў першыя тыдні пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі — 25 жніўня 1991 году — праводзіліся апытаньні, 69—70% гэта падтрымалі. І Віскулёўскія пагадненьні большасьць насельніцтва падтрымала, хоць гэта быў больш цяжкі час — час эканамічнага крызісу, пустыя прылаўкі і г.д.

Але гэта быў час надзеі, таму нічога ня ўпала зь неба. Грамадзкая думка была падрыхтаваная. І гісторыя ўсё падрыхтавала. І раней змагаліся людзі за лепшае жыцьцё, за тое, каб быць самастойнымі, можа, не да канца гэта ўсьведамляючы, — у войнах папярэдніх. І бацькі БНР — яны марылі пра гэта, змагаліся за гэта. Ну, а нашаму пакаленьню ўдалося больш, чым ім, у нейкім сэнсе".

Ведаючы Лявона Баршчэўскага як актыўнага палітыка, які заўсёды займае кіроўныя пасады, цяжка ўявіць, што напачатку ён ня думаў пра грунтоўную палітычную кар'еру і дэпутацтва стала для яго выпадковасьцю:

Лявон Баршчэўскі: "Гэта абсалютны выпадак, таму што ў нас у
я быў такім шараговым дзеячам, які гатовы быў дапамагаць іншым, але не высоўвацца ў першыя шэрагі ...

Наваполацку павінен быў быць Сяржук Сокалаў-Воюш. Ён актыўна ўвайшоў у палітыку, галадоўкі праводзіў, гуртаваў людзей. Але здарылася так, што па ягонай акрузе не ўдалося вылучыць кандыдата. Такім чынам, у нас правалілася адна з трох наваполацкіх акруг. А там зьявіўся шанец, што мне ўдасца паспрабаваць вылучыцца ад унівэрсытэту, дзе я працаваў. Я вылучыўся, і мяне выбралі, дзякуючы падтрымцы студэнтаў, у першую чаргу, і шараговых выкладчыкаў. Вядома, што партыйнае кіраўніцтва было супраць — яно мела свайго кандыдата, і кіраўніцтва ўнівэрсытэту было супраць. Для мяне было вымушана абсалютна, я не зьбіраўся, быў такім шараговым дзеячам, які гатовы быў дапамагаць іншым, але не высоўвацца ў першыя шэрагі".

Лявон Баршчэўскі


У тыя часы Лявон Баршчэўскі ўжо адточваў майстэрства перакладчыка і выкладчыка, аднак час вымагаў ад яго іншых дзеяньняў. Для Алены бацька быў і застаецца найперш творцам:

Алена Баршчэўская: "Я хачу падкрэсьліць, што я кажу пра свае асабістыя адчуваньні. Для мяне ён перш за ўсё паэт, вельмі тонкі чалавек. Магчыма, гэта больш асабістае, але палітыка ў мяне асацыюецца зь нейкай грубасьцю. А ў выпадку бацькі гэта культура, цывілізацыя. Ён вельмі цывілізаваны. Я яго заўсёды найперш успрымала як творчага дзеяча. Адраджэньне не як палітычны момант, а як менавіта культурны".

Радыё Свабода: "Спадар Лявон, а вам не шкада было кідаць выкладчыцкую, творчую дзейнасьць і ісьці ў палітыку?".

Лявон Баршчэўскі: "Шкада, бясспрэчна шкада. Але, разумееце, калі мы прыйшлі ў Вярхоўны Савет, там жа таксама адбыўся правал другога эшалёну. Лідэраў выбралі, такіх, як Зянон Пазьняк, а ягоныя намесьнікі — Хадыка, Ткачоў, пісьменьнікі нашыя знакамітыя — Барадулін, Законьнікаў, — яны недабралі галасоў. Дакладней, яны дабралі, але ў выніку розных маніпуляцый ім абнізілі вынік да 49—48 з паловай працэнтаў. Яны ня сталі дэпутатамі. Атрымаўся такі прагал паміж лідэрамі і тымі, хто прыйшоў "зь нізоў". І вось нам з узроўнем загадчыкаў лябараторый давялося займаць гэтую нішу".

Камуністычная ўлада відавочна імкнулася такім чынам аслабіць будучыя пазыцыі незалежных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, аднак палітычная і гістарычная сытуацыя была такая, што нават у адносна свабодных умовах, трапіўшы ў Вярхоўны Савет, незалежныя дэпутаты за лічаныя дні і месяцы дабіралі таго досьведу, якога старыя кіраўнікі не займелі за гады. Вось меркаваньне былога дэпутата апазыцыі БНФ Сяргея Навумчыка:

Сяргей Навумчык: "У гэтых словах Лявона выявілася ўласьцівая яму сьціпласьць. Вядома, камуністычная ўлада на выбарах 1990 году напоўніцу скарыстала "адміністрацыйны рэсурс", і тое, што ў Вярхоўным
эканамічны і вытворчы досьвед да моманту абраньня дэпутатамі Ўладзімера Заблоцкага, Сяргея Папкова ці Юрася Беленькага быў непараўнальна большы, чым, напрыклад, пазнаньні пісьменьніка ці фізыка...

Савеце не было шмат якіх вядомых у Народным Фронце асобаў, — гэта страта. Але я ня стаў бы казаць, што ў Вярхоўны Савет прыйшлі нейкія "другарадныя" людзі. Бо, напрыклад, эканамічны і вытворчы досьвед да моманту абраньня дэпутатамі Ўладзімера Заблоцкага, Сяргея Папкова ці Юрася Беленькага быў непараўнальна большы, чым, напрыклад, пазнаньні пісьменьніка ці фізыка. Па-другое, за тры дні першай сэсіі ВС (якая ішла ў прамой тэлерадыётрансьляцыі) дэпутаты набылі, безь перабольшваньня, агульнанацыянальную вядомасьць, проста непараўнальную зь нікім іншым з кіраўнікоў БНФ, якія ў склад парлямэнту ня трапілі. І галоўнае: ужо празь некалькі месяцаў працы ў Вярхоўным Савеце (дзе была распрацоўка Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, і законапраектаў, і дыскусіі (публічныя і "кулюарныя") з прэм’ер-міністрам і членамі ўраду) — дэпутаты набылі такі палітычны вопыт, якога ніхто ў гісторыі Беларусі ў апошнія дзесяцігодзьдзі ня меў. Якраз Лявон Баршчэўскі можа быць у гэтым сэнсе добрым прыкладам. Між іншым, ужо ў 1991 годзе Баршчэўскі падрыхтаваў Закон аб грамадзянстве, шмат якія палажэньні якога былі прынятыя большасьцю Вярхоўнага Савету.

Радыё Свабода: "Спадар Лявон, якім вы памятаеце 1991 год?".

Лявон Баршчэўскі: "Шчыра скажу, на пачатку году нас вельмі трывожыла постчарнобыльская сытуацыя. Ідэя нашая была — шукаць дапамогу па ўсім сьвеце чарнобыльскім рэгіёнам, і, можа, нават высяляць частку людзей за мяжу. Тут не высялялі, бо высяляцца няма куды. Мы з гэтым праектам езьдзілі па сьвеце — у ЗША і ў Канаду. Красавіцкія падзеі здарыліся якраз тады, калі мы былі за акіянам і займаліся гэтымі праблемамі. Мы таксама асабліва не турбаваліся, бо ведалі, што тут ёсьць лідэры, здольныя знайсьці кантакт з рабочым асяродзьдзем, з рабочым рухам, дапамагчы ім. І гэтая дапамога прывяла да таго, што ў масе народа ўзьнікла адчуваньне, што старая ўлада хісткая, што яна з дапамогай апазыцыі ў Вярхоўным Савеце можа ўрэшце разваліцца.

І было мноства прыкладаў, калі людзі са старой намэнклятуры пераходзілі да нас, прапаноўвалі свае паслугі. Можа, не ў адкрытую, але ў кулюарах. Бо яны адчувалі, што будучыні ў апарату, створанага ЦК КПБ, няма, што ён страціць уладу. І гэта быў цікавы час".

Радыё Свабода: "Што адбывалася ў жніўні 1991-га?".

Лявон Баршчэўскі: "Па-першае, зь першага жніўня я сышоў у адстаўку з
У масе народа ўзьнікла адчуваньне, што старая ўлада хісткая, што яна з дапамогай апазыцыі ў Вярхоўным Савеце можа ўрэшце разваліцца ...

пасады намесьніка старшыні пастаяннай камісіі. Паколькі Дземянцей аб’явіў і большасьць Вярхоўнага Савету падтрымала, што будуць падпісваць новы саюзны дагавор, я ў знак пратэсту сышоў, бо ня бачыў сэнсу — што я буду працаваць на заканадаўства, ствараць заканадаўчую базу адукацыі, калі застанецца Савецкі Саюз, які гэта ўсё пакрэсьліць і зьнішчыць. Мой прагноз ня збыўся. Якраз 19 жніўня, калі я быў фармальна беспрацоўны, пачаўся гэты путч. Я быў адным зь першых у будынку Вярхоўнага Савету, бо жыў блізка ад цяперашняй плошчы Незалежнасьці.

Плякат "Далоў Дземянцея" на плошчы Незалежнасьці. Жнівень 1991 г.

Мы тады рабілі тое, што павінны рабіць выбраныя народам дэпутаты: падрыхтавалі звароты, наладзілі сувязь з калегамі ў Маскве, у Піцеры, у Кіеве, мы дабіваліся і трапілі амаль напралом да старшыні Вярхоўнага Савету Дземянцея, які апраўдваў путчыстаў. Мы зразумелі, што тут вырашаецца лёс усяго.

Потым мяне адправілі ў сваю выбарчую акругу, у Наваполацак, дзе мы павінны былі 21 жніўня арганізаваць максымальна вялікі мітынг пратэсту супраць ГКЧП. Але пакуль я прыехаў, мы сабраліся, ужо дайшлі зьвесткі, што ГКЧП пацярпеў паразу, і вечарам таго ж дня я вяртаўся ў Менск, бо насьпяваў гарачы час. Зянон Пазьняк паставіў задачу, што калі мы зараз з гэтай напалоханай намэнклятурай ня прымем неабходныя дакумэнты, то мы іх ніколі ня прымем — аб незалежнасьці, аб сымболіцы і г.д. І мы дзьве ночы да сэсіі пісалі праект — і аб войску беларускім, і аб нацыянальнай гвардыі. Ня ўсё прынялі 24—25 жніўня, але самыя важныя дакумэнты прынялі.

Тое, што ў 20 гадзінаў 8 хвілінаў 25 жніўня была абвешчаная незалежнасьць Беларусі, — гэта гістарычная дата, якая, канечне, нікуды ня дзенецца, якая будзе калісьці сьвяткавацца як адно з самых галоўных сьвятаў".

79-я гадавіна БНР. 1997 г.

Як і шмат ад каго, палітычная актыўнасьць запатрабавала ад Лявона Баршчэўскага асабістых ахвяраў.

Радыё Свабода: "Наколькі палітыкі, прымаючы рашэньні ў маштабах усёй дзяржавы, маюць на ўвазе ўласных дзяцей?".

Лявон Баршчэўскі: "Кепска маюць на ўвазе. У мяне ў выніку гэта і прывяло да разводу зь першай жонкай, таму што мы практычна днямі і начамі езьдзілі, спалі ў машыне. Езьдзілі па вёсках, агітавалі людзей. Гэта, скажу шчыра, не спрыяла нармальнаму сямейнаму жыцьцю. І вось калі я быў дэпутатам, гэта было для мяне вельмі цяжка.

Лявон Баршчэўскі з дачкой Алесяй і жонкай Аленай

Але адмысловай сям’ёй і домам Баршчэўскіх стаў Гуманітарны ліцэй, які скончылі Алена і Вераніка і ў якім вучыцца цяпер малодшая Алеся.

Лявон Баршчэўскі: "Зноў-такі, 19 жніўня, калі я быў бяз працы і калі з раніцы мяне ўсё ж не арыштавалі пасьля таго, як мы зрабілі першыя захады ў Вярхоўным Савеце, пасьля візыту да сп. Дземянцея, я паехаў да спадара Коласа, бо ён мяне клікаў працаваць у ліцэі. Я падумаў, што калі арыштуюць, будуць судзіць, будуць называць "тунеядзец". Гэта быў тады любімы занятак у Савецкім Саюзе — абзываць чалавека "тунеядцам". Кепска, думаю, калі я буду беспрацоўны. Я ў той жа дзень уладкаваўся на працу ў ліцэй, і з 19 жніўня 1991 году адлічваецца стаж маёй там працы. Гэта быў яшчэ ліцэй неаформлены, нядзельны ліцэй, і толькі дзякуючы зноў-такі нашаму ціску супольнаму ўдалося з 1 кастрычніка 1991 году ператварыць яго ў дзённы, нармальны ліцэй, праўда, яшчэ без памяшканьня. З гэтай пары гэта маё асноўнае месца працы. Я працаваў падчас сэсій у Вярхоўным Савеце, у любы перапынак, часам браў машыну, часам гарадзкім транспартам, а калі былі блізка, то пехатою хадзіў. Я ўсе перапынкі ў сэсіях праводзіў на рабочым месцы.

Мітынг ля Опэрнага тэатру. 1995. Зьлева направа: Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Уладзімер Кармілкін, Зянон Пазьняк, Юры Хадыка

Пра ліцэйскія гады згадвае Алена Баршчэўская:

"Калі я пасьля ліцэю паступіла на філфак, які знаходзіцца тэрытарыяльна побач, уласна два крокі ад яго, то я першы час хадзіла такім маршрутам, каб праходзіць паўзь ліцэй. Так было неяк спакайней. Я ведаю, што так рабіла ня толькі я.

Проста цікава было ў ліцэі. Былі спэцыялісты — сапраўдныя фанаты сваіх прадметаў. Да вучняў зьвярталіся з павагай, на "вы", казалі "спадар". І павага ўзьнікала і да выкладчыка".

Вераніка Баршчэўская цяпер выкладае кітайскую і ангельскую мовы, яе лёс таксама зьвязаны зь ліцэем:

Вераніка Баршчэўская: "Ліцэй лічыўся тады вельмі добрай адукацыяй, мне хацелася вельмі туды паступіць, і ў мяне гэта атрымалася. Мне вельмі падабаўся кантынгент і настаўнікаў, і вучняў. Насамрэч гэта была эўрапейская элітная адукацыя. Тыя гады, што я вучылася ў ліцэі, былі аднымі з найлепшых гадоў майго жыцьця. Я шмат чаго зразумела, шмат вельмі ведаў атрымала, якія мне вельмі спатрэбіліся і ў інстытуце, і ў далейшым навучаньні".

Алеся Баршчэўская цяпер здае іспыты за базавую школу. Каб атрымаць атэстат, ёй трэба падрыхтавацца да 15 выпрабаваньняў.

Лявон і Алеся Баршчэўскія

Алеся Баршчэўская: "У прынцыпе, калі падрыхтавацца, то можна здаць іх добра, але ўсё залежыць ад камісіі, як яна ставіцца. Калі ёсьць два выхадныя, то гэта можна запраста падрыхтавацца".

Радыё Свабода: "Спадар Лявон, вы маглі на сваіх дзецях адчуць, як мянялася ў Беларусі адукацыйная сыстэма".

Лявон Баршчэўскі: "Вядома, гэта вельмі лёгкі прыклад. Калі старэйшая
Калі старэйшая дачка ішла яшчэ ў Наваполацку ў першы кляс, не было ніводнага беларускага кляса ...

дачка ішла яшчэ ў Наваполацку ў першы кляс, не было ніводнага беларускага кляса, яна адна мела беларускія падручнікі і адказвала па-беларуску. Вераніка ўжо пайшла, калі якраз быў пад’ём беларускай школы. А ўжо Алеся трапіла ў іншы зусім час. Але, праўда, ёй таксама пашанцавала ў тым пляне, што першая настаўніца ў іх вельмі адказна ставілася і да беларускай мовы, і чытала зь імі, і выхоўвала. Я ёй таксама вельмі ўдзячны, і даволі быў дружны кляс. Адчуваньне адказнасьці ва ўсіх траіх выхавана. Можна спрачацца пра нейкія іншыя рысы — хто лепш вучыўся ці вучыцца, яшчэ нешта, але пачуцьцё адказнасьці ёсьць.

Радыё Свабода: "А ў ліцэі якія зьмены адбываліся?"

Лявон Баршчэўскі: "І раней дзеці прыходзілі прыкладна такога ж узроўню — адносна слаба падрыхтаваныя, з кепскім веданьнем беларускай мовы. Нешта цяпер падобнае адбываецца, але цяпер у гэтага іншыя прычыны — гэта ўжо вынікі рэформаў і таго, што навараціла ў сфэры адукацыі сучасная ўлада. А тады гэта былі вынікі савецкай сыстэмы адукацыі. Аднак было трошкі больш энтузіязму і веры. Людзі ішлі з пэўных кар’ерысцкіх памкненьняў, аддавалі дзяцей, бо думалі — за гэтым будучыня, што дзіця будзе чыноўнікам у незалежнай Беларусі і яму ж трэба беларускую мову добра ведаць. Да 1995—1996 году ў нас на пэўных этапах дасягаў да 16 чалавек на месца конкурс пры паступленьні. Мы самі рабілі, мы самі набіралі настаўнікаў, выкладчыкаў, мы самі пісалі праграмы, мы самі ўдзельнічалі ў стварэньні і падручнікаў, і канцэпцыі далейшага рэфармаваньня сыстэмы адукацыі. Гэта была творчая праца. Менавіта творчы бок гэтай працы мяне заўсёды і прыцягваў у першую чаргу. Усё новае, усё ў першы раз. Усё тое, што там калісьці рабілася ў даваеннай Віленскай гімназіі, мы і гэта перасягнулі і пайшлі далей, паставілі на новы ўзровень — навуковы ўзровень. Нават калі афіцыйна нас зачынілі, не магло гэта проста так зьнікнуць. Гэта плён напрацовак цэлага пакаленьня людзей — неабыякавых, таленавітых, заангажаваных у гэтую справу. Таму нас і не ўдалося зьнішчыць.

Цяпер, канечне, конкурсаў тых няма, натуральна. Частка бацькоў вельмі
Усё тое, што там калісьці рабілася ў даваеннай Віленскай гімназіі, мы і гэта перасягнулі і пайшлі далей ...

спадзяецца, што дзеці зьедуць з краіны. Ня ўсе, на шчасьце, але для многіх гэта менавіта дадатковая магчымасьць павучыцца за мяжой. Ведаючы, якая ў нас сытуацыя з гуманітарным кадрамі, асабліва наракаць за гэта таксама не выпадае. Тым больш што ўсе абяцаюць, што як толькі сытуацыя палепшыцца, усе яны з радасьцю вернуцца і ўключацца ў будаўніцтва новай Беларусі.


Лявон Баршчэўскі з дачкой Алесяй, Валянцін Голубеў, Лех Валэнса

Радыё Свабода: "Вам не шкада дачкі, што ёй так цяжка даводзіцца вучыцца?".

Лявон Баршчэўскі: "Я заўсёды зыходжу з таго, што гэта якраз дае ўпэўненасьці чалавеку ў жыцьці, што ён ня выседзеў свае адзнакі школьныя, а меў магчымасьць спраўдзіць у аб’ектыўнай незаангажаванай камісіі. Так жа, скажам, у Польшчы: усе іспыты за гімназію, за ліцэй прымае камісія ня з гэтай школы, прымае нэўтральная камісія. Таму я лічу, што гэта правобраз нашага нармальнага ўдзелу ў эўрапейскім адукацыйным працэсе. Так што нічога страшнага. Тым больш што мы ж ня першыя. У нас з 2003 году ўжо колькі гадоў, колькі вучняў здало такім чынам іспыты. Некаторыя здалі бліскуча, некаторыя блізка да мэдаля".

Усе тры дачкі Лявона Баршчэўскага зьвязваюць сваё жыцьцё з вывучэньнем моваў, праўда, ніводная зь іх ня бачыць сябе ў ролі настаўніцы. За выбар прафэсіі яны ўдзячныя бацьку, якім ганарацца.

Вераніка Баршчэўская: "У бацькі заўсёды быў свой унутраны сьвет, у якім ён жыў. І яму ўдалося разьвіць у сабе ўсе здольнасьці — і палітыка, і перакладчыка, і адукатара".

Мітынг 2 сакавіка 1996 году

Радыё Свабода: "Алена, як вы ставіцеся да таго, што паэты ідуць у палітыку?".

Алена Баршчэўская: "Гэта традыцыйна. Мова і народ, мова і дзяржава,
Каб быць паэтам на гэтай зямлі, трэба арганізаваць прастору ...

мова як культура і дзяржава, дзе носьбіты гэтай мовы могуць жыць неяк вольна. Там, дзе няма такога палітычнага пытаньня, паэты могуць займацца толькі творчасьцю. А ў нас паэты ідуць у палітыку, каб дыхаць свабодна было. Для таго каб быць паэтам на гэтай зямлі, трэба арганізаваць прастору, каб можна было вольна тварыць".

Алена Баршчэўская гадуе маленькую дачку Алісу, якой цяпер 9 месяцаў. Што чакае першую ўнучку Лявона Баршчэўскага?

Лявон Баршчэўскі: "Яе чакае новае лепшае жыцьцё. Час цяпер гістарычны сьціснуты, усе падзеі, на якія трэба былі дзесяцігодзьдзі, яны адбудуцца хутчэй. Думаю, што яе лёс будзе зьвязаны зь Беларусьсю, і зь Беларусьсю іншай — бліжэйшай да той мары, якую мы маем".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG