Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Мікалая Статкевіча: "Калі галава сына ў пашчы льва, асабліва не пагаворыш"


На "Валадарцы" адбылася сустрэча сына і бацькі Статкевічаў. Прызначаны разгляд касацыйнай скаргі Эдуарда Лобава і Зьмітра Дашкевіча. Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы Марэк Мігальскі просіць кіраўніцтва ізалятара на Валадарскага забясьпечыць кваліфікаваную мэдычную дапамогу Дзьмітру Бандарэнку.

2 чэрвеня бацька засуджанага экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча Віктар Статкевіч сустрэўся з сынам у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску. Днём раней гэтая сустрэча павінна была адбыцца ў ізалятары КДБ, але выявілася, што Міколу Статкевіча ўжо перавялі на "Валадарку". Віктар Статкевіч размаўляў з сынам гадзіну. Мікалай знаходзіцца ў 42-й камэры, разам зь ім там 13 чалавек. Ці ёсьць у палітыка сваё спальнае месца, ён не паведаміў. І бацька Мікалая Статкевіча пра ўмовы ў ізалятары шмат гаварыць таксама не захацеў. "Калі галава сына ў пашчы льва, асабліва не пагаворыш", — патлумачыў нешматслоўнасьць Віктар Статкевіч.

Віктар Статкевіч
"Трымаецца ён добра. Казаў, што ня скардзіцца на здароўе. Схуднеў, вядома, але — нічога. Казаў, што імкнецца падтрымліваць фізычную форму, ходзіць на прагулкі. Пра суд казаў, што гэта сьмеху варта, а ня суд. І ён абавязкова будзе падаваць скаргу. Хоць пэўна, што ня верыць у зьмену прысуду ў лепшы бок".


Віктар Статкевіч сустрэўся з сынам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:28 0:00
Наўпроставы лінк



Таксама ў ізалятары на Валадарскага з 1 чэрвеня знаходзяцца Аляксандар Класкоўскі і Аляксандар Квяткевіч, якіх трымалі, як і Мікалая Статкевіча, у СІЗА КДБ і судзілі разам зь ім і з кандыдатам на прэзыдэнта Дзьмітрыем Вусам. Маці Аляксандра Квяткевіча Алена паведаміла "Свабодзе", што яе сын зьбіраецца напісаць заяву на хутчэйшы перавод у калёнію, бо ўмовы ўтрыманьня на "Валадарцы" значна горшыя.

Паводле Марыны Лобавай, маці асуджанага на 4 гады маладафронтаўца Эдуарда Лобава, разгляд касацыйнай скаргі ягонага сына і Зьмітра Дашкевіча прызначаны на 27 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе. Марына Лобава кажа, што адвакат сына будзе дамагацца зьмены дня касацыі, бо ён прызначаны без уліку адпачынку адваката. Днямі маці атрымала ліст ад сына:

Марына Лобава
"Выказвае падтрымку Ліхавіду, які сядзіць у карцэры, Буланаву, у якога праблемы са здароўем. Відаць, сын там чытае прэсу і ведае пра іншых палітвязьняў. Просіць усім перадаць прывітаньне. Вось цытую ягоны ліст: "Галоўнае — не апускаць рукі і не губляць веру ў перамогу і ў Бога. І з гонарам, не апускаючы галавы, прайсьці ўсё гэта, паказаўшы ўладам, што нас нічым не зламаць".

Пра сябе Эдуард Лобаў паведамляе, што адчувае сябе добра, стаўленьне да яго іншых вязьняў і адміністрацыі называе нармальным. Працу палітвязьню не далі — у 22-й калёніі, дзе трымаюць Лобава, з працай складана, ёсьць толькі невялікая піларама, на якой працуе вельмі абмежаваная колькасьць "зэкаў". "Шмат чытае, займаецца самаадукацыяй", — паведамляе пра сына Марына Лобава.

Каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітра Бандарэнку працягваюць трымаць на "Валадарцы" на падвальным паверсе, у гэтак званай "падлодцы", дзе амаль няма дзённага сьвятла, а з-за перанаселенасьці павышаная вільгаць і сьпякота. Пры гэтым вядома, што стан здароўя Зьмітра Бандарэнкі пагоршыўся. Дэпутат Эўрапарлямэнту, польскі палітык Марэк Мігальскі, які апякуецца палітвязьнем Зьмітром Бандарэнкам, накіраваў начальніку ізалятара на Валадарскага ліст, у якім заклікаў забясьпечыць Бандарэнку кваліфікаваную мэдычную дапамогу.

"Яму тэрмінова патрэбна шпіталізацыя. Ён не атрымлівае адпаведнай мэдычнай дапамогі і яму пагражае парэз правай нагі і калецтва", — нагадвае эўрапарламэнтарый начальніку Менскага СІЗА.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG