Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты асуджаных беларускіх анархістаў абскардзяць прысуд


Суд над анархістамі

Суд над анархістамі

Адвакаты асуджаных беларускіх анархістаў, абвінавачаных у тым ліку і ў нападзе на амбасаду Расеі ў Менску, маюць абскардзіць прысуд.

У кароткім аналітычным аглядзе па справе беларускіх анархістаў праваабарончы цэнтар "Вясна" адзначае:

"Грубыя парушэньні правоў асуджаных даюць падставы лічыць, што разгляд справы ў судзе ня быў аб’ектыўным і ўсебаковым, а вынесеныя судом выракі неабгрунтаваныя і незаконныя. Парушэньні правоў асуджаных не дазваляюць лічыць іх законна асуджанымі. Вынесеныя пры такіх абставінах прысуды павінны быць адмененыя і перагледжаныя", — адзначаецца на сайце "Вясны".

27 траўня суд Заводзкага раёну Менску вынес прысуд групе анархістаў, якіх абвінавачвалі ў сэрыі падпалаў дзяржаўных устаноў, у тым ліку і будынку амбасады Расеі ў Менску.

Ігар Аліневіч прыгавораны да 8 гадоў пазбаўленьня волі, Мікалай Дзядок — да 4,5 года, Аляксандар Францкевіч — да 3 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Максім Веткін і Яўген Селівончык атрымалі 4 і 1,5 года абмежаваньня волі адпаведна. Пасьля суду Веткіна і Селівончыка вызвалілі з-пад варты.

Па інфармацыі праваабаронцаў, цяпер Дзядок і Францкевіч знаходзяцца ў СІЗА № 1 у Менску, а Аліневіч — у СІЗА КДБ, перадае Інтэрфакс.
XS
SM
MD
LG