Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дэпутаты хочуць дыялёгу з польскімі парлямэнтарамі па "карце паляка". Пра гэта гаворыцца ў лісьце, які старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка накіраваў свайму калегу па пасадзе ў польскім сэйме — Анджэю Галіцкаму. Менск прапануе Варшаве правесьці спэцыяльную сустрэчу.

Ігар Карпенка сёньня распавёў "Свабодзе" пра зьмест свайго ліста. У ім тлумачыцца пазыцыя беларускіх дэпутатаў наконт сытуацыі вакол "карты паляка":

"Я патлумачыў спадару Галіцкаму, у сувязі з чым мы разглядалі пытаньне пра запыт у Канстытуцыйны суд. А таксама выклаў, якія ў нас ёсьць сумневы на гэты конт.

Мы прапанавалі сустрэцца на міжпарлямэнцкім роўні і абмеркаваць гэтыя праблемныя пытаньні. Магчыма, яны здымуцца падчас такога дыялёгу. Але адказу на ліст няма. І таму выказваньні польскага боку пра яго заклапочанасьць наконт сытуацыі з "картай паляка" ў Беларусі мне падаюцца цынічнымі, па вялікім рахунку".

Беларускі дэпутат кажа, што ў лісьце ёсьць і прапанова зьвярнуцца да трацейскага судзьдзі:

"Мы прапанавалі — давайце сустрэнемся, давайце абмяркуем. Калі вас не задавальняе дыялёг з намі, давайце разам зьвернемся ў Вэнэцыянскую камісію. І абмяркуем гэта на цывілізаваным роўні. Але з таго боку пакуль маўчаньне. Таму мяч — на іхным баку".

Палітоляг Аляксандар Лагвінец зьвяртае ўвагу на тое, што польскія парлямэнтары прынцыпова пазьбягаюць афіцыйных кантактаў зь беларускімі. Гэта тлумачыцца тым, што палякі не прызнаюць выбары ў Палату прадстаўнікоў свабоднымі і справядлівымі. Таму слаба верыцца, што яны адгукнуцца на такую прапанову, лічыць экспэрт. А ініцыятыву зь Менску ён тлумачыць так:

"Гэта — пошукі асымэтрычных нагодаў, каб зачапіцца хоць за штосьці і даказаць сваю легітымнасьць. А таксама стварыць пляцоўку для абмеркаваньня іншых пытаньняў. То бок тут ня бачна нічога сур'ёзнага. Да таго ж мы ведаем, што так званы беларускі парлямэнт ня мае рэальных паўнамоцтваў. Як ведаем і тое, што так званая праблема з "картай паляка" — надуманая ідэалягічная кампанія беларускіх уладаў".

Не спадзяецца на сустрэчу дэпутатаў Польшчы і Беларусі і экспэрт з Варшаўскага ўнівэрсытэту Славамір Дэмбскі:

"Пакуль дачыненьні паміж Менскам і Варшавай ня знойдуць форму, якая задаволіць дзьве краіны, пакуль сытуацыя, якая прывяла да абцяжарваньня гэтых дачыненьняў, будзе працягвацца, я не чакаў бы ніякіх мерапрыемстваў і крокаў. Любыя дзеяньні ў бок інтэнсыфікацыі польска-беларускіх дачыненьняў мне падаюцца пакуль немагчымымі. Безумоўна, крок у адказ на беларускую прапанову мог бы быць інтэрпрэтаваны як крок да інтэнсыфікацыі нашых дачыненьняў".

7 красавіка Канстытуцыйны суд Беларусі вырашыў, што польскі закон "Аб карце паляка" не адпавядае нормам міжнароднага права. Ініцыявала гэтае пытаньне 23 лютага Палата прадстаўнікоў, якая прапанавала суду разгледзець польскі закон на адпаведнасьць агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Тыдзень таму агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі паведаміла, што бліжэйшым часам мяркуецца адкарэктаваць шэраг заканадаўчых актаў, у тым ліку — "Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь", "Аб грамадзкіх аб'яднаньнях", "Аб грамадзянстве". Неабходнасьць прыняцьця законапраекту афіцыйныя асобы тлумачаць выдачай беларускім грамадзянам "карты паляка". Са словаў супрацоўніка Мін'юсту, "у выпадку, калі грамадзянін Беларусі — дзяржаўны службовец, які атрымаў "карту паляка" альбо аналягічны дакумэнт ад іншай замежнай дзяржавы, ня верне яго органам краіны, якая яго выдала, гэта паслужыць падставай для спыненьня зь ім працоўных пагадненьняў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG