Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Віцебскай арганізацыі Саюзу палякаў зьехаў за мяжу


Паводле Ўладзіслава Токарава, старшыні гарадзкой арганізацыі СПБ, ва ўцёкі ён падаўся, бо яго беспадстаўна вінавацяць у фінансавых махлярствах. Цяпер ён у Польшчы, але кажа, што пакуль не зьбіраецца прасіць палітычнага прытулку. Толькі непакоіцца за сям’ю — жонку і дачку — якія засталіся ў Віцебску.

Уладзіслаў Токараў знаходзіцца ў Польшчы ўжо некалькі дзён. Ён тэрмінова зьехаў зь Беларусі пасьля таго, як у мінулую суботу, 28 траўня, у ягонай кватэры правялі ператрус, а яго самога затрымалі на вуліцы і дапыталі ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў:

"Я паехаў у Менск у суботу ранкам. А калі вярнуўся вечарам, ішоў на прыпынак, мне гукнулі: "Уладзіслаў Віктаравіч!" Прывезьлі і кажуць, што на мяне напісалі заяву, нібыта я ў чалавека ўзяў пашпарт і грошы на нейкія там паслугі, пашпарт згубіў, а грошы забраў сабе. Я кажу: "Такога не было!". А яны: "Зараз будзе вочная стаўка". Паставілі відэакамэру, але я не Міхалевіч, показкі ім распавядаць не зьбіраўся. І яны ні пад што не маглі падкапацца".

Вочная стаўка так і не адбылася — ніякі заяўнік не прыйшоў, кажа спадар Токараў. Але ў яго забралі шэсьць чужых пашпартоў, якія ён вёз зь Менску, каб перадаць знаёмым. Забралі без аніякіх пратаколаў — толькі сказалі, што перададуць гаспадарам. Узялі пісьмовыя тлумачэньні — пра тое, чым займаецца Саюз палякаў.
Чым ваш муж тут займаецца? Ён моладзь на сэмінары выпраўляе, каб яны потым вярнуліся і зрабілі пераварот у Беларусі

А тым часам у кватэры, дзе Ўладзіслаў Токараў жыве з жонкай і дачкой, праводзілі ператрус:

"Калі я прыйшоў дахаты, там жонка ў сьлязах. Кажа, што прыйшлі і забралі два ноўтбукі і кампутар. Таксама забралі ўсе дакумэнты па СПБ. Казалі жонцы: "Чым ваш муж тут займаецца? Ён моладзь на сэмінары выпраўляе, каб яны потым вярнуліся і зрабілі пераварот у Беларусі". Вось усё забралі, а ніякіх пратаколаў не пакінулі — ні копій, нічога. І я так зразумеў зь іхных размоваў, што ў панядзелак яны мяне "зачыняць".

Спадар Токараў ня стаў чакаць арышту і зьехаў у Польшчу. За 5 дзён, якія прамінулі з таго часу, ён меў магчымасьць усе абдумаць і зрабіць высновы — чым выкліканы такі перасьлед:

"Гэта праз СПБ, на 100%. Таму што арганізацыя пачала нешта рабіць тут, у Віцебску, мы правялі пікет у падтрымку палітвязьняў, іншыя былі праекты… Мне закідалі, што я нібыта аказваю нейкія паслугі — афармляю візы, але я ніколі такім не займаўся. У нас грамадзкая арганізацыя, мы маем права ладзіць нейкія сэмінары… І я ніколі не хацеў зьяжджаць: працаваў, рабіў што мог. Але тут, чым мяне абвінавацяць у махлярстве, якога я не рабіў — я вырашыў, што лепш зьехаць!".

У Віцебску Ўладзіслаў Токараў працаваў у будаўнічай фірме, жонка — лекар, 10-гадовая дачка — школьніца. Актывіста дужа непакоіць, што будзе зь ягонай сям’ёй:

"Маю жонку звольняць з працы — у яе да сканчэньня кантракту менш за год… А тут яшчэ такі нэрвовы стрэс з гэтым ператрусам… Мая ж жонка таксама брала ўдзел у некаторых сэмінарах, дык забралі яе сэртыфікаты, мае сэртыфікаты пра навучаньне — усё забралі"…

Уладзіслаў Токараў пакуль не прасіў у Польшчы палітычнага прытулку. Пакуль ён абдумвае гэткую пэрспэктыву, але чакае, куды павернецца цяпер расьсьледаваньне ягонай справы. Усе абвінавачаньні ў фінансавых парушэньнях і махлярстве ён катэгарычна не прызнае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG