Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў Літве «мятуць» усё запар


Гандлёвы цэнтар "Акропаліс" у Вільні

Гандлёвы цэнтар "Акропаліс" у Вільні

Артыкул пад такім загалоўкам зьявіўся ў расейскамоўнай літоўскай газэце «Обзор».

«Паток беларусаў, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу Літвы, не слабее і нават павялічваецца, -- паведамілі ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Пры прапускной здольнасьці памежнага пераходу Каменны Лог -- Меднікі дзьве тысячы легкавых аўтамабіляў за суткі фактычна на тэрыторыю Літвы праз гэты памежны пераход заяжджае ад 2,5 тысяч да 3 тысяч легкавікоў за суткі. Аналягічная сытуацыя з боку Беларусі на памежным пераходзе Катлоўка -- Лаварышкі, дзе пры прапускной здольнасьці 1,2 тысячы аўтамабіляў штодня літоўскія памежнікі прымаюць да 2 тысяч легкавых транспартных сродкаў. Прыкладна так жа ідуць справы на памежным пераходзе Беняконі -- Салечнікі і іншых беларуска-літоўскіх памежных пунктах.

Паводле зьвестак літоўскага МЗС, консульскія аддзелы пасольства Літвы выдаюць штодня больш за 800 візаў жыхарам Беларусі.

Літоўскія прадпрымальнікі паціраюць рукі: беларусы сталі дарагімі і жаданымі кліентамі ў Вільні, Коўне, Уцене, Марыямпалі і іншых гарадах.

Беларусы набываюць у Літве ўсё, што бачаць вочы, толькі б захаваць ашчаджэньні.
«Ахопленыя валютным крызісам беларусы, пераважна менчукі і жыхары іншых буйных гарадоў -- Горадні, Ліды, Баранавічаў, Барысава, Бабруйска, -- набываюць у Літве ўсё, што бачаць вочы, толькі б захаваць ашчаджэньні. Эканамічныя турысты аддаюць перавагу аўтамабілям, бытавой тэхніцы, адзежы і абутку ад вядомых вытворцаў, прадметам хатняга ўжытку і прадуктам харчаваньня літоўскай вытворчасьці, якія на фоне беларускіх прадуктаў адрозьніваюцца больш высокай якасьцю», -- распавёў кіраўнік віленскага гандлёва-забаўляльнага цэнтру (ГЗЦ) «Акропаліс» Чэславас Урбанавічус.

«Часы, калі беларусы былі рэдкімі і выпадковымі гасьцямі ў нашым ГЗЦ, скончыліся. Сёньня віленчукі скардзяцца, што з-за наплыву аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі ім даводзіцца свае машыны паркаваць на суседніх вуліцах, а не на пляцоўцы для кліентаў ГЗЦ «Акропаліс», хоць яна і разьлічаная на дзьве тысячы паркавальных месцаў», -- дадаў бізнэсовец.

Чорнай ікры і шампанскага запатрабаваў у рэстаране нашага цэнтру адзін зь беларускіх кліентаў і тут жа атрымаў жаданае.
«Чорнай ікры і шампанскага запатрабаваў у рэстаране нашага цэнтру адзін зь беларускіх кліентаў і тут жа атрымаў жаданае, скіраваўшыся дадому ня толькі з дарагім далікатэсам, вытанчаным віном, але і поўным джыпам іншага тавару», -- прыгадаў пацешны эпізод Урбанавічус.

На фоне «сьвята жыцьця» літоўскія бізнэсоўцы, якія працуюць у Беларусі, з турботай адсочваюць падзеі, зьвязаныя з валютным крызісам. Калі ў пачатку «шокавай» тэрапіі, зробленай Нацыянальным банкам Беларусі, валюты не хапала на ўнутраным рынку, то сёньня яе ўжо не хапае і для міжнародных разьлікаў. Надзеі на заявы прэзыдэнта Лукашэнкі аб тым, што ўрад у стане накінуць аброць на крызіс яшчэ ў траўні, расталі.

«Відавочна, што без кардынальных зьменаў ніякая стабілізацыя ў эканоміцы суседняй краіны немагчымая. Мае знаёмыя, якія жывуць у Менску, на сабе адчуваюць гэты валютны крызіс. Жонкі прыяцеляў, як і ўсе жанчыны, ходзяць па крамах і бачаць, як хутка растуць цэны. Аднак якасьць тавараў застаецца ранейшай. Яна не заўсёды нізкая, аднак усё ж такі новыя цэны не адлюстроўваюць іх рэальнага кошту», -- сказаў дарадца прэзыдэнта банку «SEB» Гітанас Наўседа.

Калі людзі едуць у Літву і пакідаюць тут валюту -- гэта добра. Аднак гэта не стварае прынцыпова новых умоў для двухбаковых адносін.
«Калі людзі едуць у Літву і пакідаюць тут валюту -- гэта добра. Аднак гэта не стварае прынцыпова новых умоў для двухбаковых адносін, паколькі эканамічная вага «валютнага турызму» параўнальна малая. Асноўны цяжар двухбаковых эканамічных адносін нясуць на сабе цяжкавагавыя сэгмэнты бізнэсу -- будаўніцтва, гандаль, турызм. Калі зьяўляюцца праблемы ва ўзаемаразьліках і эканамічная турбулентнасьць, у бізнэсе адбываецца тармажэньне. А гэта ўжо трывожны сымптом, бо напэўна засьцеражэ літоўцаў ад новых інвэстыцый або сумесных зь беларускімі прадпрымальнікамі праектаў. Што, уласна кажучы, ужо назіраецца», -- мяркуе Наўседа.

Яго пункт гледжаньня падзяляе і амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, які адзначыў, што «сёньня бізнэс уважліва аналізуе галоўную праблему -- адсутнасьць магчымасьці атрымаць столькі валюты, колькі неабходна для рэалізацыі ўжо пачатых праектаў. Замест канкрэтнай работы літоўскія прадпрымальнікі павінны займацца тым, каб пасьпяваць затыкаць праломы, якія ўтварыліся ў працы. Вядома, нельга сказаць, што такія настроі ідуць на карысьць двухбаковым кантактам».

Дырэктар Інстытуту міжнародных адносін Віленскага ўнівэрсытэту Рамунас Вілпішаўскас лічыць, што "беларускім уладам прыйдзецца распачаць непапулярныя крокі -- скараціць льготы, колькасьць працоўных месцаў, запусьціць мэханізм прыватызацыі, ізноў зрабіць мільярдныя пазыкі на зьнешнім фінансавым рынку».

Беларусь не праводзіць ніякіх эканамічных рэформаў.
Аднак прэм'ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс лічыць, што «Беларусь не праводзіць ніякіх эканамічных рэформаў. Таму ёй прыйшлося дэвальваваць нацыянальную валюту. Фінансавая сыстэма Беларусі проста ня вытрымала тых падарункаў, якімі беларускае кіраўніцтва надарыла сваіх грамадзян напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў».
XS
SM
MD
LG