Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад і Нацбанк Беларусі 31 траўня накіравалі ў Міжнародны валютны фонд зварот аб выдзяленьні новага стабілізацыйнага крэдыту. Кансультацыі ў гэтым пытаньні праводзяцца ў рамках місіі Міжнароднага валютнага фонду, якая працуе ў Менску з 1-га па 14 чэрвеня пад кіраўніцтвам Крыса Джарвіса. Ці дасьць крэдыт МВФ і на якіх умовах?

Прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што Беларусь разьлічвае атрымаць ад 3,5 да 8 мільярдаў даляраў на працягу 3–5 гадоў. Ён паведаміў, што цяперашняя місія МВФ зробіць маніторынг выкананьня рэкамэндацый, якія былі дадзеныя мінулай місіяй.

«Аднак мы вырашылі сумясьціць працу гэтай місіі з разглядам падыходаў да новай праграмы супрацоўніцтва з фондам».

Чакаецца, што чарговая місія МВФ падрыхтуе праект праграмы для Рады дырэктараў, якая канчаткова вырашыць лёс крэдыту. Паводле Мясьніковіча, «цана грошай у 2 разы ніжэйшая за кошт стабілізацыйнага крэдыту антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС».

Старшыня грашова-крэдытнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Яўген Арцюшэнка лічыць, што размаўляць трэба з усімі, а потым вызначыць, дзе браць крэдыт. Ён мяркуе, што перамовы з МВФ будуць няпростымі:
У любым выпадку для нас гэта вельмі добры момант. Сытуацыя, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь, не ўзьнікала ніколі раней.

«У любым выпадку для нас гэта вельмі добры момант. Сытуацыя, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь, не ўзьнікала ніколі раней. Для нас гэта новая сытуацыя, таму гэта будуць нетыповыя перамовы».

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што Беларусь можа атрымаць крэдыт да восені гэтага году. І гэта, у адрозьненьне ад прыватызацыі, якую прапануе Расея, прадугледжвае сапраўдныя крокі дзеля разьвязаньня крызіснай сытуацыі.

«Афіцыйны зварот у МВФ сьведчыць пра тое, што прынятае палітычнае рашэньне наверсе адмовіцца ад крэдыту па лініі ЭўрАзЭс. Гэтыя рэзкія заявы прэзыдэнта і ў Астане, і пасьля прыезду адносна расейскіх СМІ сьведчаць, што зараз ідзе гульня на тое, каб ня мы адмовіліся ад атрыманьня гэтага крэдыту, а Расея сказала, што ня дасьць. І тады наша хатка павернецца да Расеі задам, а да Захаду перадам».

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што калі ўлады прапануюць як заруку крэдыту добрую праграму пераводу эканомікі ад жыцьця не «на халяву», а па сродках, і калі будзе зроблена адпаведная палітычная лібэралізацыя, то сябры фонду могуць прагаласаваць за выдзяленьне крэдыту Беларусі.

«І нефармальна будзе патрабаваньне дэмакратыі, усталяваньня дэмакратычных асноў у дзяржаве. Самая вялікая частка акцый знаходзіцца ў ЗША, ЭЗ, Канады і Японіі. Таму яны ў канчатковым выніку вызначаюць, даць ці ня даць крэдыт. Таму нашы ўлады павінны пайсьці на палітычную лібэралізацыю, калі яны хочуць усур’ёз атрымаць гэты крэдыт».
Гэта разьлічана найперш на Маскву, гэта нейкі шантаж.

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, малаверагодна, што МВФ цяпер дасьць крэдыт, бо стасункі з Захадам вельмі дрэнныя.

«Гэта разьлічана найперш на Маскву, гэта нейкі шантаж. Маўляў, калі вы не падтрымаеце нас, то мы павернемся на Захад. Але зараз на Захад павярнуцца вельмі цяжка. І гэта разумеюць у Маскве. Так што малаверагодна, што гэты крэдыт будзе. Але калі ён будзе, то ня больш за тую суму, якая была — 3-4 мільярды даляраў. Гэтага хопіць на падтрымку нашай эканомікі на 3-4 месяцы. Так што гэта пытаньняў не вырашае. Асабліва ў сьвятле таго, што казаў Лукашэнка. Што шырокай прыватызацыі ня будзе, што валютны курс дыктуецца дзяржавай і зноў дыктуюцца цэны. То бок мы адышлі яшчэ далей ад магчымай лібэралізацыі, ад таго, што патрабаваў у свой час МВФ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG