Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч заявіла, што ў ХХI стагодзьдзі доступ да Інтэрнэту зьяўляецца асновай існаваньня плюралізму і свабодных СМІ, і дзяржаўнаму рэгуляваньню, якое перашкаджае доступу да Інтэрнэту, ня можа быць апраўданьня.

"Інтэрнэт дае беспрэцэдэнтныя магчымасьці для пашырэньня свабоды выказваньня меркаваньняў і плюралізму. Ён зьяўляецца адным з найважнейшых элемэнтаў пабудовы і ўмацаваньня дэмакратыі", - заявіла Міятавіч у Будапэшце пасьля падпісаньня Сумеснай дэклярацыі аб свабодзе выказваньняў і доступу да Інтэрнэту.

Міятавіч падкрэсьліла, што многія ўрады выкарыстоўваюць крывадушную аргумэнтацыю, каб пазбавіць сваіх грамадзян права на доступ да Інтэрнэту.

"Урады, якія блякуюць вэбсайты, зьвяртаюцца да адной з самых небясьпечных формаў цэнзуры, што проста недапушчальна, - сказана ў яе заяве. - Перакрыцьце доступу па меркаваньнях нацыянальнай бясьпекі або ў мэтах падтрыманьня грамадзкага парадку ніколі не павінна выкарыстоўвацца ў якасьці падставы для абмежаваньня свабоды выказваньня меркаваньняў і перашкоды свабоднаму патоку інфармацыі".

Разам зь Міятавіч Дэклярацыю аб свабодзе выказваньня меркаваньняў і доступу да Інтэрнэту падпісалі таксама тры спэцыяльных дакладчыкі міжнародных арганізацый па пытаньнях свабоды слова.

У Сумеснай дэклярацыі ўпаўнаважаныя ў пытаньні свабоды выказваньняў заявілі, у прыватнасьці:

• Свабода выказваньня меркаваньняў распаўсюджваецца на Інтэрнэт гэтак жа, як і на ўсе іншыя сродкі камунікацыі;

• Ніхто з тых, хто дае тэхнічныя паслугі Інтэрнэту, не павінен несьці адказнасьці за кантэнт, створаны іншымі;

• Сыстэмы фільтрацыі кантэнту, якія накідаюцца дзяржаўным або камэрцыйным пастаўшчыкам паслуг, уяўляюць сабой абмежаваньне свабоды выказваньня;

• Самарэгуляваньне можа служыць эфэктыўным інструмэнтам барацьбы са шкодным кантэнтам і павінна заахвочвацца.

З поўным тэкстам Дэклярацыі можна азнаёміцца тут.
  • 16x9 Image

    Алена Радкевіч

    Журналістка. Працавала вядучай радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», карэспандэнткай Бі-Бі-Сі, расейскай незалежнай прэсы, удзельнічала ў самвыдаце. З Радыё Свабода ад 1991.

XS
SM
MD
LG