Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У "амэрыканцы" Байкова спачатку ўсім пагражала, потым занялася фізкультурай


Сьвятлана Байкова, архіўнае фота

Сьвятлана Байкова, архіўнае фота

У Вярхоўным судзе Беларусі другі месяц ідзе закрыты працэс па справе былой сьледчай Генэральнай пракуратуры Сьвятланы Байковай.

Былую сьледчую Генпракуратуры па асабліва важных справах Сьвятлану Байкову судзяць за зачыненымі дзьвярыма ў Вярхоўным судзе. Там інфармацыі аб працэсе не даюць ніякай. У Генпракуратуры, дзе працавала Байкова да арышту, пацьвярджаюць толькі, што працэс, які адкрыўся на пачатку красавіка, яшчэ іпрацягваецца.

"Ня скончыўся, гэта дакладна. Але што там, ня ведаем нічога".

Байкову абвінавацілі ў шэрагу службовых злачынстваў, сярод якіх прымус да дачы паказаньняў. Былой сьледчай пагражае да 8 гадоў зьняволеньня. Справу супроць Сьвятланы Байковай адпачатку вялі сьледчыя КДБ. У турму КДБ "амэрыканка" сьледчая і трапіла пасьля арышту ў лютым 2010 году.

Ірына Халіп
Палітзьняволеная журналістка Ірына Халіп, якая сядзела ў "амэрыканцы" на пачатку 2011 году, яшчэ засьпела тых, хто быў у камэры разам са Сьвятланай Байковай. Паводле зьвестак Ірыны Халіп, першыя дні пасьля арышту былая сьледчая пагражала канваірам і супрацоўнікам СІЗА арыштам. Потым у яе пачалася дэпрэсія: жанчына амаль не размаўляла нават з сукамэрніцамі. Выйшла з гэтага стану Байкова праз інтэнсіўныя заняткі фізкультурай, распавяла Ірына Халіп:

Кажуць, яна, як шалёная, кожную раніцу качала прэс...

"Кажуць, яна, як шалёная, кожную раніцу качала прэс, на прамэнадах махала нагамі, рабіла ўсё, што можна рабіць у абмежаванай прасторы. І нават у чэрвені мінулага году, калі трымала галадоўку, то і тады кожны дзень займалася спортам".

І ўсё ж аўтарытэтам сярод вязьняў турмы КДБ Сьвятлана Байкова не карысталася, зазначае Ірына Халіп:

"Яна казала, што ніводную жанчыну не арыштавала падчас сьледзтва, што быццам усе хадзілі пад падпіскай. Але гэта няпраўда. Бо адна мая сукамэрніца сядзела ў іншай камэры з жанчынай, якую пасадзіла Байкова падчас сьледзтва, прычым, калі ў яе былі вялікія праблемы са здароўем".

Вядома, што акрамя галадоўкі Сьвятлана Байкова рабіла і іншыя захады, каб вызваліцца. Так, Байкова напісала адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім згадвала пра свае ўзнагароды і заклікала абараніць яе ад ціску КДБ. Летась у інтэрнэт трапілі паказаньні бізнэсмэна Паўла Малочкі, якога, паводле сьледзтва ў справе Байковай, яна незаконна вызваліла з-пад варты. У гэтых дакумэнтах Малочка распавядае пра супрацоўнікаў КДБ, якія нібыта "крышавалі" незаконныя апэрацыі на берасьцейскай мытні.

Ці фігуруюць гэтыя матэрыялы на працэсе над Байковай, які ідзе ў Вярхоўным судзе, невядома. Дакладна вядома, што ў канцы мінулага году супроць адваката Байковай Міхаіла Воўчака была заведзеная крымінальная справа за разгалошаньне матэрыялаў сьледзтва, а сёлета Міхаіла Воўчака выключылі з калегіі адвакатаў. Адвакатка, якая зараз абараняе Сьвятлану Байкову, працэс над ёй не камэнтуе і просіць нават не называць яе прозьвішча.

Днямі ў Менску быў затрыманы вядомы прадпрымальнік, генэральны дырэктар будаўнічай арганізацыі "ТрэстБелПСП" Віктар Філіпаў. Пра гэта паведаміў сайт "Ежедневник" са спасылкамі на крыніцы ў праваахоўных органах. Паводле гэтых зьвестак, падазрэньні палягаюць у вымаганьні хабару ад будаўнічых фірмаў, якія хочуць атрымаць выгадныя заказы. Вось меркаваньне журналіста Сяргея Сацука пра тое, чаму кантрольныя органы ўзяліся правяраць законнасьць тэндэраў на будоўлю і рамонт дзяржаўных аб'ектаў:

"Грошай у бюджэце няма — і пайшлі правяраць, як асвойваюць бюджэтныя грошы. І правяраюць тэндэры. Бо тэндэры — гэта такая карупцыя! Па зьвестках, да 80% на тэндэрах усё вызначана загадзя, праз карупцыю".
XS
SM
MD
LG