Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забралі на рубель, дапамогуць — на капейку


Ад 1 чэрвеня падвышаецца памер матэрыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзянаў, якія, паводле разьлікаў дзяржаўных эканамістаў, найбольш пацярпелі ў выніку дэвальвацыі ды наступнай інфляцыі. Аднак экспэрты канстатуюць, што праіндэксаваныя пэнсіі ды даплаты бюджэтнікам не ідуць ні ў якае параўнаньне са стратамі, зь якімі сутыкнуліся людзі на працягу апошніх месяцаў.

Ад сёньня ў Беларусі на 13% падвышаецца памер працоўнай пэнсіі. Цяпер яна складзе блізу 670 тысяч рублёў, у эквіваленце — меней за 140 даляраў. Да дэвальвацыі гэты паказьнік быў удвая большы. Гэтаксама ад 15% да 20% павялічыцца даплата да мінімальнай пэнсіі, што падвысіць яе намінальны памер амаль што да 300 тысяч рублёў. Аднак многія сталыя людзі тыя дадатковыя 80 тысяч рублёў лічаць сапраўдным зьдзекам — як за аддадзеныя дзяржаве сілы, так і за сумы, якія прапануюцца ў якасьці кампэнсацыі. Гаворыць менская пэнсіянэрка Галіна Руткоўская:

"Да гэтага і савецкая ўлада не зьвяртала ніякай увагі на наш народ, а цяпер
паводле якога яшчэ права яны прызначаюць сабе такія заробкі? ...

дык яшчэ горш. Мы дзякуючы "клопату" дзяржавы ператварыліся ў людзей другога, калі ня трэцяга, гатунку. Скажыце, што пэнсіянэр можа на гэтыя "дабаўкі" сабе дазволіць? Насамрэч жыве і абагачаецца толькі кучка людзей, як я лічу, па праву грубай сілы. Бо паводле якога яшчэ права яны прызначаюць сабе такія заробкі? Паводле якога права яны прысабечваюць сабе ільготы?".

Падчас нядаўняй нарады пра сытуацыю, якая склалася на спажывецкім і валютным рынках, Аляксандар Лукашэнка ўдакладніў, каму перадусім будзе аказаная матэрыяльная падтрымка: бедным, нямоглым, студэнтам. А ўсе працаздольныя павінны зарабляць на сябе самі:

"Бедных трэба падтрымаць, нямоглых трэба падтрымаць. Па-мойму, я ўжо падпісаў указ аб падвышэньні пэнсій. І гэта першае падвышэньне. Студэнты прыйдуць вучыцца, іх трэба падтрымаць, гэта будучыня нашай краіны. А ўсіх тых, хто сёньня можа працаваць, і працаваць больш і лепш, трэба прымусіць працаваць".

Стыпэндыі студэнтам, як паведамілі чыноўнікі, плянуецца падняць ужо ў новым навучальным сэзоне — ад 1 верасьня. Памер падвышэньня пакуль невядомы, але цяперашняя матэрыяльная дапамога навучэнцам застаецца самай мізэрнай у краіне, па цяперашнім курсе — меней за 30 даляраў.

Што да прагнозаў наконт узроўню рэальнай заробнай платы, то, як заявіў намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур, з улікам эканамічнай сытуацыі важна захаваць яе хоць бы на тым узроўні, як на пачатку году, не дапусьціць моцнага разрыву паміж найбяднейшымі і найбагацейшымі. Прынятае рашэньне не падымаць тарыфную стаўку першага разраду, а скарыстаць мэханізмы індэксацыі. У адпаведнасьці з разьлікамі памер індэксацыі можа скласьці ад 150 да 170 тысяч рублёў. Чыноўнік пры гэтым прызнаў, што 30 даляраў, вядома, не ўратуюць, але цяпер ні ў якім разе нельга павялічваць аб'ём грашовай масы.

Экспэрты прадказваюць складаныя часы найперш для бюджэтнай сфэры. Мала таго, што ня спраўдзіліся спадзяваньні на сярэднюю заробную плату ў памеры 500 даляраў, дык цяпер паўстае пагроза развалу ўсёй сыстэмы дзяржаўнай вытворчасьці. Бо, як перакананы колішні старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык, без структурных рэформаў дачакацца прагрэсу складана:

Уладзімер Ганчарык

"Можна назваць багата ўмоваў, якія могуць паўплываць на сытуацыю, у тым ліку і тое, каб бізнэс не душыць, бо гэта якраз тая сфэра, якая тэарэтычна зможа прыняць лішак працоўнай сілы. На якія насамрэч крокі пойдзе ўлада? Думаю, што, на жаль, толькі на імітацыю дзейнасьці. Гаворка выключна пра касмэтычныя меры, апроч, хіба, усё больш настойлівых размоў пра крэдыты. Няхай сабе і крэдыты, але пры гэтым патрэбныя і палітычныя рэформы. Трэба чымсьці рызыкаваць, асабліва ў цяперашняй сытуацыі. Але, як эканаміст, я ня думаю, што ўлада пойдзе на такія крокі, бо яны досыць радыкальныя. На самой справе неабходна зрабіць тыя рэформы, якія даўным-даўно прапаноўваліся, але ў нашых кіраўнікоў быў свой контраргумэнт: у нас самая лепшая ў сьвеце сацыяльна-эканамічная мадэль. Што выйшла — бачым, хоць я і хацеў бы быць аптымістам на будучыню".

За студзень-травень Беларусь заняла першае месца сярод краін СНД паводле тэмпаў падзеньня афіцыйнага курсу беларускага рубля — ад 3000 да 4977 за даляр. Згодна са справаздачамі Нацыянальнага банку, ад пачатку году даляр у Беларусі ўмацаваўся амаль на 66%. Гэта пры тым, што росту заробкаў у згаданы пэрыяд фактычна не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG