Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«14 злачынстваў за 10 гадоў? Ня можа быць! Мы нічога ня чулі»


Абвінавачаныя ў тэракце ў менскім мэтро. Архіўны здымак
Абвінавачаныя ў тэракце ў менскім мэтро. Архіўны здымак
Многія жыхары Віцебску скептычна ацэньвюць заявы намесьніка генпракурора, кіраўніка сьледчай групы па справе выбуху ў менскім мэтро Андрэя Шведа адносна сьпісу злачынстваў, якія прыпісваюць віцебскім «падрыўнікам».

31 траўня ён заявіў, што «ўстаноўлена 14 фактаў злачынстваў за пэрыяд з 2000 па 2011 год», зьдзейсьненых двума абвінавачанымі ў тэракце, якія цяпер утрымліваюцца ў СІЗА КДБ. Паведамленьне пра датычнасьць абодвух да цэлага шэрагу іншых злачынстваў, якія зьдзяйсьняліся «ў адным зь мікрараёнаў Віцебску» цягам 10 апошніх год, прагучала на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, прысьвечанай расьсьледаваньню акалічнасьцяў выбуху ў мэтро 11 красавіка.

У віцебскім мікрараёне ДСК, дзе жылі двое абвінавачаных 26-гадовых хлопцаў, давялося пачуць зусім іншыя меркаваньні. Суседзі з «хрушчовак» па вуліцы Рэпіна нічога ня чулі пра «злачынствы з прымяненьнем выбуховых прыстасаваньняў», якія згадваў кіраўнік сьледчай групы Андрэй Швед:

«Я нічога пра гэта ня чуў — ні ад суседзяў, ні ад кога. Толькі па тэлевізары пачуў, што намесьнік пракурора, ці хто, дакладаў Лукашэнку, што тут нешта грымела, выбухала... Нічога такога, падобнага да выбухаў, я ня чуў!».

«Я толькі во з гэтых словаў даведалася. Нічога тут не было, людзі спакойна жылі. Ай, нашы мужыкі гавораць, што ўсіх так прыціснулі — скажуць што заўгодна!».

«Ну, так мы неўзабаве даведаемся, дзе зрабілі ледасек, якім засеклі Троцкага! Можа, таксама ў раёне ДСК? Я ўжо доўга жыву ў гэтым раёне і нічога ня чуў ні пра якія выбухі з 2000 году. Гэта чарговая казка! Трэба, відаць, паказаць людзям, як хутка і якасна ідзе расьсьледаваньне, а то яны ходзяць па абменьніках, даляры шукаюць, скупляюць цукар, соль ды запалкі»...

Маці аднаго з абвінавачаных у тэракце згадвае, што абодвум хлопцам у 2000 годзе было ўсяго па 14 гадоў. Яна здолела прыгадаць толькі адзіны выпадак, які мог устрывожыць суседзяў:

«Ня памятаю год, але было гэта ўвечары. Дзеці былі дома, паклікалі мяне: „Мама, ідзі зірні — гарыць машына“. Яна была нічыйная, як помнік пад вокнамі стаяла... А так — гэта неймаверна! Я ж і працую на прадпрыемстве, якое ў гэтым раёне знаходзіцца, і людзі ўсе побач жывуць, і ніхто ніколі нічога такога не распавядаў!».

Некаторыя мясцовыя жыхары сумняваюцца ў тым, што абвінавачаныя хлопцы сапраўды вінаватыя. Адзін з суседзяў, пачуўшы пра тое, што на бліжэйшай ускраіне быў нібыта знойдзены палігон для выпрабаваньня выбуховых прыстасаваньняў, у выходныя адмыслова зладзіў вандроўку па тых мясьцінах:

«Мяне гэта зацікавіла, і я прайшоўся — пачынаючы ад Арэхаўскіх могілак, зайшоў у вёску Арэхава, у Грышаны падышоў... Бачыў толькі некалькі засеяных палёў — няма там ні ямак, ні варонак, нічога падазронага няма. І тут жа навокал вёскі, жылы масіў. Няма такога месца, каб можна было рабіць выбухі — і каб ніхто нічога ня чуў!».

Ускраіна Віцебску недалёка ад вуліцы Рэпіна.

Між тым у Віцебску працягваюцца пошукі лябараторыі, дзе тэрарысты маглі вырабляць выбухоўку: у раёне вуліцы Рэпіна ўжо трэці раз сутарэньні жылых дамоў аглядаюць міліцыянты, прадстаўнікі супрацьпажарнай аховы і домакіраўніцтва.

А мінулым вечарам стала вядома, што звольнілі дырэктара Віцебскага заводу трактарных запчастак Уладзімера Федарэнку — на гэтым прадпрыемстве працаваў адзін з абвінавачаных у арганізацыі выбуху ў менскім мэтро. Паводле вынікаў праверкі, якая праводзілася пасьля падзеяў 11 красавіка, «на заводзе выяўленыя сур’ёзныя недахопы ў ідэалягічнай, выхаваўчай, інфармацыйна-прапагандысцкай працы, у кадравай службе». Правяраць прадпрыемства пачалі пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка агучыў месцы працы двух абвінавачаных у тэракце. Шмат хто з працаўнікоў заводу лічыць, што дырэктара звольнілі «паказальна».

Андрэй Швед, кіраўнік групы, якая займаецца расьсьледаваньнем падзеяў 11 красавіка, заявіў, што і ранейшыя злачынствы адбыліся з прычыны «патураньня службовых асобаў праваахоўных органаў, бязьдзеяньня мясцовых уладаў, службаў ЖКГ, адукацыі, пры поўнай абыякавасьці суседзяў, блізкіх, аднаклясьнікаў» і гэтак далей. Так што ў Віцебску мяркуюць, што гэта далёка не апошнія праверкі ды звальненьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG