Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Можа, фармальна і застанемся незалежнымі, але — абрабаванымі да ніткі..."


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 1 чэрвеня 2011 году

У той час як беларуская эканоміка перажывае найвастрэйшы за апошнія 15 год крызіс, улады працягваюць перасьлед дэмакратычнай апазыцыі. На мінулым тыдні яшчэ два былыя супернікі Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах — Мікола Статкевіч і Дзьмітры Вус — усьлед за Андрэем Саньнікавым былі асуджаны на працяглыя турэмныя тэрміны. На гэтую тэму — значная частка нашай пошты апошніх дзён.

Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, лічыць важнай грамадзкай праблемай тое, што ў асяродзьдзі апазыцыі няма агульнапрызнанага адзінага лідэра, які б пераканаў нацыю ў тым, што здольны ўзначаліць і ажыцьцявіць у краіне насьпелыя перамены. У сваім лісьце на "Свабоду" спадар Аляксей піша:

"Падчас мінулай выбарчай кампаніі я ня меў асаблівых ілюзіяў адносна яе фіналу, але ж перад Новым годам так хацелася верыць у цуд. Цуд ня здарыўся. Цяпер спадзяюся, што чалавек, за якога я аддаў голас, здолее захаваць твар, не зламаецца ў засьценках КДБ. Трымайся, Андрэй!

Апазыцыянэраў, якія ўжо ня першы год на слыху, можна назваць, хутчэй, бунтарамі, а не народнымі лідэрамі. Яны сьмела ідуць на плошчу, не прагінаюцца пад ударамі дубінак, цярпліва адседжваюць свае тэрміны за палітычныя погляды. Але чаго можна дамагчыся такім чынам у нашай краіне? Акрамя падарванага здароўя — нічога.

Бяда наша ў тым, што ня ведаем, хто можа скласьці ў цяперашні момант дастойную канкурэнцыю дзейнай уладзе. Лідэраў у нас пачынаюць ляпіць за некалькі месяцаў да выбараў. А што ў выніку? Куды яны падзеліся цяпер, калі кампанія даўно скончылася? Дзе яны ўсе — сьмелыя, упэўненыя ў сабе, здольныя павесьці за сабой? Тыя, якія спачатку называлі дзейную ўладу і канстытуцыю нелегітымнымі, а потым дрыжачымі рукамі падпісвалі і зачытвалі пакаяньне; пісалі тлумачэньні — нібы шкаляр, які разьбіў шыбу; падпісвалі згоду на супрацоўніцтва з КДБ... Ці змогуць яны паглядзець у вочы настаўніцы з Талькі, якая страціла працу? Дзяўчыне, якой амонаўцы зламалі нагу на плошчы? Жанчыне з анкалёгіяй, якая апынулася за кратамі без кваліфікаванай мэдычнай дапамогі? А як складзецца далейшы лёс бальшыні ўдзельнікаў Плошчы, якім няма куды ўцякаць і няма ад каго чакаць дапамогі? Ці ўспамінае хто пра іх?.."
.

На вашы, спадар Аляксей, патасныя пытаньні пра тое, дзе ўсе тыя апазыцыйныя лідэры і актывісты, куды яны падзеліся, — ёсьць зусім пэўныя канкрэтныя адказы. Адны — у турмах; другія — у сьледчых ізалятарах; трэція атрымалі ўмоўныя тэрміны зьняволеньня і цяпер вымушаны асьцерагацца ў сваіх выказваньнях; чацьвертыя пасьпелі ўцячы за мяжу... Ня думаю, што бальшыні зь іх сорамна паглядзець у вочы звольненай за палітыку настаўніцы Натальлі Ільлініч з Талькі. Яны ня менш за яе пацярпелі ад рэпрэсіўнай машыны. Ну, а што да дрыжачых рук і пакаяньняў... Даваць маральныя ацэнкі і выносіць прысуды тут, відавочна, мае права толькі той, хто сам прайшоў праз засьценкі КДБ і на сабе паспытаў кадэбісцкія мэтады выбіваньня пакаяньняў і згоды на сакрэтнае супрацоўніцтва.

Да тэмы палітвязьняў, жорсткіх турэмных прысудаў, якія працягваюць выносіць беларускія суды апазыцыйным лідэрам і актывістам, зьвяртаецца ў сваім лісьце на "Свабоду" і Міхась Данько з Давыд-Гарадку Столінскага раёну. Слухач піша:

"Я заўважыў, што тыя апазыцыйныя палітыкі, якія раней працавалі ва ўладных структурах, атрымліваюць найбольш жорсткія прысуды. Давайце ўспомнім лёсы Чыгіра, Казуліна і, нарэшце, — Саньнікава. Калі гэта ня помста, дык што? Гэта таксама і папярэджаньне тым, хто ў будучыні пажадае стаць канкурэнтам Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах: майце на ўвазе, месца ў вязьніцы хопіць усім. А абвінавачаньне яны прыдумаюць — ня першы раз...

І ўсё ж знаходзяцца асобы, якія гатовыя ахвяраваць свабодай, каб паслужыць сваёй Бацькаўшчыне. Гэта — сьмелыя людзі, і яны вартыя павагі і пашаны.

Я прасіў бы вылучыць на якую-небудзь міжнародную прэмію ў галіне журналістыкі Ірыну Халіп. Шаноўная спадарыня Ірына! Вашы сьмеласьць, прафэсійнасьць і мужнасьць ня маюць межаў.

Нізка кланяюся Вам, Вашаму мужу Андрэю, Вашаму сыну Даніку, Вашаму бацьку Ўладзімеру. Уладзімер Халіп — сябар Васіля Быкава, і ён ня мог выхаваць сваю дачку па-іншаму. Спадзяюся, што гэтак жа дастойна Вы выхаваеце і Даніка.

Яшчэ хачу адзначыць успаміны Сяргея Навумчыка пра '91-ы год. Гэта будзе гістарычная кніжка ў Бібліятэцы Свабоды. Таксама цікавая перадача "Свабода ў турмах". І ўвогуле, нецікавых перадач на "Свабодзе" няма. Нездарма Васіль Быкаў пісаў, што надвячоркам кожнага дня ўключаў прымач і шукаў "Свабоду". Для мяне гэта таксама сталася звычкай і патрэбай душы"
.

Наконт лёсаў тых апазыцыйных палітыкаў, якія ў свой час былі паплечнікамі Лукашэнкі альбо працавалі ў структурах улады — дакладнае назіраньне, спадар Міхась. Гэты пералік складаецца ня толькі зь Міхаіла Чыгіра, Уладзімера Казуліна і Андрэя Саньнікава. А якая доля напаткала Віктара Ганчара і Юрыя Захаранку? Праз што давялося прайсьці Андрэю Клімаву і Васілю Лявонаву?

Такая практыка працягвалася на працягу ўсіх сямнаццаці гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Гэтым улада ня толькі карала апазыцыянэраў, але і застрашвала ўсіх патэнцыйных "перабежчыкаў". Маўляў, паспрабуеце паўстаць супраць сыстэмы, якая вас узгадавала — расправа будзе такой жа жорсткай.

Тэма ліста Барыса Руцько зь Менску — востры эканамічны крызіс, які перажывае цяпер Беларусь, а таксама новыя магчымасьці, што ўзьнікаюць у сувязі з гэтым крызісам для дэмакратычнай апазыцыі. У сваім допісе, адрасаваным на "Свабоду", слухач адзначае:

"Калі да кастрычніка-лістапада Лукашэнка ня знойдзе дзе-небудзь 5 мільярдаў даляраў, дык на дзяржаўных прадпрыемствах пачнуцца страйкі, а грамадзкае абурэньне ахопіць усю краіну. Вось чаму сёньня так патрэбна аб’яднаньне апазыцыі. Гэта мог бы быць адзіны Фронт нацыянальнага выратаваньня Беларусі, які б сфармаваў уласны ценевы ўрад. Тады б і Захаду лягчэй было падтрымліваць насьпелыя дэмакратычныя пераўтварэньні ў нашай краіне: ён бы адразу бачыў, з кім можна і трэба весьці справы.

Патрэбны і санкцыі, і жорсткі палітычны ціск. Сьвет нарэшце павінен убачыць сапраўдны твар цяперашняй беларускай улады.

Аляксандар Лукашэнка загнаў сам сябе ў тупік. Мяркуючы па ягоных апошніх выступах, ён цяпер знаходзіцца на мяжы зрыву, ідзе ва-банк. І гэта дае і апазыцыі, і Захаду шанец на тое, што гэтым разам дэмакратычныя зьмены ў Беларусі могуць адбыцца"
.

Сапраўдны твар цяперашняй беларускай улады сьвет убачыў даўно, спадар Руцько — яшчэ з таго часу, як у Беларусі зьявіліся першыя палітвязьні, пачаліся палітычныя зьнікненьні апазыцыйных лідэраў, былі зьнішчаны першыя незалежныя мэдыі…

А разьлічваць на тое, што апазыцыя, улічваючы новыя эканамічныя абставіны, у якіх апынулася Беларусь, дружна аб’яднаецца і забудзе пра ўсе мінулыя рознагалосьсі — наўрад ці выпадае. Усе назіралі, чым скончыліся заклікі да аб’яднаньня падчас мінулай выбарчай кампаніі, калі таксама існавалі шанцы на посьпех і была магчымасьць вылучыць супраць уладнага прэтэндэнта адзіную альтэрнатыўную кандыдатуру.

Незалежныя прафсаюзы плянуюць арганізаваць першыя рабочыя пратэсты супраць падзеньня жыцьцёвага ўзроўню месяцаў празь пяць. Такая апэратыўнасьць уражвае — асабліва на тле штодзённых істотных зьменаў у эканоміцы. Яна ж схіляе да думкі, што пратэсты, якія насьпяваюць у рабочым асяродзьдзі, калі і выльюцца на вуліцы — дык без удзелу апазыцыйных партый і прафсаюзаў.

Аўтар наступнага (апошняга ў сёньняшнім аглядзе) ліста — наш даўні сябар Мікалай Куксо з Івянца Валожынскага раёну — таксама заклапочаны тым, што ў нацыянальнай эканоміцы адбываюцца імклівыя зьмены ў горшы бок і адначасова павялічваецца колькасьць палітвязьняў. Спадар Мікалай піша:

"Мяркую, што наша краіна цяпер — на крутым павароце. І зноў існуе вялікая пагроза для беларускай незалежнасьці. З гэтай нагоды трэба біць ва ўсе званы.

З ’94-га году, з часу першых прэзыдэнцкіх выбараў, краіна стала жыць паводле прынцыпу "Адзін кіруе — усе дрыжаць". Ва ўласнай краіне мы апынуліся ва ўмовах унутранай акупацыі — з карнымі органамі, якіх болей, чым войска, і судамі, якія нагадваюць "тройкі" ў часы сталіншчыны. Судовы канвэер працуе бездакорна. Колькасьць палітзьняволеных увесь час павялічваецца.

Праводзячы недальнабачную палітыку так званага "рынкавага сацыялізму", улады завялі краіну ў даўгавую яму, у валютны і эканамічны крызіс. А як мяркуюць выходзіць зь яго? Шляхам распродажу вядучых прадпрыемстваў краіны — такіх, як МАЗ, МТЗ, Белтрансгаз, Беларуськалій ды іншыя. Усё гэта адыдзе Расеі, бо адносіны з Заходняй Эўропай поўнасьцю спынены. Мы апынуліся ў расейскай каляніяльнай пастцы. Можа, фармальна і застанемся незалежнымі, але — голымі і абрабаванымі да ніткі. А ўвогуле, Беларусь яшчэ раз паказала ўсяму сьвету, што пабудаваць незалежнасьць без свабоды і дэмакратыі немагчыма"
.

Заўважу, спадар Мікалай, што ў мінулую пятніцу, жорстка крытыкуючы ўрад за эканамічныя правалы, Аляксандар Лукашэнка катэгарычна адрынуў магчымасьць хуткага продажу найбольш эфэктыўных беларускіх прадпрыемстваў — якраз тых, якія вы пералічваеце ў сваім лісьце. Хоць амаль усе і айчынныя, і замежныя экспэрты ў адзін голас прадказваюць: калі ўлады тэрмінова ня знойдуць некалькі мільярдаў даляраў, нацыянальную эканоміку чакае каляпс. А ўзяць гэтыя грошы, акрамя як ад прыватызацыі, няма адкуль. Разьлічваць на замежныя пазыкі ў тых, чые патрабаваньні, умовы і парады рэжым дэманстратыўна ігнаруе — не выпадае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG