Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены дырэктар заводу, дзе працаваў адзін з абвінавачаных у менскім тэракце


Дырэктар РУП "Віцебскі завод трактарных запчастак" Уладзімер Федарэнка звольнены 31 траўня паводле загаду міністра прамысловасьці.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, па выніках праверкі, якая праводзілася пасьля падзеяў 11 красавіка, “ на заводзе выяўлены сур’ёзныя недахопы у ідэалягічнай, выхаваўчай, інфармацыйна-прапагандысцкай рабоце, у кадравай службе”.

Пра звальненьне дырэктара завода трактарных запчастак, які вырабляе запчасткі да трактароў “Беларусь”, паведамляе БелТА .

Віцебская абласная пракуратура завяла крымінальную справу супраць Уладзімера Федарэнкі: яго падазраюць у крадзяжах шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ( ч.2 арт.210 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь). Былога дырэктара вінавацяць у тым, што з красавіка 2006 году па красавік 2011 году разам зь іншымі асобамі ён прысвойваў грашовыя сродкі, якія выплачваліся ў якасьці камандзіровачных.

Што да вытворчых парушэньняў, то Федарэнку вінавацяць у тым, што ён не забясьпечыў выкананьне належных паказьнікаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, не забясьпечыў высокага ўзроўню вытворчай дысцыпліны, а таксама за хібы ў ідэалягічнай і кадравай рабоце.

Усе гэтыя недахопы выявіла праверка міжведамаснай камісіі, якая прыехала на прадпрыемства пасьля таго, як Аляксандр Лукашэнка агучыў месцы працы двух затрыманых, а пазьней і абвінавачаных у арганізацыі выбуху ў менскім мэтро. Адзін з абвінавачаных працаваў менавіта на Віцебскім заводзе трактарных запчастак, і шмат хто з тамтэйшых працаўнікоў лічыць, што дырэктара звольнілі “паказальна”.

Некаторыя зьвязваюць звальненьне Уладзімера Федарэнкі з заявай Андрэя Шведа, намесьніка Генэральнага пракурора і кіраўніка сьледчай групы, якая займаецца расьсьледаваньнем падзеяў 11 красавіка. Швед паведаміў, што абвінавачаныя ў менскім тэракце раней таксама ўжо зьдзейсьнілі некалькі злачынстваў, і адбывалася гэта з “патураньня службовых асобаў праваахоўных органаў, бязьдзеяньні мясцовых уладаў” і г.д.
XS
SM
MD
LG