Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Кім: Людзі губляюць страх не на акцыях пратэсту, а на акцыях салідарнасьці


Андрэй Кім

Андрэй Кім

Госьцем «Начной Свабоды» – былы палітвязень Андрэй Кім, фігурант вядомага працэсу 14-ці, які пасьля падзеяў на Плошчы зьехаў ва Ўкраіну. Андрэй Кім зьяўляецца арганізатарам кампаніі дасылкі беларускім палітвязьням відэапаштовак ад вядомых людзей. На сёньняшні дзень такіх відэазваротаў салідарнасьці падрыхтавана ўжо 15.

Абламейка: Як і каму прыйшла ідэя дасылаць беларускім палітвязьням відэапаштоўкі ад вядомых людзей?

Кім: Ідэя ня новая. І да нас былі відэазвароты вядомых людзей, якія арганізоўваў "Свабодны тэатар". Але тое не былі паштоўкі, а проста словы падтрымкі. Мы зрабілі адмысловы сайт pashtouka.org, на якім кожны чалавек можа адаслаць паштоўку палітвязьню са словамі падтрымкі. Стварыўшы гэты інтэрнэт-праект, мы вырашылі, што было б добра, каб людзей матывавалі і тлумачылі ім, чаму гэта важна. Я сам як былы палітвязень вельмі добра разумею, наколькі гэта сур'ёзная падтрымка -- ліст звонку для чалавека, які сядзіць у вязьніцы. І было б супэр, каб матывавалі і тлумачылі вядомыя людзі.

Абламейка: Як вашу прапанову запісаць паштоўку ўспрымаюць тыя, да каго вы зьвяртаецеся? Ці былі выпадкі адмоваў?

Кім: Амаль што не было. Калі яны й былі (натуральна, я ня буду называць гэтых людзей), яны былі зьвязаныя хутчэй з пытаньнямі асабістага камфорту, асабістай бясьпекі і асабістай выгады. І гэта не таму, што людзі былі супраць гэтага, але проста для іх пытаньні асабістыя вышэй за грамадзкія. Канечне, абвінавачваць іх у гэтым нельга. Кожны дапамагае як можа.

Абламейка: Вы цяпер жывяце ва Ўкраіне? Як там ставяцца да сытуацыі ў Беларусі?

Кім: Я ня толькі ва Ўкраіне, я жыву паўсюль, дзе людзі хочуць пачуць пра бяду беларускую, і паўсюль ёсьць людзі чульлівыя, якія хочуць гэта чуць, і паўсюль ёсьць людзі, якія зачыняюць свае вушы. І Ўкраіна і Расея вельмі моцна салідарызуюцца зараз зь Беларусьсю і спачуваюць. Можа быць ва Ўкраіне ня так гэта бачна, але мы спадзяемся, што ўсё яшчэ наперадзе. Наша кампанія праходзіць ня толькі ў інтэрнэце. Сёньня праходзіла адмысловая акцыя на галоўпаштамце ў Менску, дзе мы заклікалі людзей напісаць паштоўкі разам. Прыйшло шмат людзей, блізу сотні чалавек, вельмі шмат паштовак было падпісана, і слава Богу, што нікога не затрымалі. Людзі губляюць страх не на акцыях пратэсту, а на акцыях салідарнасьці. Ня супраць чагосьці, а -- за кагосьці.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

Размова з Андрэем Кімам, 31 траўня 2011 году

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG