Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31 траўня а 18-й гадзіне ў фальварку «Добрыя мысьлі», што на вуліцы Магілёўскай, 12, павінна была адбыцца прэзэнтацыя новай кнігі Уладзімера Мацкевіча «Ня думайце пра рыжага і сьляпога качканоса». Але за 20 хвілін да пачатку супрацоўнікі фальварку «Добрыя мысьлі» папрасілі прабачэньня і паведамілі: прэзэнтацыя гэтай кнігі непажаданая. Імпрэза ўсё ж такі адбылася.

Кніга «Ня думайце пра рыжага і сьляпога качканоса» адметная тым, што задумвалася і выдавалася без удзелу яе аўтара — як падарунак сяброў і калег філёзафу Ўладзімеру Мацкевічу на дзень народзінаў (14 траўня яму споўнілася 55 гадоў).

Пра тое, што адбылося ў фальварку «Добрыя мысьлі», распавядае супрацоўніца Агенцыі гуманітарных тэхналёгіяў Юлія Галіноўская:

«Тым, хто прыйшоў на прэзэнтацыю, сказалі, што „па незалежных ад іх прычынах…“. Кіраўніцтву „Добрых мысьляў“ патэлефанавалі і сказалі, што такая прэзэнтацыя непажаданая».

Карэспандэнтка: «А вы загадзя арандавалі, замаўлялі памяшканьне?»

«Так, мы загадзя, за некалькі дзён, арандавалі кавярню, заплацілі задатак. Дагэтуль усё было нармальна. Бо званок паступіў, як я зразумела, не раней як за паўгадзіны да прэзэнтацыі. Яны вельмі выбачаліся, адчувалася, што ім вельмі прыкра за такую сытуацыю».

Прэзэнтацыю ў тэрміновым парадку перанесьлі ў офіс «Агенцтва гуманітарных тэхналёгій». Гутару зь сябрам Уладзімера Мацкевіча, паэтам і дызайнэрам Міхалам Анемпадыставым.

Карэспандэнтка: «Ці перашкодзіў гэты факт? Як прайшла сама прэзэнтацыя, як атмасфэра?»

Анемпадыстаў: «Натуральна, не перашкодзіў. За 20 сэкунд да таго, як я ўзяў слухаўку, спадар Мацкевіч сам пра гэта казаў, што думку немажліва забараніць.
Думку немажліва забараніць.

Прэзэнтацыя адбываецца крыху менш афіцыёзна, чым магла быць у фальварку. Гэта ўсё нагадвае сяброўскую сустрэчу, тут сабраліся ня толькі калегі Ўладзімера Мацкевіча, ня толькі прыхільнікі ягонай творчасьці, у першую чаргу, сабраліся сябры».

Кніга «Ня думайце пра рыжага і сьляпога качканоса» ўяўляе сабой зборнік тэкстаў Уладзімера Мацкевіча, якія ахопліваюць 16-гадовы пэрыяд яго публіцыстычнай дзейнасьці — з 1994 году.

Прадмову для кнігі напісаў культуроляг Максім Жбанкоў:

«Гэта фактычна складанка тэкстаў Уладзімера Мацкевіча, напісаных з розных нагодаў, у розных сытуацыях, але якія раней не былі надрукаваныя прынамсі ў фармаце кнігі. На самой прэзэнтацыі Мацкевіч сказаў, што для зьяўленьне гэтай кнігі было пэўнай нечаканасьцю, але калі б ён сам яе рабіў, зрабіў прыкладна такім жа самым чынам, ён пазнае сябе ў кожным слове. Гэта фактычна візія асобы спадара Мацкевіча праз прызму погляду ягоных вучняў і калегаў. То бок гэта кампіляцыя тэкстаў Мацкевіча, зробленая для Мацкевіча, але па-за ягоным кантролем і цэнзурай».

Стрыжневай для ўсяго зборніка выступае праблематыка ролі і месца філёзафа, інтэлектуала, мэтадоляга ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG