Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Дабрачынная арганізацыя Oxfam папярэджвае, што на працягу бліжэйшых 20 гадоў цэны на харчаваньне падвояцца, калі сьвет ня прыме мераў рэфармаваньня харчовай сыстэмы.

Брытанская арганізацыя сусьветнай дабрачыннай сеткі Oxfam папярэджвае, што рост колькасьці насельніцтва ў спалучэньні з ростам попыту на прадукты харчаваньня, зьніжэньнем ураджайнасьці, экалягічнай дэградацыяй і зьменамі клімату будзе штурхаць усё больш і больш людзей у галечу. Адам Аскью, мэнэджэр брытанскай Oxfam лічыць, што сусьветная харчовая праграма не працуе. Галадае амаль мільярд чалавек, гэта кожны сёмы на плянэце. Аскью спасылаецца на свой уласны досьвед наведваньня Армэніі, дзе ён сустрэўся з жанчынай, якая сказала, што марыць купіць сваім дзецям бананы, апэльсыны і ківі, але яны для яе амаль недаступныя.

У сваім новым дакладзе Oxfam таксама прыводзіць зьвесткі пра Азэрбайджан, дзе летась з-за дрэнных умоў надвор’я вытворчасьць пшаніцы скарацілася на траціну, а цэны на харчаваньне ад канца 2010-га вырасьлі на 20 працэнтаў. Oxfam таксама робіць параўнаньне цэнаў прапарцыйна даходам насельніцтва. Чым бяднейшая краіна, тым большую частку свайго бюджэту сем’і трацяць на харчаваньне. Так, у Індыі насельніцтва плаціць за прадукты ў два разы большую долю сваіх даходаў, чым у Брытаніі: у эквіваленце і ў параўнаньні з брытанскай зарплатай гэта б азначала 10 фунтаў за літар малака і 6 фунтаў за кіляграм рысу (у Брытаніі звычайная цана за пінту малака (0,6л) – 40 пэнсаў.) У Кіргізстане 10 працэнтаў найбольш беднага насельніцтва траціць 70 працэнтаў сваіх даходаў на харчаваньне.

Перасьцярогі арганізацыі Oxfam супадаюць і са статыстыкай Сусьветнага банку. У красавіку сёлета банк адзначыў, што сусьветныя цэны на прадукты харчаваньня вырасьлі на 36 працэнтаў у параўнаньні з такім жа пэрыядам папярэдняга году.

Паводле экспэртаў Oxfam, да 2050 году насельніцтва плянэты вырасьце на траціну і складзе 9 мільярдаў чалавек, у той час як патрэба ў прадуктах вырасьце на 70 працэнтаў, бо чым больш разьвіваюцца эканомікі, тым больш яны “спальваюць” калёрыяў.

Oxfam прапануе нацыям прыняць новыя правілы ў кіраваньні харчовымі рынкамі. На думку арганізацыі, сусьветныя лідэры павінны імкнуцца стварыць шматгранную сыстэму харчовых рэзэрваў, скончыць з палітыкай падтрымкі біяпаліва, інвэставаць у дробных фэрмэраў, асабліва жанчын.
XS
SM
MD
LG