Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімер Правальскі прызначыў каардынатараў для падрыхтоўкі рэфэрэндуму


Уладзімер Правальскі

Уладзімер Правальскі

Віцебскі прадпрымальнік, былы прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах лічыць патрэбным правесьці рэфэрэндум за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі. Для падрыхтоўкі рэфэрэндуму спадар Правальскі ўжо прызначыў каардынатараў па Віцебскай вобласьці — праўда, большасьць зь іх пра гэта нават ня ведала.

Сьпіс каардынатараў, у які ўвайшлі 17 чалавек, зьявіўся на асабістым сайце Ўладзімера Правальскага.

Як вынікае з паведамленьня, спадар Правальскі асабіста прызначыў гэтых людзей і прапануе кожнаму ўзяць самаадвод у выпадку нязгоды. Для шэрагу актывістаў розных апазыцыйных партый ды рухаў прызначэньне стала навіной, пра якую яны даведаліся ад журналістаў.

Тацяна Севярынец, каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, камэнтуе зьяўленьне свайго імя ў сьпісе так:
Але ж так ніхто ня робіць: з намі ніхто ня раіўся, ніхто нікуды не запрашаў.

«Рэфэрэндум, прапанаваны Ўладзімерам Правальскім, — справа вартая. Але ж так ніхто ня робіць: з намі ніхто ня раіўся, ніхто нікуды не запрашаў. Усё гэта падрывае давер да справы, якая магла б стаць сур’ёзнай».

Леанід Аўтухоў, актывіст з райцэнтру Гарадок Віцебскай вобласьці, таксама нічога ня ведаў пра сваё вылучэньне ў «каардынатары»:

«Нічога ня чуў нават. І ў мяне нават няма кампутара, каб напісаць пра самаадвод на сайт Уладзімера Правальскага».

Апрача актывістаў апазыцыі, у каардынатары па падрыхтоўцы рэфэрэндуму Ўладзімер Правальскі вылучыў таксама Аляксандра Ласякіна і Ўладзімера Андрэйчанку — адпаведна дэпутата і старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

На сайце provalski.com усім выбарцам Рэспублікі Беларусь прапанавана абмеркаваць кандыдатуры ды выказаць пажаданьні наконт адводу, калі не давяраюць згаданым асобам.

Уладзімер Правальскі вылучаўся ў кандыдаты на ўдзел у мінулых прэзыдэнцкіх выбарах. Аднак Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў ягонай кандыдатуры, прызнаўшы сапраўднымі толькі 118 подпісаў, сабраных за яго вылучэньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG