Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелы ад тэракту: «Страхоўку яшчэ не атрымліваў, чакаю падвышэньня курсу»


Каля траціны пацярпелых ад тэракту ў менскім мэтро атрымалі кампэнсацыю ад менскіх гарадзкіх уладаў. Чаму не скарысталі грашовую дапамогу астатнія і што будзе з грашыма, якія сабралі людзі на дабрачынны рахунак?

Аляксандар Аляксандрыя — зь ліку тых 20 пацярпелых ад тэракту, хто дагэтуль лечыцца ў стацыянары. Малады чалавек ляжыць у траўмацэнтры ў Бараўлянах, яму дагэтуль робяць апэрацыі на зламанай назе. Пытаюся, ці атрымаў Аляксандар абяцаную менскімі гарадзкімі ўладамі грашовую дапамогу?

«Ад дзяржавы дапамогу я пакуль не атрымаў, бо існуе правіла, што трэба спачатку выпісацца са шпіталя і потым прыйсьці, атрымаць гэтыя грошы самому альбо праз давераную асобу. Але я пакуль не сьпяшаюся. Я падаў заяву на грашовую дапамогу ў адміністрацыю свайго раёну, у цэнтар сацыяльнай дапамогі. Яны разглядзелі заяву, мне будзе аказаная дапамога ў памеры 3,5 мільёна рублёў. Такім чынам, пакуль, акрамя дапамогі зь месца працы і ад сваякоў ды сяброў, не атрымліваў нічога».

Паводле рашэньня Менгарвыканкаму сем’і загінулых ад тэракту павінны былі атрымаць па 35 мільёнаў рублёў грашовай дапамогі. 14 сем’яў гэтую дапамогу ўжо атрымалі, хутка яна будзе выплачаная і сям’і Андрэя Ільіна, які памёр 25 траўня. У камісіі па аказаньні матэрыяльнай дапамогі пацярпелым ад выбуху ў мэтро паведамілі: тым, хто атрымаў цяжкія пашкоджаньні, прызначана дапамога памерам 3,5 мільёна рублёў, меней цяжкія — 1,75 мільёна, лёгкія траўмы — па 700 тысяч рублёў. З 308 пададзеных у камісію заяваў 110 ужо разгледжаныя, людзі атрымліваюць дапамогу, паведамілі ў камісіі. А ці праіндэксуюць выдзеленыя грошы з улікам інфляцыі? Гэтае пытаньне я задаў Натальлі Праскуравай, якая з 31 траўня выконвае абавязкі старшыні камісіі:

Карэспандэнт: «Усё ж такі 3,5 мільёна рублёў тады і цяпер — гэта розьніца амаль удвая».

Праскурава: «Гэта не мая кампэтэнцыя. Мая задача — выконваць рашэньне Менгарвыканкаму аб выплаце дапамогі, што мы і робім».

Мікалаю Ільюшэнку якраз сёньня зрабілі чарговую апэрацыю на назе. Паранены дагэтуль ляжыць у 6-м шпіталі, да прыбіральні ходзіць на мыліцах. Няма і гаворкі пра тое, каб самому ісьці ў «Беларусбанк» і здымаць з рахунку тыя 3,5 мільёна беларускіх рублёў, якія з часу тэракту абясцэніліся амаль удвая. Больш Мікалай цяпер спадзяецца на страхоўку, якую менскае мэтро налічвае, зыходзячы з курсу эўра:
Рана мне пра гэта думаць, трэба яшчэ нагу залячыць.

«Страхоўка яшчэ будзе. Ад 300 эўра да 3 тысяч. Зразумела, што 3000 — гэта на нябожчыка. А колькі прызначаць пацярпелым — будзе залежаць ад рашэньня экспэрта. Я не цікавіўся, рана мне пра гэта думаць, трэба яшчэ нагу залячыць».

Грамадзяне Беларусі сабралі на дабрачынны рахунак больш за 5 мільярдаў рублёў дзеля дапамогі пацярпелым. Пацярпелы Мікалай Ільюшэнка кажа, што пакуль яго ніхто не інфармаваў, як будуць разьмяркоўвацца гэтыя грошы: «На помнік ці на дапамогу сваякам загінулых, параненым — мне невядома».

Кіраўнік сьледчай групы пракуратуры Беларусі Андрэй Швед паведаміў 31 траўня, што сьледзтва высьветліла датычнасьць абвінавачаных у тэракце да 14 злачынстваў, учыненых з 2000 году. Паводле Андрэя Шведа, за гэты час «абвінавачаныя з простых дваровых хуліганаў пры паблажлівасьці дзяржаўных органаў ператварыліся ў тэрарыстаў».

31 траўня Аляксандар Лукашэнка загадаў праверыць факт пранікненьня ў мэтро трох менчукоў, якія выклалі ў інтэрнэт відэа сваёй вандроўкі па начным мэтрапалітэне. «Заўтра без пагонаў застаняцеся», — прыгразіў Лукашэнка сілавікам, якія мусяць забясьпечыць ахову мэтро.
XS
SM
MD
LG