Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамада заступілася за палітвязьняў


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Арганізацыйны камітэт па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) на сваім пасяджэньні 31 траўня выступіў з рэзкім пратэстам супраць "судовай расправы над лідэрам сацыял-дэмакратаў Мікалаем Статкевічам і іншымі палітвязьнямі".

"Прысуды, вынесеныя былым кандыдатам у прэзыдэнты і ўдзельнікам падзей 19 сьнежня, знаходзяцца па-за рамкамі прававога поля. Гэта страх і помста аганізуючай улады", — гаворыцца ў рэзалюцыі аргкамітэту.

Як паведаміў БелаПАН міжнародны сакратар аргкамітэту, кіраўнік выбарчага штабу Статкевіча Сяргей Марцэлеў, удзельнікі пасяджэньня салідарна вызначылі мэту вызваленьня партыйнага лідэра і ўсіх палітычных зьняволеных як першачарговую.

Акрамя кандыдата ў прэзыдэнты, яшчэ двое сацыял-дэмакратаў доўгі час знаходзіліся ў сьледчым ізалятары беларускіх спэцслужбаў, працягваецца іх крымінальны перасьлед.

Было таксама падкрэсьлена, што арганізацыйнае адзінства партыі прынесла рэальны плён у ходзе перадвыбарчай кампаніі, калі актывісты сабралі больш за 200 тысяч подпісаў у падтрымку двух кандыдатаў — Статкевіча і Вуса. Кампанія паказала ролю Статкевіча як палітыка нацыянальнага маштабу. Перадвыбарныя заявы Статкевіча пра "будучы эканамічны каляпс" і "крызіс маралі ўлады", на думку прысутных, атрымалі поўнае пацьверджаньне.

Удзельнікі пасяджэньня прынялі асобны зварот да міжнароднага сацыял-дэмакратычнага руху, Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу і Эўразьвязу:

"Ваша прынцыповая пазыцыя і салідарнасьць зьяўляецца важным фактарам канчатковага вызваленьня беларускіх палітвязьняў і спыненьня палітычных рэпрэсій", — лічаць сацыял-дэмакраты.
XS
SM
MD
LG