Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Канцэрн «Белбіяфарм» унёс Міністэрству эканомікі Беларусі прапановы наконт падвышэньня цэнаў на лекавыя сродкі беларускай вытворчасьці.

На колькі канкрэтна падаражаюць лекі, пакуль не вядома. Але што рост цэнаў на лекі непазьбежны, сьцьвярджаюць і чыноўнікі «Белбіяфарму», і фармацэўты, работнікі аптэк.

Згодна зь беларускім заканадаўствам, цэны на шэраг лекавых сродкаў беларускай вытворчасьці кантралююцца Міністэрствам эканомікі. То бок гэта не свабодныя цэны, а рэгулюемыя, тлумачыць начальнік упраўленьня прававой і аналітычнай працы канцэрну «Белбіяфарм» Сяргей Казакевіч:

«Гэты пералік фармаваўся дастаткова даўно, і, на маю, думку, ён ужо састарэў. Але, тым ня менш, пакуль ён дзейнічае. Цэны на гэтыя прэпараты ў асноўным знаходзяцца дзесьці на ўзроўні ніжэй за 1 даляр за ўпакоўку.
Нават калі такія лекі падаражаюць, дапусьцім, на 20%, для спажыўца гэта будзе амаль не заўважна.

Нават калі такія лекі падаражаюць, дапусьцім, на 20%, для спажыўца гэта будзе амаль не заўважна. Таму казаць пра тое, што будзе прасочвацца такая ж тэндэнцыя, як і на імпартныя лекі, проста няма сэнсу».

Гэтыя пазыцыі для беларускіх фармацэўтычных прадпрыемстваў зьяўляюцца стратнымі, кажа Сяргей Казакевіч. Таму «Белбіяфарм» вымушаны перагледзець цэны:

«Мы гэтую працу праводзім плянава. Гэта ня сёньня мы прачнуліся і вырашылі ўзьняць цэны. Мы паступова па гэтых прэпаратах уносім прапановы Міністэрству эканомікі павышаць цэны да таго ўзроўню, які забясьпечыць эканамічную эфэктыўнасьць іх вытворчасьці. Чаму гэта ўсіх усхвалявала — ну, проста, напэўна, таму, што ў краіне такая цяпер сытуацыя, што ўсе цэны растуць».

Што да імпартных лекаў, цэны на іх падымаюцца. Загадчыца адной са сталічных аптэк спадарыня Ірына распавяла:

«Тыя, якія прыходзяць па новых закупках, падаражалі. Таксама чуткі пайшлі, што з 1 чэрвеня будзе пераацэнка тавару, асабліва тых лекаў, якія тэндэрныя. Проста мы за іх яшчэ не заплацілі, не разьлічыліся. То бок мы адпускаем іх па льгоце, паліклінікі праплачваюць. Пасьля гэтага мы разьлічваемся з пастаўшчыкамі. Таму, натуральна, мы будзем працаваць сабе ў страту, калі не пераацэнім тавар».

Што да розьніцы ў цэнах імпартных і беларускіх лекаў, начальнік упраўленьня канцэрну «Белбіяфарм» Сяргей Казакевіч прывёў такія лічбы:

«Сёньня, паводле статыстыкі, сярэдняя цана ўпакоўкі беларускіх лекаў, якія прадаюцца на тэрыторыі краіны, складае дзесьці паўтара даляра ЗША. Імпартных — прыкладна 4,5 даляра».

Загадчыца аптэкі спадарыня Ірына пацьвярджае, што імпартныя лекі заўсёды былі даражэйшымі за айчынныя:

«Тое, што беларускія лекі істотна таньнейшыя, гэта праўда. Проста за многія імпартныя плацім за брэнд, за марку. І ў імпартных леках больш ачышчаныя субстанцыі. А розьніца ў цэнах існавала і раней».

Лекі і сыравіна для іх вытворчасьці зьяўляюцца прыярытэтам пры пакупцы інвалюты на біржы, дзе абмежаваную прапанову ў межах абавязковага продажу валютнай выручкі — 30% — разьмяркоўвае Нацыянальны банк. Натуральна, пасьля дэвальвацыі беларускага рубля на 55% павялічацца выдаткі імпартэраў мэдпрэпаратаў. Што да росту коштаў айчынных прэпаратаў, чыноўнікі «Белбіяфарму» запэўніваюць, што Мінэканомікі мае намер забясьпечыць мінімальна магчымы рост розьнічных цэнаў. Аднак «па асобных пазыцыях, напрыклад, дзе частка імпартнай сыравіны дасягае 90%, рэзкага росту цэнаў не пазьбегнуць».

У аптэках народ зараз скупляе і лекі. І абураецца, што аптэкары сталі ўводзіць абмежаваньні — літаральна сёньня наша калега не змагла купіць 10 пачак актываванага вугалю. Загадчыца аптэкі тлумачыць:

«У прынцыпе, гэта правільна. Таму што яшчэ з 2008 году існуе загад адпускаць ня больш за дзьве ўпакоўкі ў рукі. Канечне, калі чалавеку патрэбны вугаль на год наперад, ён хоча купіць 10 пачак. Але нічога не парушалася».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG