Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары сумежных зь Віцебшчынай Пскоўскай ды Смаленскай абласьцей Расеі пачалі карыстацца істотнай розьніцай у цэнах на многія тавары, якая ўзьнікла ў выніку валютнага крызісу ў Беларусі. Мяняючы расейскія рублі на "чорным" рынку, яны набываць у памежных беларускіх рэгіёнах значна таньнейшыя, чым у Расеі, беларускія прадукты і прамысловыя тавары. Пасьля такіх суседзкіх набегаў у крамах беларускага памежжа паліцы застаюцца пустыя.

Для абароны сваіх рэгіянальных рынкаў Беларусь ужывае забароны. У прыватнасьці, на аўтазалівачных станцыях на памежжы з Расеяй уведзены адмысловы парадак запраўкі аўтамабіляў. Падрабязнасьці пра рэгіянальныя "гандлёвыя войны" ўдакладняюць карэспандэнты "Свабоды".

ВІЦЕБШЧЫНА


"Суседзі ад нас і не выяжджаюць, на розьніцы курсаў яны выйграюць ды купляюць, што ім трэба!"

Ад райцэнтра Гарадок да Невеля — бліжэйшага расейскага гораду прыкладна такога самага маштабу — каля 50 кілямэтраў. Жыхары Пскоўскай вобласьці прыяжджаюць на Віцебшчыну па танныя прадукты і прамысловыя тавары.

Гэта цяпер выгадна, бо расейскія рублі магчыма абменьваць па неафіцыйным курсе, распавядае жыхар Гарадка спадар Пётар:

"Ад нас да Езярышча — 40 кілямэтраў, а там да Невеля — 10, і 120 — да Вялікіх Лук. Што тут ехаць! Дык яны ад нас і не выяжджаюць! Мяняюць грошы па "правільным" курсе — яны курс вызначаюць, у іх жа валюта хадавая засталася. На розьніцы курсаў яны выйграюць ды купляюць, што каму трэба!".

Пасьля такіх наездаў, працягвае спадар Пётар, паліцы ў Гарадку заставаліся пустыя — усходнія суседзі разьбіралі ўсё, што можна. Але цяпер працэс крыху замарудзіўся: па новых, вышэйшых коштах ніхто нічога "хапаць" не сьпяшаецца:

Расейцы "вымелі" лядоўні ды іншую бытавую тэхніку

"Прадукты, якія толькі можна, і бытавую тэхніку "вымелі", лядоўні там усялякія. Але па тых коштах, па старых. А цяпер як па новых завезьлі, дык нікому ўжо асабліва і не патрэбна — калі даражэйшае ў два разы".

Раней танныя харчы вазілі на продаж з Расеі, а цяпер, калі расейскі рубель зрабіўся дарагі і дэфіцытны, працэс памяняў кірунак, кажа суразмоўца:

"У мяне ў Віцебску сваяк займаўся гуртовымі закупкамі ў Расеі. Гарбата, кава, "ролтаны", кандытарскія вырабы… Дык дзе ж яму працаваць: закуп за расейскія рублі, а ён іх набыць ня можа. Вось так і "згарнуўся"…".

Смаленскі сайт — "наводчык" расейцаў на таньнейшы беларускі тавар

Жыхары Расеі прыяжджаюць на закупы і ў Віцебск — з сумежнай Смаленскай вобласьці. На форуме аднаго з смаленскіх інтэрнэт-сайтаў нехта са смалян распавядае, наколькі выгадней купляць беларускія прадукты. Патаньнела і паліва для аўтамабіляў: калі раней зь Віцебшчыны запраўляцца езьдзілі за ўсходнюю мяжу, то цяпер неафіцыйны курс расейскага рубля дазваляе суседзям эканоміць, запраўляючыся ў Беларусі.

Да паездак у Беларусь смаляне рыхтуюцца грунтоўна, распавядае спадар Адам з Воршы:

"Вымелі" па ранейшых коштах усе таньнейшыя беларускія харчы

"Тэлефануюць у краму ды пытаюцца: "Што ў вас ёсьць?". Загадчыца кажа, што тое і тое. Кажуць: "У нас вось такая сума, бярэм гэта і гэта". І для іх усё здымаюць з продажу. Ужо ў нас практычна не засталося прадуктаў па старых коштах. Разьбіралі ўсё: фарш — значыць, фарш, мяса — значыць, мяса. Бо па курсе 200 нашых за адзін іхны рубель выходзіла за паўцаны".

Спадар Адам трымае фэрмэрскую гаспадарку. Ён кажа, што смаляне ахвотна бяруць і гародніну:

Землякі куплялі бульбу ў фэрмэра па 15 тысяч рублёў за вядро, а расейцы — па 20 тысяч

"У мяне тут бульбу імгненна забралі. Прыехалі расейцы, спыталіся: "Ці добрая бульба?" — "Добрая". Дык яны тут жа сетку прывезьлі, і мы за дзень 4 тоны бульбы адправілі на Расею. Тут я прадаў бы яе 15 тысяч за вядро, а так выйшла — па 20 тысяч. Яшчэ адзін фэрмэр раней на кірмашы гандляваў капустай, радыскай, тры месцы ў яго было. Зараз на кірмашы яго няма: яны едуць у Смаленск, і там гэтую капусту-радыску збываюць. Там яе прадаць затанна ўсё адно выгадней, чымсьці ў нас!".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


На памежжы расейскі транспарт запраўляюць толькі за валюту

У Добрушы на аўтазаправачнай станцыі №4 канцэрну "Белнафтахім", апошняй беларускай аўтазаправачнай станцыі на шляху ў Расею, увялі адмысловы парадак запраўкі аўтамабіляў. Транспарт зь небеларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі тут можна заправіць толькі за валюту — расейскія рублі, даляры альбо эўра. За беларускія грошы замежнікам паліва не прадаюць.

На аўтазапраўку найчасьцей заяжджаюць аўтамабілі з 32-га расейскага рэгіёну — гэта суседняя з Гомельшчынай Бранская вобласьць Расеі. Аднак купіць паліва за беларускія рублі расейцы ня могуць.

Кіроўцаў на АЗС сустракае аб'ява
Апавядае кіроўца, які на малагабарытным фургоне едзе зь Беларусі ў Бранск:

"Мяне Ігарам клічуць, я з Бранску. Не, не заправіўся. Патрабуюць расейскія грошы, а іх у мяне няма, бо я ўжо памяняў на беларускія. Як мне быць? Няправільна гэта! Я ў Амэрыцы магу заправіцца на даляры? Магу, так".

Афіцыйны загад канцэрну "Белнафтахім": "На аўтазапраўках прад'яўляйце пашпарты!"


Аб'ява на АЗС у Добрушы
Такі парадак, калі на тэрыторыі Беларусі ня дзейнічае беларуская нацыянальная валюта, выклікае вялікае непаразуменьне ледзь ня ў кожнага кіроўцы, хто заяжджае на аўтазапраўку.

Некаторыя расейцы просяць беларусаў купіць паліва ў каністру, каб заправіць свой аўтамабіль па-за межамі АЗС. Гэтак робіць і спадарыня Тамара, жыхарка Добруша, кіроўца легкавіка з расейскімі нумарамі, якая не пасьпела перарэгістраваць аўто ў мясцовай дзяржаўтаінспэкцыі:

"Калі ў цябе расейская машына, а ў нас часта расейцы ў Гомельскай вобласьці, ты павінен запраўляцца за даляры альбо расейскія рублі. Калі мы ў Расею езьдзілі, то нам не казалі: беларуская машына — беларускія рублі, а патрабавалі расейскія рублі. Чаму тут за "расею" павінны запраўляцца? У кожнай краіны ёсьць свая валюта — няхай за сваю валюту й запраўляюцца".

Апэратарка АЗС тым часам заяўляе, што запраўка транзытных аўто замежнікаў за валюту — гэта не мясцовая прыхамаць. На тое ёсьць распараджэньне канцэрну "Белнафтахім". Апэратарка чытае:

"У нас загад! "Дзеля выкананьня распараджэньня старшыні канцэрну "Белнафтахім" пад асабістую адказнасьць забясьпечце рэалізацыю паліва на памежных АЗС нерэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь толькі за валюту. Водпуск паліва аўтамабілям зь небеларускімі нумарамі за беларускія рублі выключаны". Калі ў выключным выпадку кіроўцы кажуць, што яны беларусы, мы мусім паглядзець іх пашпарты".

Распараджэньне прадаваць бэнзын замежнікам толькі за валюту

Падпісаў гэты загад 27 траўня намесьнік генэральнага дырэктара "Беларуснафты" Сяргей Каморнікаў.

Рабочы АЗС спадар Пётар кажа, што ў ягоныя абавязкі ўваходзіць прагляд рэгістрацыйных нумароў на аўтамашынах — тых, што зарэгістраваныя ў Расеі, і тых, якія едуць туды з транзытнымі нумарамі:

"Калі ён транзытам ідзе ў Расею — значыць, запраўка за валюту".

Спадар Пётар заяўляе, што да падаражэньня паліва багата расейцаў куплялі беларускае паліва:

"Да пераацэнкі вывозілі шмат. За наяўныя грошы запраўляліся расіяне да тоны. Цяпер, у зьвязку з новым курсам валюты, вывозяць меней".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Польшчу — паліва, цыгарэты й гарэлку, дадому — валюту

Нястачу даляраў у Беларусі некаторыя дробныя прадпрымальнікі Гарадзеншчыны кампэнсуюць тым, што зарабляюць яе ў Польшчы і такім чынам падтрымліваюць свой бізнэс.

На беларуска-польскай мяжы традыцыйна чэргі, і, каб перасекчы мяжу, даводзіцца стаяць па некалькі гадзінаў. Пераважная большасьць тых, хто пераяжджае мяжу, вязуць на продаж паліва, цыгарэты і гарэлку.

Здаўшы там свой тавар, набываюць у Польшчы тое, што каштуе таньней, чым у нас. Апошнім часам, як кажуць самі перавозчыкі, паболела замоваў на перавоз таго ці іншага тавару, які ў сувязі з ростам цэн альбо падаражэў на беларускім рынку ў разы, альбо наагул зьнік.

Пасярэдніцкія паслугі дазваляюць зарабіць беларусам

Вось што распавядае мне спадар, які займаецца перавозкай тавару.

Спадар: "На кірмашы ў Беластоку нашы прадпрымальнікі даюць нам рэчы для перакіду і за кожны тавар плацяць грошы. Нехта правозіць вопратку, нехта пампэрсы, тэхніку розную, цяпер вось газонакасілкі возім, ноўтбукі, мабільнікі — за кожную адзінку чалавек атрымлівае пэўную колькасьць даляраў".

Чарга на памежным пераходзе "Брузгі-Кузьніца Беластоцкая"

Некаторыя гарадзенскія прадпрымальнікі, каб падтрымаць бізнэс, які моцна пахіснуўся падчас фінансавага крызісу, пачалі зарабляць даляры на паездках у Польшчу.

Спадар: "Многія прадпрымальнікі, сярод іх шмат маіх сяброў, пачалі вазіць у Польшчу паліва і цыгарэты, бо ім дзеля свайго бізнэсу ў Беларусі нестае даляраў. І яны возяць паліва толькі дзеля таго, каб там за выручаныя грошы набыць валюту. Потым вяртаюцца і з гэтай валютай едуць у Маскву і набываюць неабходныя тавары, каб потым прадаваць іх у Горадні на кірмашы".

Яшчэ адзін спадар, які таксама займаецца памежным гандлем, наўпрост прызнаўся, што зараз выгадна проста завезьці паліва і цыгарэты ў Польшчу, набыць там даляры і, нічога не купляючы, папросту вярнуцца назад з валютай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG