Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатолю Лябедзьку не дазволілі зьезьдзіць на магілу дзеда


Справу лідэра АГП Анатоля Лябедзькі працягнулі, але не паведамілі, на які тэрмін. Мікалай Статкевіч распавёў на сустрэчы з жонкай пра прычыны галадоўкі ў СІЗА КДБ. Андрэй Саньнікаў настойвае на паўторных прэзыдэнцкіх выбарах. Віталь Рымашэўскі скардзіцца на прысуд і патрабуе апраўданьня.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька не атрымаў ад сьледчага дазволу на паездку ў Латвію, дзе ў яго пахаваны дзед Іван Лябедзька, які загінуў у 1945 годзе падчас баёў з фашыстамі.

Анатоль Лябедзька
"Зьбіраўся зьезьдзіць у Латвію разам з бацькам, адшукаць магілу дзеда. У нас з тых часоў ёсьць даведка, дзе ён пахаваны, у брацкай магіле, але вось не дазволілі".

Анатоль Лябедзька дагэтуль знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд як абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня. Днямі ягоны адвакат даведаўся ад сьледчага, што справу Анатоля Лябедзькі працягнулі, але дакладна на які тэрмін — не паведамілі.

"Гэта ўжо па-за законам. Бо з 19-га па 20-га яны мусілі даць мне адпаведную паперу, паколькі падаўжэньне сьледзтва — гэта пэўная працэдура: трэба ж атрымліваць дазвол у Генэральнай пракуратуры. Аднак ніякага дакумэнту я не атрымаў".

Андрэй Саньнікаў
Экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў працягвае настойваць на паўторных прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта вынікае зь ліста, які Саньнікаў перадаў на волю. Андрэй Саньнікаў заяўляе, што не прызнае афіцыйных вынікаў выбараў, якія лічыць сфальшаванымі.

На думку Саньнікава, вынікі галасаваньня сьведчаць, што першы тур ня выявіў пераможцу выбараў. "Лукашэнка мусіць прызнаць, што 19 сьнежня 2010 году ён не набраў неабходных для перамогі 50% галасоў", — заяўляе Саньнікаў.

Былы кандыдат нагадвае, што ЦВК назваў яго, Андрэя Саньнікава, другім па колькасьці набраных галасоў. На гэтай падставе палітык патрабуе правесьці другі тур прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным кантролем.

30 траўня экс-кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі падаў у суд скаргу на прысуд, які вынесла яму судзьдзя Фрунзенскага суду Жана Жукоўская. Віталь Рымашэўскі пра сваю скаргу:

Віталь Рымашэўскі
"Патрабуем вынесьці апраўдальны прысуд. Лічым, што суд не ўлічыў аргумэнты абароны. На жаль, я і мой адвакат дагэтуль ня маем копіі судовай пастановы, таму немагчыма было аспрэчыць судовае рашэньне паводле пэўных пунктаў. Але мы зробім гэта пазьней, дададзім".

30 траўня зь Міколам Статкевічам у СІЗА КДБ сустрэлася ягоная грамадзянская жонка Марына Адамовіч. Сустрэча доўжылася тры гадзіны. "Пачуваецца і выглядае Мікола добра", — зазначыла Марына Адамовіч.

Паводле Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч пацьвердзіў расповед Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў "амэрыканцы", а таксама падрабязна распавёў пра мэты галадоўкі, якую ён трымаў пасьля арышту:

Мікола Статкевіч
"Мэтамі галадоўкі былі: па-першае, пратэст супроць фальшаваньня выбараў, другое — пратэст супроць зьбіцьця соцень людзей, і трэцяе, што было ў той момант для яго надзвычай важна, — пратэст супроць гвалту, ператрусаў і арыштаў, якія працягваліся. Ён зараз патлумачыў, што тады гэта была для яго адзіная магчымасьць абараніць людзей, паплечнікаў і сваякоў".

Паводле Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч ня будзе пісаць заяву на перавод яго ў калёнію да разгляду касацыйнай скаргі. Тое, што такая скарга будзе абавязкова пададзеная, Марына Адамовіч пацьвердзіла "Свабодзе".
XS
SM
MD
LG