Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзіць зьезд партыі «Справядлівы сьвет»


Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

Сёньня ў Палацы культуры Менскага трактарнага заводу пачаўся 15-ты зьезд беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет». У ім удзельнічаюць каля 200 дэлегатаў.

На зьезьдзе будзе дадзена ацэнка дзейнасьці партыі за 4 апошнія гады, вызначаны мэты і задачы на будучыню. На форуме таксама будзе абранае новае кіраўніцтва партыі.

Гэтым разам спачатку выберуць старшыню партыі і яго намесьнікаў, а ўжо пасьля цэнтральны камітэт. Раней рабілася наадварот. Намесьнік старшыні партыі Валерый Ухналёў патлумачыў новаўвядзеньне тым, што цяпер старшыню можна будзе абраць з шырокага кола партыйцаў, а не абмяжоўвацца толькі цэнтральным камітэтам.

З справаздачным дакладам выступае старшыня партыі Сяргей Калякін. Ён у прыватнасьці адзначыў, што партыя «зьяўляецца адной з самых уплывовых сіл у дэмакратычным руху Беларусі».

Сяргей Калякін рэзка скрытыкаваў кіраўніка дзяржавы. Паводле ягоных слоў, «у краіне цяпер добра жывуць толькі бюракратыя, якая разраслася да велізарных памераў, ды новая беларуская буржуазія. А ўсім астатнім застаецца толькі чарка ды шкварка».

Сяргей Калякін адзначыў, што сярод насельніцтва Беларусі расьце разуменьне неабходнасьці дэмакратычных зьменаў, і партыя павінна гэтым скарыстацца.

Зьезд завершыць сваю работу ў нядзелю, 29 траўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG