Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Палітвязень Мікіта Ліхавід другі раз трапіў у турэмны карцэр. Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў у лісьце цікавіцца здароўем свайго паплечніка Дзьмітрыя Бандарэнкі. Натальля Класкоўская і Марына Адамовіч ня трапілі на дазволенае спатканьне з мужамі ў СІЗА КДБ.

27 траўня ў вязьня Наваполацкай калёніі, актывіста руху «За свабоду» Мікіты Ліхавіда, дзень народзінаў. Гэты сьвяточны для сябе дзень Мікіта адбыў у карцэры, куды трапіў другі раз і ўсё па той самай прычыне: хлопец называецца «незаконна асуджаным» і адмаўляецца выконваць некаторыя патрабаваньні адміністрацыі. Першы раз Мікіту Ліхавіда пакаралі 10 днямі карцара, гэтым разам ён атрымаў 15 сутак. Сёньня маці Мікіты ўдалося атрымаць зь ім кароткае спатканьне.

Алена Ліхавід: «Канечне, вельмі схуднелы. Вельмі. Ніяк не чакаў, што мяне ўбачыць. Па-першае, на дзень народзінаў, а тут яшчэ і з карцара яго прывялі да мяне — ніяк не чакаў. Мы ўбачыліся, абняліся і я за 5 месяцаў упершыню трымала сына за руку. Казаў, мама, ты мяне зараз задушыш. Я расплакалася. Ручкі халодненьнкія, тоненькія, шчокі запалыя…Але нічога. Прарвёмся. Мяркую, усё ў нас атрымаецца».
Мы ўбачыліся, абняліся і я за 5 месяцаў упершыню трымала сына за руку.

Над Мікітам узяў шэфства дэпутат Бундэстагу Нямеччыны Лукас Шультэ. Пра гэта нямецкі палітык паведаміў маці беларускага палітвязьня ў лісьце. У тым ліку такое шэфства азначае інфармаваньне калегаў у Нямеччыне пра справы вязьня і ціск, які ён зьведвае падчас адбываньня пакараньня.

27 траўня сваякі вязьняў СІЗА КДБ, якіх асудзілі 26 траўня, паспрабавалі спаткацца зь імі ў ізалятары. Пашанцавала толькі маці Аляксандра Квяткевіча Алене, якая заняла чаргу з самай раніцы. А вось жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч і жонка Аляксандра Класкоўскага Натальля не змаглі трапіць на спатканьне. Аказваецца, у дзень спатканьне могуць атрымаць толькі тры чалавекі. Такія парадкі ў СІЗА КДБ.

Натальля Класкоўская: «Яны і слухаць не жадаюць нічога. Марына Адамовіч запытала пра інструкцыю, колькі трэба прымаць? Кажуць: паводле жывой чаргі. Маўляў, нідзе нічога ў іх не ўказана. Што, кажа, я вам мушу тлумачыць? Ідзіце і высьвятляйце, гэта не да мяне прэтэнзіі. Вось і ўвесь адказ. Мне сказалі пра тры чалавекі, значыць тры чалавекі…Вось так. Дарэчы, адвакат папярэджвала, што так будзе. Бо шмат заяваў сваякі напісалі на спатканьні, а пускаюць толькі трох на дзень».

Жанчыны спадзяюцца, што змогуць трапіць на спатканьні ў панядзелак, 30 траўня. Між тым, дазвол дзейнічае толькі цягам трох дзён.

Жонка Зьмітра Бандарэнкі Вольга паведаміла пра ліст ад Андрэя Саньнікава. Экс-кандыдат на прэзыдэнта напісаў ліст ужо з Валадаркі. Саньнікаў цікавіцца здароўем Зьмітра Бандарэнкі, пра хваробы якога даведаўся праз «турэмную пошту». 26 траўня Вольга Бандарэнка бачылася з мужам.

«Казаў, што ўлады адмыслова вядуць справу да таго, каб ён у выніку апынуўся ў інвалідным вазку. Згадаў пра аднаго лідэра апазыцыі ў нейкай краіне, які рухаецца ў інвалідным вазку. Ну што ж, сказаў, значыць будзе гэтак і ў нас».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG