Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбуйнейшая міжнародная праваабарончая няўрадавая арганізацыя "Міжнародная амністыя" (“Amnesty International”) адзначае 50-годзьдзе.

У 1961 годзе брытанскі юрыст Пітэр Бэнэнсан пачаў міжнародную кампанію за амністыю ўсіх вязьняў сумленьня. Нагодай стаў лёс двух партугальскіх студэнтаў, якіх рэжым Салазара зьняволіў на сем гадоў за тое, што яны ўзьнялі тост "За свабоду".

Якое значэньне для Беларусі мае дзейнасьць "Міжнароднай амністыі"? Праваабаронца, прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла:

Менавіта гэтая арганізацыя ня раз абвяшчала палітвязьнямі нашых сядзельцаў, прыгавораных судамі на загад нашага дыктатара

"Гэта адна з самых вядомых міжнародных праваабарончых арганізацый. Аўтарытэт гэтай арганізацыі вельмі высокі ў нас у Беларусі. Менавіта гэтая арганізацыя ня раз абвяшчала палітвязьнямі нашых сядзельцаў, прыгавораных судамі на загад нашага дыктатара. У гэтым пляне супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй карыснае. Гэта даўняя традыцыя. Гэта прызнаньне таго, што людзі асуджаныя незаконна па палітычных матывах, што яны маюць патрэбу ў міжнароднай салідарнасьці, падтрымцы і выбудоўваньні патрабаваньняў да ўраду аб іх вызваленьні. Сёньня гэта больш за 20 чалавек. Пачынаючы ад Аўтуховіча і ўсіх тых, хто праз выракі судоў асуджаны да пазбаўленьня волі, у тым ліку і да абмежаваньня волі, па падзеях 19 сьнежня. Мы лічым, што ніводзін з гэтых людзей не вінаваты. Суды па іх справах былі заведама неправасуднымі, палітычна матываванымі. Мы спрабуем абапірацца на тыя магчымасьці, якія прадстаўляюць нам міжнародныя арганізацыі, інстытуцыі, каб вырашаць канкрэтныя справы з фактамі парушэньня правоў чалавека адносна кожнага, хто зазнаў рэпрэсіі ў Беларусі".

“Міжнародная амністыя” (Amnesty International, Amnesty, AI) — міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая займаецца абаронай правоў чалавека. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Лёндане, мае прадстаўніцтвы ў 58 краінах, у якія агулам уваходзяць больш за 2,2 мільёны чалавек. У штогадовых дакладах прыводзіць факты парушэньня правоў чалавека. Арганізаваная ў Лёндане ў 1961 годзе брытанскім юрыстам Пітэрам Бэнэнсанам пасьля таго, як ён прачытаў артыкул пра двух партугальскіх студэнтаў, якіх асудзілі да сямі гадоў зьняволеньня за тое, што яны паднялі тост за свабоду. У 1977 годзе атрымала Нобэлеўскую прэмію міру за сваю «кампанію супраць катаваньняў», у 1978 — прэмію ААН у галіне правоў чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG