Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі асуджаных анархістаў: Нашых сыноў агаварылі пад ціскам сьледзтва


Аляксандар Дзядок, бацька Мікалая Дзядка.
Аляксандар Дзядок, бацька Мікалая Дзядка.
У Заводзкім раённым судзе Менску сёньня скончыўся працэс над 5 прыхільнікамі анархісцкага руху, якіх палічылі вінаватымі ў зьдзяйсьненьні акцый, скіраваных супраць адміністратыўных будынкаў, у тым ліку нападу на амбасаду Расеі ў жніўні мінулага году.

Судзьдзя Жана Хвайніцкая зачытала выніковую частку прысуду за 10 хвілін. Усе пяць абвінавачаных былі прызнаныя вінаватымі ў выстаўленых ім абвінавачаньнях. У асноўным гэта хуліганства і наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці. Найбольшы тэрмін атрымаў Ігар Аліневіч — 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Мікалай Дзядок асуджаны на 4 з паловай гады, Аляксандар Францкевіч — на 3 гады калёніі. Максіма Веткіна суд прызнаў вінаватым, але пакараў яго абмежаваньнем волі на 1,5 года — гэтак званая «хімія». З суду Веткін выйшаў без кайданкоў. Як і Яўген Селівончык, якога і падчас суду не трымалі пад вартай. Селівончыка таксама пакаралі 1,5 гадамі «хіміі».

Бацькі большасьці з асуджаных «анархістаў» называюць працэс палітычным, а прысуд — паказальным ды надзвычай жорсткім і заяўляюць пра намер яго абскардзіць. Бацька асуджанага Аляксандар Дзядок, які сам раней працаваў судзьдзёй, кажа, што віна абвінавачаных не была даказаная. Ягонага сына агаварылі пад ціскам сьледзтва, мяркуе Аляксандр Дзядок:

«Майго сына агаварылі некалькі чалавек. Суд сёньня агучыў, што на яго далі паказаньні сьведка Канафальскі і сьведка Акдыф. Але сьведка Акдыф з абсалютна незаконных прычын ня быў выкліканы ў суд. Чаму? Мяркую, у судзе б ён зьмяніў свае паказаньні, бо падчас сьледзтва яны былі атрыманыя празь незаконныя дзеяньні. Як гэта зрабіў Канафальскі, калі даваў паказаньні ў судзе, як кажуць, вочы ў вочы».

На працэсе некалькі сьведак істотна зьмянілі паказаньні і казалі, што на сьледзтве ім пагражалі. Паводле назіральнікаў, няма і наўпроставых рэчавых доказаў таго, што менавіта гэтыя прыхільнікі анархізму датычныя да сілавых акцый. У прыватнасьці, да закідваньня «кактэйлем Молатава» амбасады Расеі ці спробы падпалу будынка міліцыі. Маці Ігара Аліневіча, якога сьледзтва палічыла адным з арганізатараў і выканаўцаў акцый, кажа, што віна яе сына не была даказаная ўвогуле:

Валянціна Аліневіч
«Пасьля 19 сьнежня ў мяне не было надзей на аб’ектыўнасьць, але ўсё ж я думала пра суд, што ўсё будзе неяк у межах нормы. І першыя дні суд яшчэ пытаўся ў абвінавачаных, ці не аказвалі на вас нейкі ціск. Але потым усё ператварылася ў спэктакль. Я не стрымала сьлёз, калі ўсе гэтыя хлопцы адзін за адным адмаўляліся ад паказаньняў і распавядалі, які ціск на іх чынілі праваахоўныя органы».

Валянціна Аліневіч кажа, што будзе да апошняга змагацца за вызваленьне сына. Маці асуджанага запэўніла, што скарга на прысуд будзе пададзеная абавязкова.

Сярод эпізодаў, якія фігуравалі ў справе анархістаў, была і акцыя каля Міністэрства абароны Беларусі ў 2009 годзе. Журналіст Аляксандар Ярашэвіч мяркуе, што яна была цалкам мірная:

«Большасьць акцый мелі сымбалічны характар. Акцыя каля Генштабу — гэта ўвогуле мірнае шэсьце супроць манэўраў, супроць таго, што дзяржава выдаткоўвае грошы на ваенную тэхніку, змагаецца з уяўным ворагам, а заробкі робяцца ўсё меншыя і меншыя».

Паводле прыхільнікаў анархізму, у Беларусі няма магчымасьці выказаць пратэст супроць цяперашніх парадкаў праз вулічныя акцыі, і таму некаторая частка моладзі выбірае больш радыкальныя сродкі пратэсту. Вынік працэсу ў Заводзкім судзе гэтую праблему не вырашае, казалі мае суразмоўцы, якія прыходзілі ў суд.

У справе фігуравалі таксама эпізоды пашкоджаньня будынкаў Палаца прафсаюзаў, філіялу «Беларусбанку», казіно «Шангры-Ла» ды іншых аб’ектаў.

Бацькі асуджаных анархістаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:36 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG