Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбудуцца на працягу месяца пасьля дэвальвацыі 23 траўня масавыя акцыі пратэсту працоўных?


Ці адбудуцца на працягу месяца пасьля дэвальвацыі 23 траўня масавыя публічныя акцыі пратэсту працоўных супраць падзеньня ўзроўню жыцьця?








ПРАГНОЗ ЭКСПЭРТАЎ


Юры Чавусаў, палітоляг, сябра Сойму партыі БНФ:


Не. Я думаю, што ўзрастае верагоднасьць спантанных акцый пратэсту. Нарастае напружанасьць, няўпэўненасьць у заўтрашнім дні, на асобных прадпрыемствах у сувязі з драматычным скарачэньнем заробкаў магчымыя выступы працоўных калектываў. Але таго, што ў асяродзьдзі публічных палітыкаў называецца масавымі пратэстамі, гэта значыць, выхад людзей тысячнымі натоўпамі на цэнтральныя плошчы гарадоў – гэтага ў бліжэйшы час чакаць ня варта. Занадта высокі ўзровень страху ў грамадзтве зараз, сярод працоўных калектываў няма сапраўдных лідэраў, прафсаюзныя структуры падпарадкаваныя дзяржаве, а каб лідэры зьявіліся, патрэбныя перадумовы. Яны могуць скласьціся, калі сытуацыя няўпэўненасьці расьцягнецца на некалькі месяцаў. Зьяўленьня такіх завадатараў можна чакаць бліжэй да канца году, калі эканамічная сытуацыя не палепшыцца.


Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу

дэмакратычных прафсаюзаў:

Не. Я сыходжу з таго, што сытуацыя яшчэ не настолькі насьпела. Ідзе фармаваньне гэтага пратэстнага патэнцыялу. Але паводле шэрагу акалічнасьцяў – сацыяльных, эканамічных, палітычных – на працягу месяца наўрад ці можна чакаць нейкіх масавых выступаў. Дзейны рэжым мае яшчэ дастатковы запас трываласьці, каб нармалізаваць сытуацыю і не прывесьці яе да сацыяльнага выбуху. Але я не выключаю, што можа быць і непрадказальнае разьвіцьцё падзеяў. Мы павінны быць гатовыя да таго, што падзеі будуць разьвівацца раптоўна.

Аляксей Пікулік, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага

ўнівэрсытэту, доктар паліталёгіі:

Не. На ўзроўні цэхаў, нават асобных заводаў, могуць быць лякальныя страйкі, але гэта ня будзе пратэстам на ўзроўні Плошчы, павінен прайсьці час, каб дух пратэсту назапасіўся і ўмацаваўся. На месцах акцыі пратэсту могуць быць. Але масавых акцый ня будзе, бо іх трэба арганізоўваць. Незалежных прафсаюзаў у Беларусі, па сутнасьці, няма.
У 1991 годзе была пэўная воля "чырвоных дырэктараў" выпусьціць работнікаў на вуліцу. Зараз у іх такой волі ня будзе. Але я, у прынцыпе, не выключаю, што работнікі не пабаяцца выйсьці на Плошчу. Дзяржаўная ідэалёгія і дзяржаўныя СМІ так доўга кармілі ўсіх казкамі пра тое, што апазыцыя, якая выходзіць на вуліцу – гэта "найміты Захаду" і выходзяць туды за грошы, што работнікі, падумаўшы, што яны ж не найміты, могуць і выйсьці. Так што з запалоханасьці апазыцыі не вынікае, што работнікі гэтак жа запалоханыя і пабаяцца выйсьці на вуліцу.


ПРАГНОЗ КАМАРОЎКІ


Юнак: Я думаю, што не. Бо ў нас такія людзі, што яны будуць рабіць тое, што ім скажуць па тэліку. А па тэліку кажуць: “Працуйце, усё добра, нам ня трэба рэвалюцыяў – мір, праца май".

Спадарыня: "Так. Але менавіта з боку працоўных, з заводаў. Бо вельмі рэзка ўпаў узровень жыцьця".

Спадар: "Я думаю, што не, пабаяцца – цалкам усё заціснутае. Дыктатура, звычайная дыктатура, так як у многіх кранах – Паўночная Карэя, Ірак, Куба".

Юначка: "Кажуць, што ўжо, нібыта, выступалі і на МАЗе і Рэчыцкім філіяле піваварнага заводу – пратэставалі працоўныя. Але вялікіх выступаў і акцыяў пратэсту ня будзе, і хутчэй за ўсё яны будуць проста задушаныя. Ня далі народу выступіць пасьля выбараў – усё гэта было падаўлена, то чаму б не падавіць гэта і зараз? Гэта нават прасьцей – народ жа бязь сілы. Калі выйсьці, то ў будучыні гэта азначае страту месца працы ці вучобы. І што далей – застацца зусім нікім".

Юнак: "Я думаю, што не. Максымум – масавасьць будзе тая, што была на выбарах. Проста ў людзей такая пасіўнасьць – цяжка, цяжка, а пасьля звыкся".

Юнак: "Я думаю, што не. Мы проста не выходзім на вуліцы. Некаторыя выходзяць, але атрымалася, што гэта не дало ніякіх вынікаў, і людзі проста апусьцілі рукі і пачалі змагацца з гэтым самастойна".

Юначка: "Масавыя акцыі пратэсту ня пройдуць, і вялікая колькасьць жыхароў Беларусі ня выйдзе на вуліцы, каб выказваць сваю думку. Бо для таго, каб выйсьці і выказацца ў адкрытай форме ў нас зараз ня тыя ўмовы, і мэнталітэт беларусаў не дазволіць. Гэта французы могуць выказаць сваё стаўленьне да свабоды, а беларусы не. Яны лічаць, што ўсё пройдзе, і ўсё будзе добра".

Спадар: "Людзі ня выйдуць з-за таго, што запалоханыя з боку дзяржавы. Хоць і працягвае расьці курс даляра і куды мы коцімся невядома. Хутчэй за ўсё ўніз".

Спадарыня: "Думаю, што так. Я асабіста не намераная ў гэтым удзельнічаць, бо я пэнсіянэрка і працую. Але многіх людзей ведаю, якія ня тое, што галодныя, але харчуюцца хлебам і малаком. Побач са мной жыве шматдзетная сям'я – бацька ў іх працуе дальнабойшчыкам – няма валюты, і ў яго праблема з працай. Працуе адна маці, а ў сям'і чацьвёра дзяцей. Я іншы раз частую дзяцей, бо калі ў мяне адчыненыя дзьверы, а яны заглядваюць і бачаць штосьці на стале – я заўважаю, як у іх вочы блішчаць. Таму я нават з асьцярогаю гэтага чакаю: выходжу ў горад і чакаю. Бо я ў 1991 годзе ехала з банку і памятаю, як ішлі натоўпы працоўных у робах – гэта было жахлівае відовішча. Я гэта бачыла ўпершыню, і на мяне гэта жудаснае ўражаньне зрабіла, я пасьля доўга спаць не магла, і я гэтага з жахам чакаю. Калі менавіта людзі выходзяць заводамі, цэхамі – тут ніхто нічога ня зможа зрабіць – ні міліцыя, ніхто".

Спадар: "Выбух нейкі будзе, рэакцыя будзе хутчэй за ўсё там, дзе працоўныя працуюць. Я проста іншы раз кантактую з прадпрыемствамі і ведаю, што па-першае ня вельмі вялікія заробкі. І проста шкада людзей – людзі працавітыя і заслугоўваюць большага".


ПРАГНОЗ ЭКСПЭРТАЎ


Так – 0

Не – 3

Прагноз Камароўкі:


Так - 3

Не - 7

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG