Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гэтыя тыдні, калі споўнілася 20 гадоў красавіцкаму страйку 1991-га, толькі Радыё Свабода разгорнута прыгадала пра тыя падзеі ( “1991-ы вачыма ўдзельніка. Сто тысяч каля Дому ўраду”, “Ці маглі рабочыя ўзяць штурмам дом па Карла Маркса?”, “Чаму рабочыя асьвісталі Шушкевіча?”).

Стаўленьне дзяржаўных СМІ зразумелае, але не напісалі пра той страйк і незалежныя газэты, у тым ліку і інтэрнэт-рэсурсы. Канешне, увага грамадзтва і журналістаў сканцэнтраваная зараз на прысудах за “19 сьнежня”, што абсалютна лягічна. Але маўчаньне пра самы масавы выступ рабочых (больш як сто тысяч чалавек на плошчы перад Домам ураду цягам не аднаго дня, дзесяткі страйкуючых буйных прадпрыемстваў, блякада чыгуначнага руху ў Воршы) -- неяк дзіўна выглядае менавіта цяпер, калі абвастрэньне эканамічнай сытуацыі дае падставы для сьмелых прагнозаў пра магчымыя страйкі і – у выніку – зьмену ўлады.

Пра гэта пазьней, але спачатку пра міфы, якія нарадзіліся вакол тых цяпер ужо далёкіх красавіцкіх падзеяў і зьвязаныя якраз з палітычным кантэкстам таго, што некаторыя называюць “каўбасным бунтам”.

У адным са сваіх інтэрвію філёзаф Валянцін Акудовіч заявіў, што ў красавіку 1991 года рабочыя выйшлі, “з трывoгі за развал Савецкага Саюза і "разгул" дэмакратыі”, а вось Пазьняк (“справа даходзіла да парадаксальнага”).гэткім адмысловым чынам выкруціў тагачасную палітычную сытуацыю”, што яны сталі пад бел-чырвона-белыя сьцягі. У іншым тэксьце (між іншым, лекцыі для студэнтаў Беларускага калегіюма) той жа Акудовіч гэтак ацэньвае падзеі красавіка 1991 году: “ насамрэч гэта быў магутны пратэст супраць перабудовы, рэформаў, блізкага развалу Савецкага Саюза, ліквідацыі сацыялізму і ўсталяваньня дэмакратыі, пратэст, які беларуская Вандэя тады яшчэ не магла (ці пакуль не адважвалася) адэкватна сфармуляваць”.

Зянона Пазьняка, як вядома, у красавіцкія дні 1991-га ў Беларусі не было, але справа ня ў гэтым: ідэя незалежнасьці Беларусі ў найноўшай гісторыі сапраўды была ўпершыню агучаная Пазьняком, а дэпутаты Апазыцыі БНФ усе тыя дні шчыльна супрацоўнічалі з лідэрамі страйкаму (уласна, адзін з сустрашыняў – Антончык – сам быў дэпутатам Апазыцыі БНФ, усе астатнія сустаршыні страйкамі былі членамі БНФ).

Што дрэннага ў тым, што рабочыя сталі пад бел-чырвона-белыя сьцягі? (А ішлі менавіта пад гэтымі сьцягамі; працытую тагачасную нататку Віталя Тараса ў “ЛіМе”: ”узорны парадак, зь якім рухалася агульная калона пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, прызнацца, уражваў” (“ЛіМ”, 3 траўня 1991 г.)

І -- ці можна палітыку прад’яўляць прэтэнзыю ў тым, што ён “выкруціў” сытуацыю на карысьць ідэяў, якія ўвасабляюць ідэі незалежнасьці і дэмакратыі? Ці ня ёсьць такая здольнасьць, наадварот, прыкметай палітычнага майстэрства?

Ідэі незалежнасьці і дэмакратызацыі два гады перад красавіцкім страйкам прапагандаваліся актывістамі БНФ (як адзначаў тады ў “Навінах БНФ” Юры Дракахруст, на кожным заводзе, які браў удзел у страйку, існавалі суполкі Народнага Фронта).

І таму (дакладней – у тым ліку і таму)
Палітычныя патрабаваньні былі сфармуляваныя ў першы ж дзень

палітычныя патрабаваньні былі сфармуляваныя ў першы ж дзень, калі рабочыя прыйшлі да Дому ўраду, і сфармуляваныя вельмі дакладна: вывад КПСС, з прадпрыемстваў, дэпартызацыя ўсіх структураў, адстаўка прэзыдэнта СССР і саюзнага ўраду, правядзеньне новых выбараў у Вярхоўны Савет на шматпартыйнай аснове. Гэта – самыя што ні ёсьць “дэмакратычныя” лёзунгі таго часу, якія цалкам супадалі з патрабаваньнямі Беларускага Народнага Фронту. Ды й ня толькі таго часу – парлямэнцкія выбары на шматпартыйнай аснове і цяпер застаюцца адным з галоўных палітычных патрабаваньняў прыхільнікаў дэмакратычных каштоўнасьцяў

Непрыкметная, але вельмі важная дэталь: рабочыя патрабавалі роспуску “саюзнага” і “рэспубліканскага” парлямэнтаў, аднак пра выбары казалася толькі ў “рэспубліканскі” парлямэнт – фактычна, людзі ўжо ня бачылі патрэбы ў існаваньні “ саюзных” ворганаў улады, як і самога “саюзу”.

Апошняе увасобілася ў патрабаваньні рабочых надаць Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР статус канстытуцыйнай сілы – што юрыдычна азначала б абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі.

Дык - дзе тут “трывога” і “пратэст” супраць “блізкага развалу Савецкага Саюзу, пра які кажа сп. Акудовіч?

Цяпер – пра другі міф. Апошнім разам ён быў выказаны паважаным палітолягам Аляксандрам Класкоўскім у сувязі з абвешчанай ініцыятывай прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і некаторымі апазыцыйнымі рухамі правесьці у кастрычніку “Усебеларскі народны сход”. Класкоўскі прыгадаў “момант даверу да апазыцыі. Бо калі згадаць выступы рабочых у 1991 годзе, то тады лідэры працоўнага руху стараліся дыстанцыявацца ад палітычнай апазыцыі і самі весьці рэй”.

Давер рабочых да апазыцыі ў 1991 годзе (кажу пра парлямэнцкую апазыцыю БНФ) выявіўся ў тым, што менавіта праз дэпутатаў апазыцыі рабочыя перадавалі свае патрабаваньні кіраўніцтву Вярхоўнага Савету і ўраду і запрашалі дэпутатаў на свае перамовы з кіраўніцтвам Беларусі. Але тут фармальная памылка: лідары рабочага руху самі былі часткай апазыцыі.

Ізноў нагадаю: дэпутатам Апазыцыі БНФ быў прызнаны лідэр рабочага руху і сустаршыня страйкаму Сяргей Антончык. Астатнія сустаршыні ( Генадзь Быкаў, Георг Мухін, Іван Юргевіч, лідэры рабочага Руху Віктар Івашкевіч і Міхась Собаль) уваходзілі ў розныя кіруючыя структуры БНФ – ад раённых радаў да Сойму).

І зразумела, што ўзначальваць страйк павінен быў рабочы Сяргей Антончык, які ведаў праблемы рабочых значна лепей, чым гісторык Вялянцін Голубеў ці эканаміст Юрась Беленькі альбо журналіст Сяргей Навумчык. Іншае выглядала б недарэчным – гэтак сама, як дзіўна было б, калі б рабочы Сяргей Антончык, а не журналіст Ігар Гермянчук рэдагаваў газэту “Свабода”.

Таму ні пра якое “дыстанцыянаваньне” лідэраў рабочага руху ад апазыцыі ў 1991 годзе гаворка ісьці ня можа.

Пра тое, чаму красавіцкі страйк 91-га не дасягнуў тых мэтаў, якія мог бы дасягнуць, ўжо даводзілася пісаць раней.

У Беларусі масавыя пратэсты, справакаваныя эканамічным альбо сацыяльным абвастрэньнем – ніколі не прыводзілі да палітычных пераменаў

Тут адзначу адну заканамернасьць, якая яшчэ чакае сваіх дасьледчыкаў зь ліку палітолягаў і гісторыкаў: у найноўшай гісторыі Беларусі масавыя пратэсты, справакаваныя эканамічным альбо сацыяльным абвастрэньнем – ніколі не прыводзілі да палітычных пераменаў. Ці, калі хочаце -- да станоўчых палітычных пераменаў.

Гэта можа гучаць парадаксальна, але гэта – факт.

Вось некалькі прыкладаў.

Лета 1990 г.: з продажу зьніклі цыгарэты, сотні людзей перакрылі Ленінскі праспэкт у Менску. У адстаўку не былі адпраўлены чыноўнікі з гарадзкога ўпраўленьня гандлю.

Красавік 1991 г – агульнабеларускі страйк і стотысячныя мітынгі рабочых на плошчы Леніна ў Менску не дасягнулі палітычных мэтаў (эканамічныя спачатку задаволілі, але праз пару месяцаў цэны паднялі яшчэ болей).

1992 год – страйкавалі шахцеры Салігорску (калійныя ўгнаеньні, як вядома – важная экспартная галіна) – безвынікова.

1993 год – настаўнікі выйшлі да Дому ўраду патрабаваць падвышэньня заробку. Старшыня камісіі ВС па адукацыі Ніл Гілевіч настойліва прасіў дэпутатаў БНФ ня ўмешвацца і не навязваць палітычныя лёзунгі, бо патрабаваньні настаўнікаў выключна эканамічныя. Настаўнікі сваіх эканамічных патрабаваньняў не дамагліся.

Калі у ліпені 1994 году нарэшце “упаў” - кабінэт Кебіча ў Доме ўраду заняў А. Лукашэнка

Памятаю, як у 1992-1993 гадах некаторыя прагназавалі, што вось “надыдзе восень, падымуцца кошты, канчаткова зьнікне бэнзын” -- і ўрад Кебіча падзе (Паліўны крызыс сапраўды быў востры; каб паехаць у Беласток на сьвяткаваньне 75-ых ўгодкаў БНР, мне давялося запраўляць бак па асабістым распараджэньні на аўтазапраўку аж міністра – звычайна налівалі па 20 літраў на месяц). Восень надыходзіла, эканоміка горшала, а ўрад Кебіча ўсё ня падаў. Калі ж у ліпені 1994 году нарэшце “упаў” - кабінэт Кебіча ў Доме ўраду заняў А. Лукашэнка (і гэта яскравы прыклад, як хай і не эканамічная пратэстная акцыя, але сама эканамічная сытуацыя моцна паўплывала на палітычную зьмену. Ды вось толькі вынік...)

Увогуле, напрошваецца выснова: у дэмакратычных краінах эканамічныя масавыя выступы звычайна прыводзяць да аздараўляльных палітычных зьменаў (бо дзейнічае выбарчы мэханізм і збанкрутаваны ўрад замяняецца іншым), у аўтарытарных альбо дыктатарскіх – яны могуць быць скарыстаныя для яшчэ большага ўмацаваньня рэжыму.

А тэарэтычна – могуць мець наступствам і разбурэньне дзяржаваўтворных структур (гіпатэтычнае пытаньне: калі сёньня Пуцін выступіць з заявай і прапануе падставіць плячо братняму беларускаму народу і ўвесьці расейскі рубель, забясьпечаны залатавалютным рэзэрвам (адпаведна, з’явяцца даляры-эўра ў абменьніках) – які будзе расклад “за” і “супраць” сярод тых, каго палітолягі называюць "электаратам" ?).

Зрэшты, найноўшая беларуская гісторыя ведае і прыклады эфэктыўнасьці масавых акцыяў. Але тых, якія мелі палітычны, нацыянальна-дэмакратычны характар.

Пазьняк павёў іх ў Курапаты і тым самым прадухіліў заплянаваную ўладамі правакацыю і крывавы разгон.

30 кастрычніка 1988 году – людзі ідуць на «Дзяды», каб ушанаваць памяць рэпрэсаваных, тых, пра каго дзесяцігодзямі забаронена было ўзгадваць. Пазьняк павёў іх ў Курапаты і тым самым прадухіліў заплянаваную ўладамі правакацыю і крывавы разгон – і менавта гэтая акцыя была першай масавай акцыяй новаўтвораных у СССР нацыянальных рухаў, якая паказала прыклад мірнага супраціву. Яна дала новы імпульс працэсу, які потым атрымаў назву апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня.

Красавік і верасень 1989 году – БНФ выводзіць на вуліцы Менску некалькі дзесяткаў тысяч людзей на “Чарнобыльскі шлях”. ЦК КПБ вымушана нарэшце прызнаць наяўнасьць чарнобыльскай праблемы; распрацоўваецца праграма дапамогі пацярпелым.

Лістапад 1989 году – шматлюдны мітынг перад Домам ураду з патрабаваньнем прыняцьця дэмакратычнага закону аб выбарах. ВС БССР 11-га скліканьня вымушаны ўнесьці істотныя зьмены ў закон аб выбарах.

Люты 1990 – стотысячны мітынг БНФ на плошчы Леніна, калёна рушыць да тэлецэнтру і дамагаецца прамога тэлеэфіру для лідараў Народнага Фронту. Праз некалькі тыдняў БНФ праводзіць сваіх прадстаўнікоў у новы Вярхоўны Савет, якія ўжо на пачатку чэрвеня прапаноўваюць праект Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. 27 ліпеня Дэклярацыя (хаця і са зьменамі, ў ва "урэзаным" выглядзе ) прымаецца.

19-21 жніўня 1991 г. БНФ выводзіць спачатку некалькі сотняў, а потым некалькі тысячаў чалавек на плошчу Леніна ў Менску з пратэстам супраць антыканстытуцыйных дзеяньняў КГЧП і патрабаваньнем скліканьня нечарговай сэсіі ВС БССР. Прэзыдыюм ВС вымушаны склікаць сэсію.

24-25 жніўня 1991 г. Некалькі дзесяткаў тысяч мінчанаў і жыхароў рэгіёнаў Беларусі на заклік БНФ зьбіраюцца перад Домам ураду , каб падтрымаць дэпутатаў Апазыцыі БНФ у іх патрабаваньні абвясьціць незалежнасьць Беларусі і распусьціць КПБ-КПСС. 25 жніўня ў 20 гадзін 08 хвілінаў Беларусь робіцца незалежнай дзяржавай.

Сакавік 1996 – Беларускі Народны Фронт (на якім некаторыя палітолягі паставілі крыж, бо ніводнага з прадстаўнікоў БНФ у ВС-13 не прапусьцілі) – арганізоўвае адну за другой масавыя акцыі супраць падпісаньня беларуска-расейскіх пагадненьняў. Яны выліваюцца ў Вясну-96, якая, паводле ацэнкі Андрэя Дынько ў «Нашай Ніве», прадухіліла аншлюс з Расеяй.

Беларусы дамагаліся вынікаў, калі іх выводзіў на вуліцы не голад – а прага да свабоды, да волі, да Незалежнасьці.

Вядома, можна прыгадаць і выпадкі, і іх нямала -- і з 1990-ых гадоў, і з зусім нядаўняга часу, -- калі шматлюдныя акцыі, арганізаваныя БНФ ці іншымі партыямі з чыста палітычнымі патрабаваньнямі ня мелі палітычнага эфэкту.

Не прымаю зьдзеклівыя выказваньні пра “каўбасныя бунты” – людзі маюць права жыць годна і не эканоміць на прадуктах.

Аднак не магу прыгадаць ніводнага “сацыяльна-эканамічнага” пратэсту, які б меў палітычны эфэкт.

Беларусы дамагаліся вынікаў, калі іх выводзіў на вуліцы не голад – а прага да свабоды, да волі, да Незалежнасьці.

Можа быць, будучыня абвергне такую выснову, але гісторыя пакуль яе пацьвярджае.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG