Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Тур: «Рэзкая дэвальвацыя справакавала інфляцыю»


Андрэй Тур
Андрэй Тур
Інфляцыя ў Беларусі да канца году можа скласьці 133–139%, колькасьць малазабясьпечаных павялічыцца ўдвая, а ўрад прапануе замарозіць рост стаўкі першага тарыфнага разраду. Пра гэта сёньня паведаміў намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур, які выступіў на сумесным паседжаньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу.

Міністар эканомікі Мікалай Снапкоў, як паведамілі дэпутатам, знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Кітаі. Таму агульную характарыстыку эканамічна-фінансавага становішча ў Беларусі зрабіў Андрэй Тур:

«Калі казаць шчыра, то сытуацыя досыць складаная. У нас рэзкая дэвальвацыя справакавала інфляцыю. І прычым інфляцыю досыць вялікую. Да канца году, калі сытуацыя на валютным рынку будзе стабільная (Нацбанк абяцае валютны калідор у 10–12%), то тады інфляцыя складзе, у залежнасьці, хто што прагназуе, дзесьці 133–139%».

Гэта ў чатыры разы больш за тое, што абяцаў урад, калі заяўляў пра магчымы рост інфляцыі за ўвесь 2011 год у межах 108–109%.

Захады па сацыяльнай абароне насельніцтва, пра якія таксама сёньня распавёў Андрэй Тур, відавочна, стратаў насельніцтва цалкам ніяк не кампэнсуюць.
Тарыфную стаўку першага разраду вырашана не ўздымаць.

Да таго ж тарыфную стаўку першага разраду вырашана не ўздымаць. А гэтае абмежаваньне фактычна не дазваляе падвышаць заробкі бюджэтнікаў. Для іх, паводле спадара Тура, «уключаць мэханізм індэксацыі». Але гэтая дапамога, паводле разьлікаў Міністэрства эканомікі, складзе 130–170 тысяч рублёў на месяц, сказаў Андрэй Тур.

«Паводле нашых разьлікаў… журналісты прысутнічаюць, але ладна. Дык вось, нам вельмі важна, каб мы к канцу году па сутнасьці захавалі ўзровень рэальных нашых пакупных магчымасьцяў. І пэнсій, і заробкаў, і стыпэндый, якія былі на пачатку. Не павялічылі, а толькі хаця б захавалі».

Аднак і гэтыя разьлікі эканаміст Міхась Залескі называе «аптымістычнымі трызьненьнямі»:

«Што такое — 5% малазабясьпечаных?! Ды ў нас зараз ужо 45–50% малазабясьпечаных. Таму што калі паглядзець на структуру сямейнага бюджэту, то гэта тыя людзі, якія больш за тры чвэрці свайго бюджэту выдаткоўваюць на чыстае спажываньне — ежу і камунальныя плацяжы. І няхай кожны палічыць у сваёй хаце. Калі ў вас меней выходзіць, то вы ўжо забясьпечаны чалавек.

Другое — тое, што інфляцыя складзе 133–139%. Наколькі мне вядома, у нетрах гэтага міністэрства інфляцыю прагназавалі большую. Але ж ім пальчыкам прыгразілі з Адміністрацыі прэзыдэнта, каб яны многа не пісалі, не палохалі людзей. Глядзіце, рыс на 50% падаражэе, цукар — на 40%. І гэта ж не адна таварная пазыцыя. Усё будзе цягнуцца ўверх».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG