Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штайнмаер «рашуча» зьвярнуўся да Лукашэнкі


Франк-Вальтэр Штайнмаер

Франк-Вальтэр Штайнмаер

Старшыня сацыял-дэмакратычнай фракцыі нямецкага Бундэстагу, колішні кіраўнік МЗС Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, а таксама дэпутаты і сябры гэтай партыі Ута Цапф і Франц Цёнэс выказалі абурэньне ў сувязі з прысудам былым кандыдатам на прэзыдэнта Міколу Статкевічу і Дзьмітрыю Вусу, якія, паводле нямецкіх палітыкаў, не зрабілі нічога, акрамя рэалізацыі ўласнага права на свабоду думкі.

«Мы асуджаем несправядлівыя прысуды і патрабуем неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі», падкрэсьліваюць у сваёй заяве Ута Цапф і Франц Цёнэс (гэты палітык узяў шэфства над Міколам Статкевічам у рамках кампаніі, якую наладзіла праваабарончая арганізацыя Libereco).

Прысуды Міколу Статкевічу і Дзьмітрыю Вусу — гэта прысуды супраць дэмакратыі і свабоды, яны дэманструюць, што беларуская судовая ўлада ня ёсьць незалежнай. Праз гэтыя прысуды і ізаляцыю палітвязьняў, праз катаваньні і гвалт над уласнымі грамадзянамі беларускі рэжым імкнецца абмежаваць дэмакратычныя правы і свабоды.

Улады адмаўляюцца ад любога дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю і, такім чынам, ад асноўных прынцыпаў АБСЭ, пад якімі падпісаліся на саміце гэтай арганізацыі ў Астане летась у сьнежні«.

У сваю чаргу, старшыня сацыял-дэмакратычнай фракцыі Бундэстагу Франк-Вальтэр Штайнмаер падкрэсьліў, што прысуды Статкевічу і Вусу «цалкам непрымальныя». Паводле ягонай заявы, эўрапейцы ня могуць «мірыцца з дратаваньнем прынцыпаў вяршэнства закону і дэмакратыі ў цэнтры Эўропы», а таму «ЭЗ павінен ясна і недвухсэнсоўна прадэманстраваць, што ні ў якім выпадку не зьбіраецца цярпець такія паводзіны».

«Я рашуча зьвяртаюся да прэзыдэнта Лукашэнкі з заклікам вызваліць палітычных зьняволеных і не заганяць краіну яшчэ глыбей у эўрапейскую ізаляцыю», — адзначыў Франк-Вальтэр Штайнмаер.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG