Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 закладнікаў рэжыму


Беларускія суды правялі 13 працэсаў над апазыцыяй пасьля падзей 19 сьнежня мінулага году. Асудзілі 43 чалавек, зь іх 30 атрымалі розныя тэрміны турэмнага зьняволеньня, ад 2 да 6 гадоў, у тым ліку — тры экс-кандыдаты на прэзыдэнта. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызнаюць асуджаных за Плошчу вязьнямі сумленьня і патрабуюць іх неадкладнага вызваленьня.

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі рыхтуюць супольную ацэнку крымінальных працэсаў над удзельнікамі Плошчы. У сваіх высновах яны аднадушныя: працэсы носяць палітычны, перадузяты, неправавы характар. У прыватнасьці, праваабарончы цэнтар "Вясна" заявіў з нагоды гэтых працэсаў:

  • "Вынесеныя прысуды па крымінальных справах па частках 1, 2 артыкула 293 і артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца незаконнымі і павінны быць адменены ці перагледжаны.

  • Усе асуджаныя па гэтых крымінальных справах прызнаюцца намі палітычнымі вязьнямі. Праваабарончы цэнтар "Вясна" патрабуе іх неадкладнага вызваленьня".

Алег Волчак
У абгрунтаваньне гэтай высновы цэнтар "Вясна" прыводзіць прыклады, калі парушалася права палітвязьняў на абарону, не захоўваўся прынцып прэзумпцыі невінаватасьці, чыніліся катаваньні і іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня. У адзін голас праваабаронцы кажуць, што нельга было ў прынцыпе заводзіць справы за масавыя беспарадкі.

"Не было складу злачынства ва ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі, - кажа незалежны юрыст Алег Волчак. - Па-другое, мы бачылі і парушэньне права на абарону, і прымяненьне катаваньняў, недазволеных мэтадаў дазнаньня. Доказы здабываліся непрацэсуальным і незаконным чынам".

Увогуле, паводле спадара Волчака, ніякіх рэальных доказаў віны ўдзельнікаў Плошчы суды ня выявілі. Наадварот, у часе слуханьняў выявіліся шматлікія супярэчнасьці, падробкі доказаў, суды насілі неаб'ектыўны, абвінаваўчы характар, ігнаравалі довады абароны. Незразумела, чаму справа за Плошчу была разьбітая на асобныя працэсы. Пры гэтым за адны і тыя ж дзеяньні адных каралі штрафамі, а іншых — вялікімі турэмнымі тэрмінамі. Спадар Волчак спадзяецца, што асуджаныя за Плошчу не даседзяць адведзеныя ім тэрміны да канца.

Аляксей Кароль
Галоўны палітычны вынік працэсаў за Плошчу — выяўленьне сапраўднай сутнасьці рэжыму Лукашэнкі, — перакананы гісторык і палітоляг Аляксей Кароль:

"Гэта дыктатура, дакладней, таталітарны рэжым, як ён вызначаны ў клясычных яго формах, — сталінскай і нацыянал-сацыялісцкай, толькі ў новых умовах. Адрозьненьне — толькі ў маштабах: калі там ішоў лік на тысячы ахвяр, тут пакуль ідзе на дзясяткі і сотні".

Паводле спадара Караля, мэты хвалі рэпрэсіяў — застрашыць усіх, забараніць альтэрнатыўную думку і дыскусію, перасьцерагчы ад намэнклятурнага перавароту. На думку Аляксея Караля, 30 новых беларускіх палітвязьняў — гэта пэрсанальныя закладнікі Аляксандра Лукашэнкі, які, магчыма, паспрабуе імі гандляваць з Захадам.

Паўгода рэпрэсіяў і судовых працэсаў супраць апазыцыі — самы ганебны пэрыяд шматгадовага панаваньня ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, лічыць палітоляг Уладзімер Мацкевіч. Гэта страчаны для Беларусі час, мяркуе ён. Спадар Мацкевіч зазначае, што далей на сытуацыю ў Беларусі паўплывае народжаны цяперашняй уладай эканамічны крызіс:

Уладзімер Мацкевіч
"Невядома, як рэжым будзе выкручвацца з гэтага становішча, але відавочна, што добрых выхадаў у яго няма. Лета будзе мёртвым сэзонам, але калі ўвосень людзі вернуцца без заробкаў на непрацуючыя прадпрыемствы, яны здольныя будуць патрабаваць адказу ад кіраўніцтва краіны".

Уладзімер Мацкевіч кажа, што ўлада падрыхтавалася да масавых пратэстаў:

"Яна ня спыніцца перад выкарыстаньнем ня толькі спэцназу зь ягонай падрыхтоўкай да разгону мірных акцыяў пратэсту, але, можна чакаць, і перад ужываньнем зброі і вельмі жорсткім здушэньнем народнага супраціву".

Спадар Мацкевіч мяркуе, што каб пазьбегнуць крыві, апазыцыя павінна арганізавацца і прадстаўляць пратэстуючы народ для перамоваў з уладамі.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які застаецца падазраваным па справе за Плошчу, кажа, што ўлады Беларусі вярнуліся да мэтадаў 1937-га году. Але ён бачыць і падставы для аптымізму:

Анатоль Лябедзька
"Калі ўсё пакласьці на шалі, то я б сказаў, што сытуацыя — 50 на 50, дзе ёсьць пэсымізм і аптымізм, дзе ёсьць расчараваньне і надзея. А з пункту гледжаньня пэрспэктываў — гэта, відаць, самы спрыяльны час на працу зь людзьмі для апазыцыі, для прыхільнікаў пераменаў".

Анатоль Лябедзька не выключае два асноўныя варыянты далейшага разьвіцьця сытуацыі: вымушаная аўтарытарная мадэрнізацыя краіны і рэвалюцыйная зьмена цяперашняй улады і палітычнага курсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG