Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаянка на абцугі


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Лаянка на абцугі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:24 0:00



Вы будзеце сьмяяцца, але расейцы беларусам ізноў не браты. І ўжо які раз. Прынамсі, некаторыя. У Казахстане Лукашэнка абураўся расейскім міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым: "Раптам задэмакратызавалася кіраўніцтва Расеі. Быццам бы Лаўроў заявіў пра дэмакратыю, правы чалавека. Хто б казаў…"

Але з куды большай жарсьцю дала адлуп братэрскаму міністру фінансаў Аляксею Кудрыну "Советская Белоруссия". «Ніхто не чакае, што міністар фінансаў Расеі павінен быць Санта Клаўсам і маці Тэрэзай. Але чаму далёка ня самая ключавая ў гэтых перамовах фігура паводзіць сябе як сатрап, які абвясьціў чужы горад сваёй здабычай?..» - піша выданьне. Ну, і чарговы расповед пра тое, як хцівыя расейскія алігархі квапяцца на беларускае дабро.

Калі гэта шчыра, то такія філіпікі – сьведчаньне крайняга інфантыльнага ўтрыманства. Не Расея ні з пушчы ні з поля патрабуе ў Беларусі яе каштоўныя актывы, а Беларусь сьлёзна просіць у Расеі грошы ў надзвычай цяжкой сытуацыі. І афіцыйны Менск увязаўся ў чарговую «халодную вайну» з Захадам, пазбавіўшы сябе магчымасьці папрасіць грошы недзе яшчэ. І, зразумела, расейцы гэтым карыстаюцца, вылучаюць свае ўмовы. Цяжкія ўмовы, непрымальныя? Ну, дык нацыянальная годнасьць, пра якую так дбае афіцыёз, палягае ў тым, каб не прасіць у такіх кепскіх крэдытораў, а пашукаць іншых. Сьвет вялікі. А кухонная свара з лаянкай і крыкамі: «Вы нам павінны!» - сьведчыць пра што заўгодна, толькі не пра годнасьць.

Тым больш, што палымяныя пёры СБ не паведамляюць сваім чытачам яшчэ парачку чыньнікаў – што іншыя сур'ёзныя патэнцыйныя крэдыторы вылучаць умовы, падобныя на расейскія ці можа нават яшчэ больш жорсткія. Нявыкрутка.

Да таго ж журналісты СБ, нават у рангу сэнатараў – асобы яшчэ больш неключавыя ў перамовах, чым спадар Кудрын. І хіба што гэтым можна патлумачыць іх сапраўднае і ўяўнае неразуменьне сытуацыі. Расейскі міністар не казаў, што някепска Беларусі было б заплаціць уласнасьцю за расейскую шчодрасьць. Ён заявіў, што формула «крэдыт у абмен на прыватызацыю» ўжо ўзгодненая з беларускім бокам, што Менск на яе пагадзіўся. Калі ён хлусіць, то дастаткова было пра гэта паведаміць, гэта было б больш пераканаўча, чым любая лаянка. Ну а калі не, то гэта азначае, што гэта ня розуму журналістаў СБ справа, ёсьць начальства, якому відней, на што пагаджацца, а на што не. І калі беларускія «ключавыя фігуры» на перамовах на гэта пагадзіліся, то ізноў жа – у чым тады сэнс лаянкі і праклёнаў?

Хіба ў тым, што гэта – эмацыйнае выражэньне роспачы, рэакцыя на абцугі, якія няўмольна сьціскаюцца вакол афіцыйнага Менску. З Эўропы прэзыдэнт ЗША Абама абвяшчае пра новыя санкцыі (і ня выключана, што яны будуць ня толькі амэрыканскімі), з Усходу Лаўроў - пра правы чалавека, а Кудрын – пра ўмовы крэдыту. Намёк на магчымасьць вызваленьня палітвязьняў сьцісканьня гэтых абцугоў не спыніў. І Ўсход, і Захад ня толькі прымушаюць Менск саступаць, яны прымушаюць саступаць, не даючы магчымасьці нават захаваць твар.

І што ў гэтай сытуацыі застаецца, апрача лаянкі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG